Іван Антонавіч Гелда

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Іван Гелда
Іван Гелда
Іван Гелда.jpg
 
Партыя: Беларуская Незалежніцкая Партыя
Дзейнасць: палітык, ваенны
Нараджэнне: 1897 г.
Смерць: 1946 г.
Бацька: Антон Гелда
 
Ваенная служба
Род войскаў: БКА
Званне: маёр
Камандаваў: батальён «Дальвіц»
Беларускі батальён дапаможнай паліцыі
Бітвы:

Іван Гелда — дзеяч беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Адзін з кіраўнікоў Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП) і камандзір беларускага батальёна «Дальвіц».[1]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Іван Гелда нарадзіўся ў 1897 годзе ў беларускай сям’і на Сакольшчыне (Беласточчына). У 1914 годзе, маючы 17 гадоў і завысіўшы свой узрост на прызыўным пункце, сышоў ваяваць на фронт Першай сусветнай вайны супраць немцаў у складзе расійскай арміі. Даслужыўся да малодшага афіцэрскага звання. Пасля прыходу да ўлады ў Расіі бальшавікоў у кастрычніку 1917 г. Гелда далучыўся да белага руху і ваяваў супраць саветаў у складзе Паўночна-заходняй арміі пад камандаваннем генерала Мікалая Юдзеніча. Удзельнічаў у баях у Эстоніі і Петраградзе. На пачатку снежня 1919 г. перавёўся ў корпус пад кіраўніцтвам Станіслава Булак-Балаховіча, калі той пачаў беларусізацыю свайго войска. У сакавіку 1920 г. удзельнічаў у бітве за Мазыр. Пасля завяршэння войн застаўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

З сярэдзіны 1920-х і па канец 1930-х гг. быў адным з кіраўнікоў падпольнага Беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі. Быў актыўным сябрам таемнай Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У студзені 1927 г. Іван Гелда быў арыштаваны польскай паліцыяй за антыпольскую прапаганду разам з яшчэ некалькімі актывістамі партыі. Аднак невядома колькі гадоў турмы Гелда атрымаў за гэта. Ёсць звесткі, што Іван Гелда быў сябрам падпольнай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

У студзені 1939 г. Іван Гелда разам з Васілём Лукашыкам прыняў удзел у з’ездзе сяброў Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў Баранавічах, на якім разам з усімі вырашаў пытанні дзейнасці партыі на выпадак вайны, а таксама абмяркоўваў падрыхтоўку да антыпольскага паўстання, якое павінна было прайсці ў верасні 1939 г. Прыняць удзел у паўстанні ён не змог, бо быў арыштаваны польскай паліцыяй адразу пасьля выбуху вайны. Увосень 1939 г. перабіраецца на тэрыторыю Польшчы, акупаваную немцамі, каб уратавацца ад НКВД.

У ліпені 1941 г. Гелда вярнуўся ў Беласток і працаваў рэферэнтам мясцовага Беларускага камітэта. У лістападзе разам з Васілём Лукашыкам ўдзельнічаў у з’ездзе «грамадоўцаў» ў Мінску, якіх склікаў камандзір гарадской дапаможнай паліцыі — Юльян Саковіч. На сходзе было прынята рашэнне рыхтавацца да ўзброенага выступу ў выпадку вяртання савецкай улады, а таксама пачаць супрацоўніцтва з акупацыйнай адміністрацыяй з мэтай атрымання дапамогі і прыкрыцця. На з’ездзе таксама была створана таемная Беларуская Народная Грамада. Пасля сходу Гелда вярнуўся ў Беласток.

У 1943 г. Гелда атрымаў званне капітана і быў прызначаны камандзірам Беларускага батальёна дапаможнай паліцыі, які налічваў тады 120 чалавек. У маі 1944 г. Гелда разам з яшчэ больш чым 20 байцамі Беластоцкага беларускага батальёна быў арыштаваны Гестапа па абвінавачванні ва ўдзеле ў тайнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. Вызвалены з турмы напрыканцы чэрвеня 1944 г. Міхась Белямук успамінае, што «адзін з гестапаўцаў угледзеў Гелду і сказаў яму забіраць знаёмых хлапцоў і мужчын. Гелда не ведаў, які лёс іх чакае, але інструкцыю гестапаўца выканаў, сабраў вакол сябе даволі вялікую колькасць асоб. Пачалі заяжджаць грузавікі, у якія грузілі людзей і вывозілі. Групу, дзе быў Гелда, не пагружалі ў грузавікі, але адчынілі турэмную браму і адпусцілі на волю». Праз некалькі дзён Іван Гелда вяртаецца ў батальён, дзе яго замяняў Сяргей Матысік, і аддае загад сваім афіцэрам і жаўнерам ісці ў Белавежскую пушчу з мэтай антысавецкай партызанкі, што часткова было выканана.

Далей Гелда быў падвышаны ў званні да маёра БКА і на пачатку ліпеня 1944 г. едзе ва Усходнюю Прусію каб там стаць камандзірам дэсантнага батальёна «Дальвіц», нядаўна сабранага з беларусаў для падрыхтоўкі партызанскай барацьбы ў Беларусі супраць саветаў. Барыс Рагуля, які ў той час таксама быў у гэтым батальёне, успамінае: «Я мала ведаў маёра Гелду. Ён быў даволі высокі, здаровы, тып афіцэра – прамалінейны, праўдзівы, як што трэба сказаць. Любіў выконваць і даваць загады. Па ранзе ён быў малодшы Родзькі, але Гелда быў старэйшы векам. Гэта быў просталінейны патрыёт, афіцэр. «Загад выконваю, загад даю і ён мусіць быць выкананы»».

У 1945 г. Гелда быў уведзены ў склад Беларускай Цэнтральнай Рады. У лютым прыбыў у Берлін, а на пачатку красавіка прысутнічаў на з’ездзе Беларускай Незалежніцкай Партыі. На прапанову грамадоўцаў перабрацца на Захад, Іван Гелда адказаў: «Я хачу прысвяціць усё сваё жыццё збройнай барацьбе за вызваленне Беларусі». У маі батальён «Дальвіц» быў абкружаны чэшскімі партызанамі, і Гелда аддаў загад беларускім ваенным скласці зброю.

Дакладна невядома, калі і пры якіх абставінах маёр Іван Гелда трапіў у рукі чэкістаў, аднак ужо ў чэрвені 1945 г. ён дае паказанні супрацоўнікам НКВД. 22 мая 1946 г. савецкі суд прыгаварыў маёра Гелду да смяротнай кары. Праз некалькі дзён (дакладная дата невядомая) Гелда быў публічна павешаны на цэнтральнай плошчы Беластока.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3
  • Беларускі нацыянальны рэзыстанс у гады Другой сусьветнай вайны, Пагоня, 1995, № 33, 1-7.09, № 34, 8-14.09, № 36, 29.09-5.10, № 37, 6-12.10.
  • Романько О. В. Белорусские коллаборационисты. Сотрудничество с оккупантами на территории Белоруссии, 1941—1945. — М.: Центрполиграф, 2013. — 479 с.