Перайсці да зместу

Інгерманландская вайна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іжорская вайна
Бітва пад Ноўгарадам
Бітва пад Ноўгарадам
Дата 1610–1617
Месца Расія
Вынік Сталбоўскі мір
Змены

Швецыя вяртае Ноўгарад і Гдоў

Расія саступае Іжору і Кексгольмскі лен
Праціўнікі
Расійскае царства

Паплечнік: Данія-Нарвегія

Шведская імперыя
Камандуючыя

Інгерманландская вайна ці Шведская інтэрвенцыя, Іжорская вайна (шведск.: Ingermanländska kriget) паміж Шведскай імперыяй і Расійскім царствам доўжылася паміж 1610 і 1617 гг. Яе можна разглядаць як частку Смутнага часу Расіі, якая ў асноўным запомнілася спробай пасадзіць на расійскі трон шведскага герцага. Вайна скончылася тэрытарыяльным узмацненнем Швецыі, што паслужыла пачаткам для эпохі яе велічы, і вяртаннем старажытных рускіх гарадоў да Расіі (Сталбоўскі мір)[1].

Падчас Смуты Васіль Шуйскі быў абложаны ў Маскве прыхільнікамі Лжэдзмітрыя II. Даведзены да адчаю польскай інтэрвенцыяй, ён заключыў саюз са шведскім каралём Карлам IX, які таксама вёў вайну супраць Польшчы. Цар абяцаў саступіць крэпасць Карэла Швецыі ў якасці кампенсацыі за ваенную падтрымку супраць Лжэдзмітрыя II і палякаў[2]. Шведскі палкаводзец Якаб Дэлагардзі злучыўся з расійскім палкаводцам Міхаілам Скопіным-Шуйскім і рушыў з Ноўгарада ў бок Масквы, каб даць дапамогу цару.

Умяшанне Швецыі ў расійскія справы дало польскаму каралю Жыгімонту III Вазе падставу аб’явіць вайну Расіі. Палякі ўступілі ў бой з аб’яднанымі руска-шведскімі войскамі ў бітве пад Клушыной і знішчылі большую частку расійскіх сіл. Шведскія найміты, якія ўдзельнічалі ў паходзе Дэлагардзі (ліпень 1610 г.), здаліся. Бітва мела сур’ёзныя наступствы для Расіі, бо цар быў скінуты баярамі, а палякі занялі маскоўскі Крэмль.

У ліпені 1611 г. шведскія экспедыцыйныя сілы пад камандаваннем Якаба Дэлагардзі захапілі Ноўгарад. Наўгародцы прасілі шведскага караля паставіць ім манархам аднаго з яго сыноў (Карла Філіпа або Густава Адольфа).

Тым часам шведскі прастол заняў Густаў Адольф. Малады кароль Швецыі вырашыў падтрымаць прэтэнзіі свайго брата на расійскі трон і не адмовіўся ад гэтай задумы нават пасля таго, як у 1612 г. у выніку патрыятычнага паўстання палякі былі выгнаны з Масквы, а на прастол узышоў Міхаіл Фёдаравіч, першы цар з дому Раманавых[2].

У той час як шведскія дзяржаўныя дзеячы планавалі стварыць трансбалтыйскае валадарства, якое працягвалася б на поўнач да Архангельска і на ўсход да Волагды, Дэлагардзі і іншыя шведскія вайскоўцы, якія ўсё яшчэ ўтрымлівалі Ноўгарад і Інгрыю, разглядалі вайну як рэакцыю на тое, што іх сілы не атрымалі аплаты за сваю дапамогу падчас кампаніі Дэлагардзі.

У 1613 г. шведскія войскі рушылі да Ціхвіна і аблажылі горад, але былі адбіты. Аднак вярнуць Ноўгарад у выніку контрнаступлення рускіх не атрымалася. Рускі цар адмовіўся пусціць свае войскі ў бой, і вайна працягвалася да 1614 г., калі шведы захапілі Гдоў.

У наступным годзе яны аблажылі Пскоў, але расійскія генералы Марозаў і Бутурлін трымаліся да 27 лютага 1617 года[3], калі Сталбоўскі дагавор пазбавіў Расію выхаду да Балтыйскага мора і перадаў Швецыі правінцыю Інгрыю з мястэчкамі Івангорад, Яма, Капор’е, Нотэбург. Ноўгарад і Гдоў павінны былі быць вернуты Расіі.

У выніку вайны Расія не мела доступу да Балтыйскага мора прыкладна на стагоддзе, нягледзячы на яе настойлівыя намаганні пераламаць сітуацыю[2]. Гэта прывяло да ўзмацнення значэння Архангельска ў гандлёвых сувязях з Заходняй Еўропай.

  1. Nina Ringbom. Ingermanländska kriget. historiesajten.se.
  2. а б в Fajfrić, Željko (2008). Ruski carevi (1. izd ed.). Sremska Mitrovica: Tabernakl. ISBN 9788685269172. OCLC 620935678.
  3. Стрижова, И. М. (2007). Великая русская смута: причины возникновения и выход из государственного кризиса в XVI–XVII вв. М.: Даръ. ISBN 9785485001230. OCLC 230750976.