Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ
Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ (з кастрычніка 1990 — Інстытут гісторыка-палітычных даследаванняў) — навукова-даследчая ўстанова ў структуры былой Кампартыі Беларусі ў 1929—1991 гадах.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Папярэднікам інстытута была камісія (Гістпарт пры ЦБ КП(б)Б), створаная ў 1921 годзе для збору, вывучэння і выдання дакументаў і матэрыялаў па гісторыі КП(б)Б і рэвалюцыйнага руху на Беларусі. У 1929 годзе пераўтворана ў Інстытут гісторыі партыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі пры ЦК КП(б)Б. Меў аспірантуру. У 1937—1938 многія навуковыя супрацоўнікі рэпрэсіраваны, інстытут ліквідаваны. У 1945 годзе адноўлены.
У 1991 годзе інстытут перададзены ў падпарадкаванне Галоўархіва Рэспублікі Беларусь і пераўтвораны ў Беларускі навукова-даследчы цэнтр дакументазнаўства і рэтраінфармацыі. Партыйны архіў інстытута стаў асновай Нацыянальнага архіва Рэспубпікі Беларусь.
Структура
[правіць | правіць зыходнік]У пасляваенныя гады ў структуру інстытута ўваходзілі сектары:
- гісторыі партыі;
- партыйнага будаўніцтва;
- перакладаў;
- падрыхтоўкі і выдання прац па гісторыі барацьбы беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў;
- партыйны архіў,
- навуковая бібліятэка,
- Дом-музей I з’езда РСДРП.
Пасля перабудовы ў 1990 меў аддзелы:
- гісторыі Кампартыі Беларусі і палітычных партый сацыялістычнай арыентацыі;
- тэорыі грамадскага развіцця і сучаснай палітыкі партыі;
- рэдакцыйна-выдавецкі.
Спецыялізаваны савет інстытута прымаў да абароны кандыдацкія і доктарскія дысертацыі па гістарычных навуках. Пры інстытуце працаваў Беларускі рэспубліканскі савет па каардынацыі распрацоўкі гісторыі КПСС і КПБ.
Кірункі працы
[правіць | правіць зыходнік]Асноўныя кірункі работы: гісторыя рэвалюцыйнага руху на Беларусі, роля ў ім бальшавіцкіх арганізацый, інш. партый, утварэнне КПБ і БССР, арганізатарская і ідэалагічная дзейнасць КПБ на розных этапах, грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя на тэрыторыю рэспублікі, нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі, удзел беларускага народа ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Другой сусветнай вайны.
Кіраўнікі
[правіць | правіць зыходнік]У розны час інстытут узначальвалі:
- А. А. Сянкевіч;
- В. А. Сербента;
- П. В. Саевіч;
- І. А. Раманчук (в.а.);
- М. А. Ляўкоў;
- С. У. Поссе[1] (да 9 жніўня 1937 года)[2];
- Я. Р. Пузыроў (в.а.);
- І. С. Чымбург;
- Ф. А. Новікава (з 1950 года)[3];
- М. М. Мяшкоў;
- Н. В. Каменская;
- М. Ф. Капіч (1969—1975);
- І. М. Ігнаценка;
- Р. П. Платонаў.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).