Іван Дзям’янавіч Рудчык

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з І. Дз. Рудчык)
Іван Дзям’янавіч Рудчык
Дата нараджэння 7 (20) студзеня 1908
Месца нараджэння
Дата смерці 22 сакавіка 2000(2000-03-22) (92 гады)
Месца смерці
Месца працы
Жанр станковы жывапіс[d]
Вучоба
Мастацкі кірунак рэалізм
Член у
Узнагароды

Iван Дзям’янавіч Рудчык (7 (20) студзеня 1908, в. Дабратычы, Бяла-Падляскі павет, Люблінскае ваяводства — 22 сакавіка 2000, Брэст) — беларускі жывапісец.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Iван Дзям’янавіч Рудчык нарадзіўся ў вёсцы Дабратычы Бяла-Падляскага павета Люблінскага ваяводства (Польшча; за 10 км ад Брэста). Украінец, з сялян. Атрымаў сярэднюю агульную адукацыю ў польскай школе[1].

У дзяцінстве, калі ішла Першая сусветная вайна, у 1915 годзе эвакуіраваны з роднымі ў г. Благавешчанску ва Уфімскай губерні, адкуль сям’я вярнулася на радзіму ў 1919 годзе. З маленства ведаў сялянскую працу — дапамагаў бацькам, пасвіў кароў. У той жа час пачаў капіраваць розныя малюнкі з паштовак. Безумоўна, нейкі ўплыў на юнака аказаў родны дзядзька, які быў іканапісцам. У 1928−1929 гадах працаваў маляром на станцыі Брэст-Палескі[1].

У 1930—1931 гадах праходзіў службу ў Войску Польскім. У 1931—1932 гадах вучыўся ў Кракаўскай школе прыгожых мастацтваў Альфрэда Тарлецкага. У 1932—1934 гадах працаваў прадаўцом у сельскім кааператыве. 1934—1935 гады правёў у польскай турме за прыналежнасць да КПЗБ. У 1935—1939 гадах ізноў працаваў маляром на станцыі Брэст-Палескі. Першая карціна маладога мастака «Пратэст вязняў КПЗБ» была прададзена ў 1936 годзе, а пакупніком стала Варшаўская міжнародная арганізацыя дапамогі пралетарыяту. Цяпер гэта карціна ў фондзе Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея[2].

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР працаваў у 1939—1940 гадах перакладчыкам Дзяржархіва НКУС. У 1940—1941 гадах інспектар у Брэсцкай абласной канторы нарыхтзбожжа. З 1940 года вучыўся ў Мінску. Калі выбухнула Вялікая Айчынная вайна, Iван Рудкоўскі з сям’ёй знаходзіўся ў Брэсце. У 1942—1943 гадах працаваў маляром у Брэсцкім рачным порце[1]. У час вайны быў звязаны з падполлем, потым перайшоў у партызанскі атрад пад камандаваннем В. Чапігі. Выконваў баявыя заданні, удзельнічаў у выданні партызанскай газеты «Народныя мсціўцы», вёў дзённік партызанскага злучэння. З набліжэннем фронту ў красавіку 1944 года атрымаў заданне перайсці Буг і працягваць барацьбу на тэрыторыі Польшчы[2].

Пасля вайны Iван Дзям’янавіч жыў у Брэсце. У 1945—1946 гадах працаваў цэнзарам на цэнтральнай пошце Брэста. У 1946—1968 гадах мастак Брэсцкіх мастацка-вытворчых майстэрняў, у творчай групе пры абласным Доме народнай творчасці побач з мастакамі Iванам Фяцісавым, Пятром Данеліяй, Мікалаем Аўсяннікавым, Васілём Шыкіным, Эдуардам Куфко, Мікалаем Чурабам[2].

Вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, Маскоўскім мастацкім інстытуце імя Сурыкава (у педагогаў У. Фаворскага і П. Паўлінава). Дыпломная работа — ілюстрацыя да рамана М. Астроўскага «Як гартавалася сталь» — была набыта Музеем выяўленчага мастацтва імя А. С. Пушкіна[2].

З 1949 года — член Саюза мастакоў СССР. Адзін з заснавальнікаў філіяла Саюза мастакоў (1946), а потым — Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза мастакоў БССР, нейкі час узначальваў абласную арганізацыю[2].

Вёў педагагічную дзейнасць у Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце[2].

У мастацкіх выстаўках (абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных) удзельнічаў з 1945 года. Таксама адбылося 15 персанальных выстаў, апошняя — да 90-годдзя жывапісца ў Брэсцкай выставачнай зале адкрыта 1 красавіка 1998 г[2].

Памёр 22 сакавіка 2000 года[2].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Iван Рудчык працаваў у галіне станковага жывапісу (сюжэтна-тэматычная карціна, пейзаж, партрэт). Сярод твораў: «Гаворыць Масква» і «Пераход партызан» (1949), «Белавежская пушча» (1952), «Крывавы золак, 22 чэрвеня 1941 года» (1954), «Партызанскія агні» (1967), «Не забудзем!» і «Лясная крэпасць» (1974), «Ля сцен Брэсцкай крэпасці» (1976), «Лясныя волаты» (1978), «У вогненным кальцы» (1980), «Песні партызан» і «Раніца» (1982), «На мірных прасторах» (1985), «Хлябы Прыбужжа» (1986)[2].

Творы Iвана Рудчыка адметныя выразнасцю каларыту, дэталізацыяй выявы. Палітра яго сціплая, гарманіруе з навакольнай прыродай, яму найлепш удаюцца лірычныя пейзажы. Iван Дзям’янавіч глядзеў на свет яснымі вачыма дзіцяці, быццам і не было ваеннага ліхалецця, цяжкіх пасляваенных гадоў. У яго быў унікальны вопыт жыцця ў мастацтве, скразной лініяй праз ягоную творчасць заўсёды праходзіла партызанская тэма[2].

" Нашае старэйшае пакаленне — рэалісты. I я глыбока перакананы, што менавіта гэты кірунак у выяўленчай творчасці найболшьш зразумелы народу. Хаця і кажуць, што мастацтва можа быць розным, я — супраць нерэалістычнага падыходу. Сярод моладзі ёсць таленавітыя жывапісцы, але я не заўсёды магу іх зразумець. Я не вораг новага, але іншы раз зашмат рамеснікаў, якія проста прэтэндуюць на выключнасць, не маючы для гэтага падставаў…[2] "

Лепшыя творы Iвана Рудчыка набываліся Мастацкім фондам і Міністэрствам культуры БССР, знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі імя А. В. Суворава, Музеі Беларускага Палесся ў Пінску, у прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы[2].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Медаль «За перамогу над Германіяй» (9 сакавіка 1946); Медаль «За адвагу» (№ 419926, 23 лістапада 1966); Медаль «50 гадоў Узброеных сіл СССР» (1 лістапада 1969); Медаль «За доблесную працу» (7 красавіка 1970); Медаль «XX гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне» (1 мая 1965); баявым «Партызанскім крыжам» ПНР (№ уд.137-71-129, 17 верасня 1971); Медаль «За доблесць і адвагу ў Вялікай Айчыннай вайне» (1973); Нагрудны знак «25 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне»; Ордэн «Айчыннай вайны» II ступені (14 сакавіка 1985).

Узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве»[2].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]