Перайсці да зместу

Аляксандр Іосіфавіч Крукоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Іосіфавіч Крукоўскі
Дата нараджэння 23 лютага 1901(1901-02-23)
Месца нараджэння
Дата смерці 2 жніўня 1945(1945-08-02) (44 гады)
Месца смерці
Месца працы
Альма-матар
Партыя

Аляксандр Іосіфавіч Крукоўскі (23 лютага 1901, в. Загалле, Любанскі раён, Мінская вобласць — 2 жніўня 1945, ГУЛАГ) — беларускі геолаг, этнограф і гісторык.

Нарадзіўся ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Загальскай царкоўнапрыходскай школе. Пасля паступіў у Слуцкае духоўнае вучылішча, якое скончыў на выдатна, але царкоўным служыцелем не стаў, бо марыў працаваць на асветніцкай ніве. Настаўнічаў у сваёй вёсцы, потым вучыўся на курсах беларусазнаўства ў Мінску. У Мазыры выкладаў беларускую мову і літаратуру, працаваў у акруговым аддзеле народнай асветы. Ён быў адным з найбольш актыўных ініцыятараў разгортвання краязнаўчага руху на Мазыршчыне. На працягу некалькіх гадоў узначальваў праўленне акруговага таварыства краязнаўства, якое было найлепшым у рэспубліцы. Таварыства налічвала 39 мясцовых краязнаўчых аб’яднанняў, у якіх было звыш 1100 членаў[1].

Вялікую ўвагу А. I. Крукоўскі надаваў збіранню вуснай народнай творчасці і матэрыялаў для геаграфічных і дыялектных слоўнікаў. Гэтая работа пачалася ў канцы 1926 г. Ён склаў інструкцыю па збіранні матэрыялаў для геаграфічнага слоўніка «Мазыршчына», якая была разаслана ва ўсе раённыя краязнаўчыя таварыствы. Слоўнік павінен быў зафіксаваць і даць поўнае апісанне ўсіх паселішчаў на тэрыторыі акругі, урочышчаў, пагоркаў, нізін, рэк, азёр, сажалак, майстэрняў, лесапільняў, помнікаў і г. д. Праўленне таварыства атрымала 320 апрацаваных у адпаведнасці з інструкцыяй картак, праз год — яшчэ 362. Яшчэ больш масавы характар набыло збіранне матэрыялаў для дыялектнага слоўніка. Пад канец 1927 г. праўленне таварыства мела картатэку, у якую было ўнесена 20 135 дыялектных слоў. А. I. Крукоўскі прыступіў да складання і ў лістападзе 1928 г. слоўнік Мазыршчыны на 10 тысяч слоў паступіў у Слоўнікавую камісію Інстытута беларускай культуры. Друкаванне яго было адкладзена, а рукапіс згубіўся ў час Вялікай Айчыннай вайны[1].

У чэрвені 1930 г. Крукоўскага перавялі ў Менск на пасаду намесніка дырэктара Інстытута геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР, ён займаўся даследаваннем прыродных рэсурсаў Беларусі, пераважна Прыпяцкага Палесся. Вынікам гэтай дзейнасці з’явіўся шэраг навуковых прац і краязнаўчых артыкулаў — «Жалезная руда на Мазыршчыне», «Карысныя выкапні», «Вапняковыя пароды Мазыршчыны», «Горад Мазыр і яго ваколіцы», «Тураў і яго ваколіцы» і іншыя[1].

У 1935 г. А. I. Крукоўскі працаваў дырэктарам Інстытута геалогіі і гідрагеалогіі, затым інжынерам-кансультантам ва Упраўленні воднай гаспадаркі БССР. Член ВКП(б) (да 1935).

Пражываў у кватэры № 2 Дома спецыялістаў па вул. Савецкай у Менску. Быў жанаты, гадаваў дзіця[2].

Арыштаваны 8 снежня 1936 ва ўласнай кватэры. Асуджаны «тройкай» НКУС 30.11.1937 за «контррэвалюцыйную дзейнасць» да 10 гадоў ППК. Этапаваны, хутчэй за ўсё, ва Ухта-Пячорскі, затым Ухта-Іжэмскі альбо Пячорскі канцлагеры НКУС Комі АССР[2]. 3 1937 г. ён — геолаг-разведчык на будаўніцтве чыгункі ў Бурат-Манголіі[1].

Загінуў 2 жніўня 1945 года ў зняволенні. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 30.5.1956. Асабовая справа К. № 5949-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі[2].

  • Германовіч, І. Аляксандр Крукоўскі / І. Германовіч // Роднае слова. — 2001. — № 2. — С. 36.
  • Карпіевіч, В. І. Даследчык роднага краю/В. І. Карпіевіч // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Любанскага р-на. — Мн., 1996. — С.128-129.

Зноскі

  1. а б в г Аляксандр Іосіфавіч Крукоўскі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 ліпеня 2020. Праверана 15 ліпеня 2020.
  2. а б в КРУКОЎСКІ Аляксандр Іосіфавіч // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.