Прыпяцкае Палессе

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Прыпяцкае Палессе (2001)
Прыпяцкае Палессе (1977)

Прыпяцкае Палессе — фізіка-геаграфічны раён Беларускага Палесся.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Раён размешчаны на поўдні Беларусі, ва ўсходняй частцы Брэсцкай, заходняй часткі Гомельскай, на поўдні Мінскай і крайнім паўднёвым захадзе Магілёўскай абласцей. Мяжуе з Брэсцкім Палессем і Загароддзем на захадзе, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на поўначы, Гомельскім Палессем і Мазырскім Палессем на ўсходзе і паўднёвым усходзе, Жытомірскім Палессем і Валынскім Палессем на поўдні.

Працягласць з захаду на ўсход ад 140 да 220 км, з поўначы на поўдзень ад 105 да 140 км. Плошча больш за 20 тыс. км². Вышыня 127—140 м, найбольшая 186 м (на захад ад в. Чалюшчавічы Петрыкаўскага раёна).[1]

У пасляледавіковы перыяд Прыпяцкае Палессе ўяўляла сабой агромністы водны басейн, запоўнены талымі ледавіковымі водамі, які пазней атрымаў назву «Палескае мора». На сярэднявечных картах гэтыя месцы пазначаліся як Герадотава мора, таму што старажытнагрэчаскі гісторык упамінаў у сваіх працах непраходныя палескія балоты.

Геалагічная будова[правіць | правіць зыходнік]

У тзктанічных адносінах цэнтральная і ўсходняя часткі Прыпяцкага Палесся прымеркаваны да Прыпяцкага прагіну, часткова — да Палескай седлавіны. Асадкавы чахол у Прыпяцкім прагіне (магутнасць пераважна 1,5—2,6 км) утвораны адкладамі верхняга пратэразою, палеазою, мезазою і кайназою, сярод якіх больш развіты верхнедэвонскія саляносныя тоўшчы; на Палескай седлавіне (магутнасць 0,4—0,6 км) пераважна складзены з парод верхняга пратэразою, мелу, палеагену і неагену.

Чацвярцёвыя адклады (магутнасць 10—20 м на поўдні і ў цэнтры, 50—70 м на поўначы, да 80—100 м на захадзе) — азёрныя, балотныя, алювіяльныя, эолавыя, водна-ледавіковыя. Марэна бярэзінскага зледзянення трапляецца на паўночным усходзе, дняпроўскага і сожскага — на крайнім паўночным захадзе. На невялікіх плошчах (у раёне г. Столін, в. Глушкавічы Лельчыцкага раёна Гомельскай вобл.) і на асобных фрагментах рачных далін на паверхню выходзяць дачацвярцёвыя адклады.

Карысныя выкапні: гліны тугаплаўкія, мел, каалін, будаўнічы і абліцовачны камень, будаўнічыя пяскі, калійныя і каменная солі, буры вугаль, торф, сапрапель.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Нізінная тэрыторыя ўяўляе сабой сістэму алювіяльных, поймавых, азёрна-алювіяльных раўнін з участкамі водна-ледавіковых і марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі. Характэрна наяўнасць буйных затарфаваных балотных масіваў і рэшткавых азёр. Мінімальная вышыня рэльефу 113 м прымеркавана да ўрэзу р. Прыпяць у сутоках з р. Пціч, найбольшая 155—186 м — да краявых марэнных утварэнняў.

Азёрна-алювіяльныя раўніны вылучаюцца на паўночным захадзе з азёрамі Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае і інш. з адноснымі перавышэннямі паверхні 0,5—1,5 м; уздоўж р. Арэса і вакол возера Чырвонае з адноснымі вышынямі 1—2 м (зрэдку трапляюцца пясчаныя ўзгоркі вышынёю да 5 м); паміж рэкамі Сцвіга і Убарць у шыротным напрамку з ваганнямі адносных вышынь 0,3—0,5 м.

Водна-ледавіковыя раўніны маюць хвалістую паверхню з нахілам у бок р. Прыпяць, з адноснымі вышынямі ад 1,5 да 3—5 м, ускладненую ланцугамі дзюн або асобнымі марэннымі ўзгоркамі. Каля г.п. Лагішын і в. Парахонск Пінскага р-на Брэсцкай вобласці дэнудаваныя краявыя ледавіковыя грады і ўзгоркі, згладжаныя і выцягнутыя ў субшыротным напрамку.

Размытыя краявыя ледавіковыя грады (адносныя перавышэнні 8—10 м, радзей 15—20 м) захаваліся каля г.п. Акцябрскі і г. Петрыкаў, в. Мілевічы і Вятчын Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобласці.

Даліна ракі Прыпяць

У даліне р. Прыпяць пойма і дзве надпоймавыя тэрасы. Пойма нізкая, забалочаная, паверхня ўскладнена пясчанымі грывамі (вышыня 0,5—1 м, шырыня 30—40 м, даўжыня 0,2—1,5 км). Першая надпоймавая тэраса акумулятыўная, шырынёю ад 1—2 км да 8 км (на левабярэжжы), у месцах упадзення найбольшых прытокаў да 10—18 км. Паверхня роўная, месцамі забалочаная. Другая тэраса эразійна-акумулятыўная, шырынёй ад 0,2—0,5 км да 18 км. Паверхня плоска-хвалістая з перавышэннямі 3—5 м, характэрны астанцы марэннай раўніны. Абедзве тэрасы ўскладнены эолавымі формамі.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Сярэдняя тэмпература студзеня -5,5°С, ліпеня 18,3°С, ападкаў 632 мм за год (паводле даных Палескай балотнай станцыі).

Унутраныя воды[правіць | правіць зыходнік]

Галоўныя водныя і дрэнажныя артэрыі — р. Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-гі, Пціч, Трэмля, Іпа, Стыр, Гарынь, Сцвіга з Маствой, Убарць. Найбольшыя азёры: Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Белае. Вадасховішчы: Салігорскае (часткова), Лактышы, Пагост. Разгалінаваная сетка меліярацыйных каналаў, Агінскі канал.

Высокі ўзровень грунтавых вод і пастаяннае забалочванне абумоўлена недастатковай гушчынёй гідралагічнай сеткі. Істотнае значэнне маюць талыя і дажджавыя воды, якія часта выклікаюць разводдзі (да катастрафічных). У гэты перыяд пад'ём вады ў р. Прыпяць дасягае 4—5 м (радзей 6—7 м), Гарыні — 3,5—4,5 м. Шырыня разліваў у р. Прыпяць 5—15 км, да 25 км, яе прытокаў у сярэднім каля 3 км. Перыяд разводдзяў доўжыцца 40—90 дзён.

Глебы і расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

Для глебавага покрыва характэрна частая змена дзярнова-падзолістых, дзярновых забалочаных і тарфяна-балотных глеб. Трапляюцца глебы дзярнова-глеістыя, поймавыя (алювіяльныя) і інш.

Гэты раён характарызуецца высокай забалочанасцю мясцовасці, добрай захаванасцю прыродных комплексаў. Лясістасць высокая (ад 32% у Пінскім раёне да 56% у Жыткавіцкім і 69% у Лельчыцкім), пераважаюць хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя лясы, дубровы. Пад балотамі 23% тэрыторыі, больш як 1/3 з іх асушаны. Пад ворывам 30% тэрыторыі.

Ахова прыроды[правіць | правіць зыходнік]

У межах Прыпяцкага Палесся размешчаны нацыянальны парк Прыпяцкі, заказнікі Прастыр, Стрэльскі, Сярэдняя Прыпяць, Альманскія балоты і інш.

Зноскі

  1. М. Шышонак (2001)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Шышонак М. Прыпяцкае Палессе // БЭ ў 18 т. Т. 13. Мн., 2001.