Аляксандр Генадзьевіч Рацькоў-Ражноў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Аляксандр Генадзьевіч Рацькоў-Ражноў
Alexander G. Ratkov-Rozhnov.jpeg
Слуцкі павятовы маршалак
1892 — 1897
Папярэднік: Аляксей Уладзіміравіч Даненштэрн
Пераемнік: Аляксандр Аляксандравіч Урусаў
Мінскі губернскі маршалак
1897 — 1904
Папярэднік: Васілій Іванавіч Паўлаў
Пераемнік: Аляксандр Сяргеевіч Далгаво-Сабураў (1851–пасля 1917)
 
Адукацыя:
Дзейнасць: палітык
Веравызнанне: праваслаўны
Нараджэнне: 17 жніўня 1858(1858-08-17)
Смерць: 23 верасня 1930(1930-09-23) (72 гады)
Пахаванне:
Род: Рацьковы-Ражновы
Бацька: Генадзь Аляксандравіч Рацькоў-Ражноў (1826—1897)
Жонка: Марыя Аляксандраўна Кожына (1866—?)
Дзеці: Надзея (нар.25.02.1887), Сяргей (03.09.1888—1930), Наталля (10.09.1894), Генадзь (31.08.1901—1987)
 
Аўтограф: Ratkov-Rozhnov Aleksander autograph 1900.JPG
 
Узнагароды:

ордэн Святога Станіслава 2 ступені (1891), ордэн Святой Ганны 2 ступені (1894), срэбны медаль на Аляксандраўскай стужцы ў памяць царавання імператара Аляксандра III (1896), ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені (1896), срэбны медаль для нашэння ў пятліцы Андрэеўскай стужкі ў памяць свячэннага каранавання расійскага імператара Мікалая II (1896), цёмнабронзавы медаль на стужцы з дзяржаўных кветак за працу па першым усеагульным перапісу народанасельніцтва Расійскай імперыі (1897), ордэн Святога Уладзіміра 3 ступені (1902), знак адрознення "24 лістапада 1866 года" за пазямельнае ўладкаванне былых дзяржаўных сялян (1903), ордэн Святога Станіслава 1 ступені (1911), уласна падараваны імператарскі партрэт Мікалая II (1911), медаль "У памяць 100-годдзя Айчынай вайны 1812 года" (1912), медаль "У памяць 300-годдзя царавання дома Раманавых" (1913), ордэн Святой Ганны 1 ступені (1914), медаль расійскага таварыства Чырвонага крыжа

Аляксандр Генадзьевіч Рацькоў-Ражноў (руск.: Александр Геннадьевич Ратьков-Рожнов), 17 чэрвеня 1858, Санкт-Пецярбург — 23 верасня 1930, Сент-Жэнеўеў-дэ-Буа, Францыя, — слуцкі павятовы маршалак (прадвадзіцель дваранства) (1892—1897), мінскі губернскі маршалак (1897—1904), дэпутат IV Дзяржаўнай Думы (1912—1917) Расійскай імперыі.

Паходжанне і сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў з Кастрамской губерні Расійскай імперыі і належаў да рускага праваслаўнага дваранскага роду Рацьковых-Ражновых. Нарадзіўся 17 чэрвеня 1858 у сям'і рускага праваслаўнага двараніна Генадзя Аляксандравіча Рацькова-Ражнова (1826—1897), які скончыў Марскі кадэцкі корпус, служыў марскім афіцэрам, пазней быў выканаўчым дырэктарам параходнага таварыства «Самолёт» на Волзе.

Аляксандр Генадзьевіч Рацькоў-Ражноў ажаніўся з дачкой адстаўнога гвардыі штабс-ротмістра Марыяй Аляксандраўнай Кожынай (1866—?), ад якой меў дзяцей: Надзея (нар.25.02.1887); Сяргей (03.09.1888—1930), конны грэнадзёр, штабс-ротмістар Экспедыцыйнага корпуса рускіх войск у Францыі; Наталля (нар.10.09.1894); Генадзь (31.08.1901—1987). Жонка і дзеці былі рускімі і праваслаўнымі. Быў пляменнікам расійскага сенатара Уладзіміра Аляксандравіча Рацькова-Ражнова.

Служба ў Дэпартаменце мытных збораў[правіць | правіць зыходнік]

Пасля сканчэння навучання ў імператарскім Аляксандраўскім ліцэі ў Санкт-Пецярбургу, з чынам ІХ класа загадам па Міністэрству ўнутраных спраў ад 7 чэрвеня 1880 паступіў на службу ў Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі (з залічэннем да яго з 17 мая 1880).

17 верасня 1881 паводле ўласнага прашэння пераведзены ў Дэпартамент мытных збораў памочнікам экзекутара і казначэя. 7 мая 1882 прызначаны на пасаду малодшага памочніка начальніка Падліковага стала гэтага Дэпартамента. Па прычыне ўходу столаначальніка ў адпустку Аляксандр Рацькоў-Ражноў быў дапушчаны да выканання абавязкаў столаначальніка, якія і выконваў з 28 мая па 21 ліпеня 1883. Паводле загаду Сената Расійскай імперыі ад 3 снежня 1883 за выслугу гадоў атрымаў чын калежскага асэсара (з адлікам з 2 ліпеня 1883). Па прычыне камандзіроўкі столаначальніка ў Маскву Рацькоў-Ражноў зноў выконваў абавязкі столаначальніка з 15 сакавіка 1884. 5 красавіка 1884 прызначаны на пасаду старшага памочніка столаначальніка Дэпартамента мытных збораў.

Служба ў Імператарскім Санкт-Пецярбургскім Выхавальным доме[правіць | правіць зыходнік]

1 мая 1884 паводле ўласнага прашэння Аляксандр Рацькоў-Ражноў быў пераведзены на службу ў Імператарскі Санкт-Пецярбургскі Выхавальны дом з прызначэннем выканання абавязкаў памочніка загадчыка вучэбнай справы Выхавальнага дома, на 4-месячны пробны тэрмін з 1 мая 1884. Выконваў абавязкі загадчыка вучэбнай справы з 15 чэрвеня па 15 жніўня 1884. 20 верасня 1884 зацверджаны на пасадзе памочніка загадчыка вучэбнай справы Выхавальнага дома (з адлікам службы з дня дапушчэння на пробны тэрмін, г.зн. з 1 мая 1884). Выконваў абавязкі загадчыка вучэбнай справы з 15 ліпеня 1884 на працягу 15 дзён. З дазволу прынцэсы Яўгеніі Максіміліянаўны Ольдэнбургскай 21 красавіка 1884 прызначаны на пасаду дырэктара аддзялення дарослых Санкт-Пецярбургскага дома міласэрнасці (з захаваннем пасады і службы ў Выхавальным доме). Указам Сената Расійскай імперыі ад 14 чэрвеня 1888 за выслугу гадоў атрымаў чын надворнага саветніка са старшынствам (з адлікам з 2 чэрвеня 1888). Загадам уласнай канцылярыі расійскага імператара Аляксандра III ад 24 снежня 1888 Аляксандру Рацькову-Ражнову аб'яўлена афіцыйна падзяка за асаблівыя заслугі, аказаныя Імператарскаму Санкт-Пецярбургскаму дому міласэрнасці на пасадзе дырэктара аддзялення дарослых гэтага дома. Выконваў абавязкі загадчыка вучэбнай справы Санкт-Пецярбургскага Выхавальнага дома з 5 ліпеня па 27 жніўня 1889 і з 1 лютага 1890 па 1 лютага 1891. Указам Сената Расійскай імперыі ад 8 кастрычніка 1890 за выслугу гадоў атрымаў чын калежскага саветніка са старшынствам (з адлікам з 2 чэрвеня 1890). З 1 лютага 1891 быў пакінуты на агульных падставах па-за штатам Імператарскага Санкт-Пецярбургскага Выхавальнага дома з-за скасавання (паводле імператарскага загаду ад 23 студзеня 1891) пасады памочніка загадчыка вучэбнай справы.

На службе ў канцылярыі імператрыцы[правіць | правіць зыходнік]

Загадам уласнай канцылярыі расійскага імператара Аляксандра III па ўстановах імператрыцы Марыі ад 27 сакавіка 1891 Аляксандр Рацькоў-Ражноў быў прылічаны да гэтай канцылярыі (з адлікам з 19 лютага 1891). За асаблівыя заслугі, аказаныя Імператарскаму Санкт-Пецярбургскаму дому, 20 жніўня 1890 атрымаў ордэн Святога Станіслава 2 ступені. Паводле ліста міністра ўнутраных спраў Расійскай імперыі да Галоўнага кіраўніка ўласнай канцылярыі расійскага імператара Аляксандра III па ўстановах імператрыцы Марыі, Аляксандр Рацькоў-Ражноў з 20 снежня 1891 быў часова камандзіраваны ў канцылярыю міністра ўнутраных спраў (з захаваннем службы ў канцылярыі расійскага імператара Аляксандра III па ўстановах імператрыцы Марыі). У 1892 атрымліваў 1 800 рублёў жалавання, а таксама — 500 рублёў на канцылярскія і 200 рублёў на праяздныя патрэбы.

На пасадзе Слуцкага павятовага маршалка (1892—1897)[правіць | правіць зыходнік]

Пасля таго як слуцкі павятовы маршалак (1878—1892) і старшыня слуцкай павятовай установы па сялянскім справам (1878—1892) Аляксей Уладзіміравіч Даненштэрн падаў у адстаўку з-за разладжанага здароўя, 18 верасня 1892 Аляксандр Рацькоў-Ражноў паводле распараджэння кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі быў прызначаны на пасаду слуцкага павятовага маршалка (прадвадзіцеля дваранства) і старшыні слуцкай павятовай установы па сялянскім справам, і 29 кастрычніка 1892 афіцыйна заступіў на пасаду. 5 сакавіка 1893 паводле імператарскага рэскрыпта на імя цэсарэвіча атрымаў імператарскую падзяку, у шэрагу іншых асоб, выконваўшых даручэнні Асаблівага камітэта. Пастановай Рады імператарскага чалавекалюбівага таварыства ад 10 мая 1893 Аляксандр Рацькоў-Ражноў быў зацверджаны на пасадзе старшыні Слуцкага папячыцельнага камітэта аб бедных (паводле выбрання на трохгоддзе з 7 лютага 1893). 30 жніўня 1894 атрымаў ордэн Святой Ганны 2 ступені. Указам Сената Расійскай імперыі ад 22 верасня 1894 за выслугу гадоў атрымаў чын стацкага саветніка са старшынствам (з адлікам з 2 чэрвеня 1894).

Імператарскім загадам па Міністэрству юстыцыі Расійскай імперыі ад 22 чэрвеня 1895 Аляксандр Рацькоў-Ражноў быў зацверджаны ў званні ганаровага міравога суддзі Слуцкай акругі. Па даручэнні Міністэрства народнай асветы Расійскай імперыі ад 6 лютага 1896 Папячыцель Віленскай навучальнай акругі аб'явіў Аляксандру Рацькову-Ражнову ўдзячнасць міністра народнай асветы «за спачувальныя адносіны да народнай адукацыі». 26 лютага атрымаў срэбны медаль на Аляксандраўскай стужцы ў памяць царавання імператара Аляксандра III. 14 мая 1896 атрымаў ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені, 20 жніўня 1896 — срэбны медаль для нашэння ў пятліцы Андрэеўскай стужкі ў памяць свячэннага каранавання расійскага імператара Мікалая II, а ў 1897 — цёмнабронзавы медаль на стужцы з дзяржаўных кветак за працу па першым усеагульным перапісу народанасельніцтва Расійскай імперыі. Імператарскім загадам па грамадзянскаму ведамству ад 7 чэрвеня 1896 быў на пасаду ганаровага міравога суддзі Слуцкай акругі на трохгоддзе з 1 красавіка 1896.

На пасадзе Мінскага губернскага маршалка (1897—1904)[правіць | правіць зыходнік]

Імператарскім загадам па грамадзянскаму ведамству ад 13 студзеня 1897 Аляксандр Рацькоў-Ражноў быў прызначаны на пасаду мінскага губернскага маршалка (губернскага прадвадзіцеля дваранства). Імператарскім загадам па грамадзянскаму ведамству ад 27 лютага 1898 быў прызначаны на пасаду ганаровага міравога суддзі Мінскай акругі на трохгоддзе з 1 красавіка 1898, а загадам ад 11 ліпеня 1899 — на пасаду ганаровага міравога суддзі Мінскай і Слуцкай акруг на трохгоддзе з 1 красавіка 1899. 6 снежня 1899 атрымаў чын сапраўднага стацкага саветніка, 1 студзеня 1902 — ордэн Святога Уладзіміра 3 ступені. Міністэрствам фінансаў 16 студзеня 1902 быў зацверджаны на пасаду члена ўлікова-пазыковага камітэта Мінскага аддзялення Дзяржаўнага банка Расійскай імперыі па сельска-гаспадарчым прадметам. Пастановай Рады імператарскага чалавекалюбівага таварыства ад 30 мая 1902 Аляксандр Рацькоў-Ражноў быў зацверджаны на пасадзе ганаровага папячыцеля Слуцкага папячыцельнага камітэта аб бедных (з вызваленнем ад пасады старшыні гэтага камітэта).

У 1902 Аляксандр Рацькоў-Ражноў быў выбраны гласным Рыбінскай павятовай земскай управы (Яраслаўская губерня) на трохгоддзе 1901—1904. Імператарскім загадам па грамадзянскаму ведамству ад 23 жніўня 1902 быў прызначаны на пасаду ганаровага міравога суддзі Мінскай і Слуцкай акруг на трохгоддзе з 1 красавіка 1902. 11 жніўня 1903 атрымаў ад расійскага імператара Мікалая II права нашэння заснаванага 3 лютага 1869 знака адрознення «24 лістапада 1866 года» за пазямельнае ўладкаванне былых дзяржаўных сялян. Указам Сената Расійскай імперыі зацверджаны на пасадзе ганаровага міравога суддзі Рыбінскай акругі на трохгоддзе 1903—1905.

Імператарскім загадам па грамадзянскаму ведамству ад 8 ліпеня 1904 Аляксандр Рацькоў-Ражноў быў (паволе ўласнага прашэння) звольнены з пасады мінскага губернскага маршалка (губернскага прадвадзіцеля дваранства), але за ім была пакінута пасада ганаровага міравога суддзі Мінскай і Слуцкай акруг.

У часы руска-японскай вайны (1904—1905)[правіць | правіць зыходнік]

У часы руска-японскай вайны быў упаўнаважаным пры санітарна-лячэбным атрадзе Яраслаўскага губернскага земства на Далёкім Усходзе.

На службе яраслаўскага дваранства[правіць | правіць зыходнік]

З'яўляўся выбаршчыкам ад яраслаўскага дваранства на выбарах у Дзяржаўны савет імперыі. З 1908 быў прадстаўніком Яраслаўскага губернскага земства ў Савете па справах мясцовай гаспадаркі Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі.

З 1909 быў членам Савета міністра фінансаў і членам Маскоўскага аддзялення Дзяржаўнага дваранскага зямельнага банка па выбары дваран Яраслаўскай губерні. Таксама ўвайшоў у склад рады Злучанага банка і, па запрашэнні міністра фінансаў, рады Дваранскага зямельнага банка (з 1909). Быў членам Рады Санкт-Пецярбургскага Ольгінскага дзіцячага прытулка (з 1909).

Дэпутатам у IV Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі (1912—1917)[правіць | правіць зыходнік]

У 1912 Аляксандр Рацькоў-Ражноў быў выбраны дэпутатам у IV Дзяржаўную Думу (1912—1917) Расійскай імперыі ад Яраслаўскай губерні на з'ездзе землеўласнікаў. Уваходзіў у Фракцыю цэнтра, быў таварышам (г.зн. намеснікам) старшыні бюро фракцыі. У 1915 увайшоў у склад Прагрэсіўнага блока партыйных фракцый у Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі. Стаў членам многіх камісій і дакладчыкам камісій: па выкананні дзяржаўнага роспісу прыбыткаў і выдаткаў, бюджэтнай, фінасавай.

Падчас Першай сусветнай вайны быў выбраны ў Асобную раду па забеспячэнні палівам шляхоў зносін, дзяржаўных і грамадскіх устаноў і прадпрыемстваў, працуючых для мэт дзяржаўнай абароны.

У часы Лютаўскай рэвалюцыі (1917)[правіць | правіць зыходнік]

Пасля падзення царскай улады ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі Аляксандр Рацькоў-Ражноў знаходзіўся ў Петраградзе і 5 сакавіка 1917 увайшоў у склад Часовага камітэта Дзяржаўнай думы (ЧКДД). 8 сакавіка 1917 быў выбраны Фракцыяй цэнтра Дзяржаўнай думы ў члены Савета старэйшын, а з 24 сакавіка 1917 быў камісарам ЧКДД і Часовага ўрада па Марыінскаму прытулку для ампутаваных і пакалечаных ваенных. Пасля ўзначальваў (з канца сакавіка 1917) камісію па забеспячэнні пакалечаных ваенных пратэзамі і (27 сакавіка — 11 лістапада 1917) камісію для разгляду хадайніцтваў аб выдзяленні грашовай дапамогі пацярпелым ад рэвалюцыі.

Жыццё ў эміграцыі ў Францыі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Кастрычніцкага перавароту (кастрычнік 1917) эміграваў у Францыю. Асеў у Парыжы, дзе ўвайшоў у склад Саюза рускіх дваран і страшынстваваў (1929) на яго сходах. Таксама ў Парыжы Аляксандр Генадзьевіч Рацькоў-Ражноў увайшоў у склад Аб'яднання былых выхаванцаў Аляксандраўскага імператарскага ліцэя.

Апошнія гады свайго жыцця правёў у Рускім доме Сент-Жэнеўеў-дэ-Буа (Францыя). Быў пахаваны ў Сент-Мішэль-сюр-Орж (Францыя), а пасля перапахаваны на могілках Сент-Жэнеўеў-дэ-Буа.

Маёнткі[правіць | правіць зыходнік]

Калі Аляксандр Генадзьевіч Рацькоў-Ражноў займаў пасаду мінскага губернскага маршалка (прадвадзіцеля дваранства), за ім лічыліся ўласныя набытыя маёнткі Чырвоны Рацькоў (974 дзесяціны зямлі), Старына Старобінская (989 дзесяцін), Гаўрыльчыцы (560,52 дзесяціны) у Слуцкім павеце Мінскай губерні.

Меў таксама маёнтак у 245 дзесяцін зямлі ў Рыбінскім павеце Яраслаўскай губерні.

Знешнія спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]