Антандруй

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Антандруй
(Antandroy)
Агульная колькасць 1336000 (2024 г.)
Рэгіёны пражывання Мадагаскар
Мова малагасійская
Рэлігія культ продкаў, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя малагасійцы

Антандру́й (малаг.: Antandroy, літаральна «людзі калючых зараснікаў») — этнічная група малагасійцаў. Насяляюць паўднёвы Мадагаскар. Агульная колькасць — 1 336 000 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню ў еўрапейскай літаратуры звесткі аб антандруй з’явіліся ў 1729 г. Паводле вуснай традыцыі, яны прыйшлі на поўдзень Мадагаскара толькі ў XVIII ст. і знішчылі кіруючую тут дзяржаву дынастыі Андрыяманьярэ. Антандруй не мелі адзінай дзяржаўнасці, але аб’ядноўваліся разам пад час ваенных сутычак з суседзямі.

Назва групы паходзіць ад калючай расліны Mimosa delicatula, якой антандруй абсаджвалі свае паселішчы. Лісцем і парасткамі кармілі зебу, ялкавыя плады ўжывалі ў ежу самі. Акрамя таго, расліна Mimosa delicatula абараняла паселішчы ад уварвання ворагаў.

Антандруй з поспехам вытрымалі ваенны ўціск з боку бара і мерына, але да 1911 г. былі заваяваны французамі. Для забеспячэння кантролю над гэтым рэгіёнам французская адміністрацыя ўвезла з Мексікі паразітаў, якія амаль знішчылі расліну Mimosa delicatula, што ў выніку прывяло да значнага скарачэння пагалоўя зебу і голада сярод мясцовых насельнікаў. Пасля абвяшчэння незалежнасці Мадагаскара ў 1960 г. улады прымаюць захады для аднаўлення насаджэнняў гэтай расліны.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйна антандруй займаліся жывёлагадоўляй, разводзілі зебу. Быў пашыраны крадзеж свойскай жывёлы. Земляробства адыгрывала дапаможную ролю. У ежу ўжываліся пераважна мяса і клубняплоды, а не рыс і рыба, як у астатніх малагасійцаў. У наш час мужчыны займаюцца адыходніцтвам, працуюць у іншых рэгіёнах Мадагаскара.

Размаўляюць на дыялекце тандруй малагасійскай мовы.

Большасць антандруй прытрымліваецца традыцыйных рэлігійных вераванняў. Асаблівую ролю маюць пахавальныя культы і культ продкаў. На пахаваннях старых людзей забараняецца плакаць. Пахавальныя абрады працягваюцца даволі доўга, прычым значную частку жывёлы нябожчыка забіваюць для сілкавання прысутных. Пахаванні суправаджаюцца песнямі і танцамі.

Таксама распаўсюджана хрысціянства (20 %).

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]