Аракал

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Аракал
малаял.: അറയ്ക്കൽ രാജവംശം
Сцяг ў XVIII ст.
Сцяг ў XVIII ст.
1545 — 1819

Сталіца Айікара
Форма кіравання манархія

Арака́л (малаял.: അറയ്ക്കൽ രാജവംശം) — гістарычная дзяржава на паўднёвым захадзе паўвострава Індастан (15451819 гг.)

Назва дзяржавы паходіць ад горада Аракал (зараз вёска Айікара ў Керале), дзе ў 1545 г. усталявалася дынастыя алі-раджаў. Згодна паданням, яе заснавальнік Мухамад Алі-раджа быў нашчадкам тамільскай дынастыі Чэра па матчынай лініі, або атрымаў уладу выпадкова, калі выратаваў мясцовую прынцэсу і ажаніўся з ёй. Алі-раджа быў тытулам кіраўнікоў па мужчынскай лініі. Жанчыны-кіраўнікі насілі тытул алі-беяў. У вонкавым свеце тытул валадароў Аракала вызначаўся як султаны. Дзяржаўнай рэлігіяй з'яўляўся іслам, але большасць насельніцтва спавядала індуізм.

Развіццё дзяржавы Аракал адбывалася ў вострай канкурэнцыі з партугальскімі, англійскімі, французскімі і галандскімі каланізатарамі. Падпарадкаванне Лакадыўскіх астравоў дазволіла алі-раджам на некаторы час усталяваць кантроль над гандлёвымі зносінамі ў Аравійскім моры і стаць пасрэднікамі ў гандлі паміж поўднем Індыі і еўрапейскімі кампаніямі. Мухамад Алі-раджа падтрымліваў саюзныя адносіны з імперыяй Вялікіх Маголаў і ўзначальваў ваенны флот магольскіх імператараў. У XVIII ст. алі-раджы фармальна прызнавалі сваю залежнасць ад уладароў Майсура. У 1763 г. пры падтрымцы майсурскага флота яны захапілі Мальдыўскія астравы.

Саслабленне Майсура ў выніку войн з Брытанскай Ост-Індскай кампаніяй у 17671799 гг. вымусіла алі-раджаў шукаць падтрымку з боку Асманскай Порты. З 1780 г. Аракал прыняў бок Брытанскай Ост-Індскай кампаніі. У 1819 г. алі-раджы перадалі кіраванне сваёй дзяржавай брытанцам наўзамен на фінансавую падтрымку, хаця захавалі тытул султанаў і да нашых дзён вызначаюць сябе як адзіныя манархі Кералы.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]