Архітэктура Мірскага замка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мірскі замак

Архітэктура Мірскага замка - архітэктурныя асаблівасці ўнікальнага помніка беларускай нацыянальнай культуры, шэдэўра беларускай архітэктуры[1], які ўваходзіць у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА, адзін з нацыянальных сімвалаў[2][3].

Агульнае апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Замак уяўляе сабой квадратны ў плане будынак з выступаючымі па вуглах магутнымі вежамі вышынёй каля 25 метраў. Пятая, заходняя вежа, з'яўляецца брамнай, і калісьці мела пад'ёмны мост праз шырокі роў. Таўшчыня сцен дасягала 3 метраў пры вышыні каля 13 м, а добра прадуманая сістэма з двух шэрагаў байніц забяспечвала кругавы абстрэл (пазней, пры будаўніцтве палаца, шматлікія байніцы замянілі скляпеністымі вокнамі). Шырокія сутарэнні замка ўтвараюць складаную і шырокую сістэму дапаможных памяшканняў, па плошчы праўзыходную наземную частку будынка ў некалькі разоў. Сувязі паміж абарончымі вежамі па сценах і баявых галерэях былі арганізаваны так, каб заблытаць упершыню трапіўшага туды чужаніцу[4].

У пластычным афармленні замка выкарыстаны простыя, але характэрныя для беларускай готыкі выяўленчыя сродкі: гатычная муроўка (чаргаванне тычка і лажка) з умураванымі камянямі і выкарыстаннем клінкернай цэглы, падзел сцен разнастайнымі па форме атынкаванымі нішамі, арваментальныя цагляныя паясы[5].

Багацце і разнастайнасць архітэктурных дэталяў Мірскага замка, яго маляўнічасць, у яшчэ большай ступені ўзмацняліся каляровым афармленнем. Унутраныя плоскасці ніш, цяг і паясоў былі абтынкованы ў белы колер, што ў спалучэнні з цёмначырвонай фактурай асноўнага поля цагляных сцен і цёмнымі плямамі амбразураў, у значнай ступені спрыяла выразнасці яго архітэктуры[6]. Некаторыя даследчыкі лічаць, што арнаментальнае аздабленне Мірскага замка, таксама, як арнамент народнага адзення, было заклікана адагнаць злых духаў і абараніць гаспадароў ад злога лёсу[7].

У такім спалучэнні фарбаў, у багацці і разнастайнасці архітэктурных дэталяў адбілася высокае мастацтва яго стваральнікаў — беларускіх майстроў-будаўнікоў, якія здолелі зрабіць замак запамінальным збудаваннем, у якім магутныя абарончыя прылады не падкрэсліваюцца, а насупраць, як бы адводзяцца на другі план[6].

Нягледзячы на арыгінальнасць аблічча Мірскага замка, па сваёй схеме ён некалькі нагадвае так званы канвентскі дом — тып цагляных замкаў-манастыроў, які склаўся ў канцы XIII-XIV стагоддзяў у Паўночнай Польшчы і Прыбалтыцы. Блізкія па кампазіцыі да Мірскага замка манастырскія крэпасці Украіны, Малдавіі, Румыніі[8].

Асаблівасці архітэктуры сцен[правіць | правіць зыходнік]

Сцены Мірскага замка мелі тры яруса бою, што з'яўляецца адметнасцю замка. Ніжнюю частку сцен праразалі гарматныя байніцы падэшвавага бою ў выглядзе прасторных камер (печур). Гэты ярус агню быў вельмі магутным: у паўночнай і ўсходняй сценах было зроблена па дзевяць байніц, у паўднёвай — восем, а ў заходняй — пяць. Сярэдні ярус бою ішоў у сярэдзіне сцен прыблізна на вышыні 8 м ад зямлі. Ён меў выгляд калідора-галерэі вышынёй ледзь больш 2 м з паўцыркульным зборам. У абедзвюх сценках галерэі былі шматлікія байніцы. Верхні ярус — гэта баявая пляцоўка, змесцаваная на самым верху сцяны. Яе затулялі парапеты з байніцамі[9]. Завяршаліся сцены прастакутнымі зубцамі; на адной са сцен захаваліся машыкулі[10].

Сцены палаца і замка пастаўлены на масіўных падмурках, якія маюць глыбіню залажэння каля 4-4,5 метра. Падмуркі выкладзены з буйнага каменя каля 1 м у папярочніку на вапнавым растворы з пяском і талчонай цэглай у якасці запаўняльніка. Ніжнія часткі замкавых сцен і веж выкладзены змяшаным мурам. Камяні размешчаны гарызантальнымі шэрагамі. Прамежкі паміж камянямі запоўнены цэглай. Цэгла ў гэтым муры служыць для выраўноўвання пасцелі. Памеры камянёў уверх памяншаюцца. Вышыня змяшанага мура ў вежах вагаецца ад 1,2 метра на фасаднай сцяне галоўнай вежы, да 7,3 метра ў паўднёва-усходняй. У замкавых сцен яна дасягае вышыні 8 метраў. Верхнія часткі сцен і веж выкладзены запар з цэглы. Цэгла цёмна-чырвонага колеру, вельмі трывалая, на адной пасцелі мае падоўжныя разоры. Такая цэгла добра вядома па шматлікіх помніках і завецца Літоўскай. Пераважны памер цэглы 10Х15Х30 см, аднак сустракаецца цэгла памерам 10X14X28 і 9X15X30 см[11]. Важыла такая цэгла каля 6 кг[12].

Сама сцяна складаецца з трох пластоў — двух вонкавых, выкладзеных змяшаным мурам, паміж якімі выраблена забутовка дробным каменем і цагляным боем на вапнавым цесце. Гэты прыём выдатна сябе апраўдаў — забутоўка і раствор з часам ператварыліся ў суцэльны маналіт вялікай трываласці. Перавязка цаглянага мура ў Мірскім замку ажыццяўляецца чаргаваннем у кожным гарызантальным шэрагу тычка з лажком. Па вертыкалі кожны тычок знаходзіцца паміж лажкамі сумежных шэрагаў[13].

Асабліва арыгінальна зроблена прылада сярэдняга бою замкавых сцен. Усе чатыры сцены на вышыні каля 9 метраў ад зямлі праразаліся падоўжаным калідорам, перакрытым цыліндрычным зборам. У абедзвюх сценах калідора былі прарэзаны шматлікія стрэльбавыя байніцы. Калідор злучаў паміж сабою ўсе вежы[14].

Па перыметры сцен на вышыні каля 8 м ад зямлі праходзіць арнаментальны цагляны пояс шырынёй каля 70 см з шасці радкоў цаглянага мура. Некаторыя цагліны маюць клеймы цагельнікаў[15]. Верхні і ніжні шэрагі — цэгла, пакладзеныя на кут у выглядзе традыцыйнага парэбрыка. Паміж імі праходзіць паласа заглыбленага мура. Гэты пояс, пабелены вапнай, выразна вылучаўся на чырвоным фоне цаглянай сцяны, як і іншы арнаментальны пояс, які ўпрыгожваў самы яе верх[16].

Для дасягнення выразнасці кампазіцыі будаўнікі актыўна ўжывалі папраўкі на аптычныя ілюзіі - курватуры. Так, для адэкватнага візуальнага ўспрымання формы замка ўсе працяглыя сцены паміж абарончымі вежамі злёгку выгнуты ў плане. Выключэнне складае толькі заходняя сцяна, у якой прыбудаваная да яе ўязная вежа падзяляе яе на два кароткіх участкаў, што пазбаўляе ад неабходнасці ўносіць аптычныя ўдакладненні[17].

Значная ўвага ў Мірскім замку надавалася гігіене і цывілізаванасці задавальнення санітарных запатрабаванняў першых уладальнікаў замка. Дзве нішы і скразная адтуліна для сцёку вады на адным з участкаў паўночнай сцяны можа быць тлумачана як сляды лазні, якая пасля была разбурана пры пабудове палаца. Наяўнасць такога збудавання ў той час мела ўнікальную з'яву. Таксама ў замку меўся туалет, які не адрозніваўся асаблівасцямі канструкцыі і уяўляў сабой звычайны эркер, які навісаў над вонкавай гранню паўночнага ўчастку заходняй сцяны і размяшчаўся зверху побач з турмой, адзіная вентыляцыйная адтуліна з якой як раз выходзіла да месца скіду брыдот[18].

У Мірскім замку захавалася і да цяперашняга часу дзейнічае сістэма скіду ліўневых сцёкаў з тэрыторыі двара. Яна ўяўляе сабой два дожджапрымальніка ў заходняй абарончай сцяне (абапал ад уязной вежы), да якіх вядуць сцёкавыя канавы, утвораныя рэльефам каменнага брукавання. Месца для замкавай студні абрана побач з адной з іх, зблізку дожджапрымальніка. У гэтым месцы маюцца заглыбленні для лакалізацыі і вываду са двара сцёкаў ад эксплуатацыі студні[18].

Асаблівасці архітэктуры вежаў[правіць | правіць зыходнік]

Акцэнт у мастацкім афармленні Мірскага замка быў зроблены на вежах. Архітэктурная апрацоўка іх фасадаў будуецца на чаргаванні рознай формы і велічыні дэкаратыўных ніш і арнаментальных паясоў[5]. Гэты прыём меў шырокае распаўсюджанне ў беларускай архітэктуры XVI ст.франтонах Сынковічскай і Маламажэйкаўскай цэркваў). Нягледзячы на тое, што ўсе пяць веж Мірскага замка стылістычна і канструктыўна вельмі блізкія адна да адну, ніводная з іх не паўтарае другую[6].

Паўночна-ўсходняя вежа

Усе вежы маюць аднолькавую аб'ёмную кампазіцыю — ніжняя чатырохгранная частка, на якой змяшчаецца васьміграныае завяршэнне, хоць суадносіны верхняй і ніжняй частак у кожнай вежы розныя[19]. Архітэктурная апрацоўка фасадаў заснавана на чаргаванні розных па форме і памерам дэкаратыўных ніш, цяг і арнаментальных паясоў. Такі прыём быў шырока распаўсюджаны як у грамадскім, так і ў культавым беларускім дойлідстве XVI ст.[16]

Усе вежы Мірскага замка канструктыўна і стылістычна блізкія паміж сабой і ў той жа час кожная з іх мае сваё індывідуальнае архітэктурнае аблічча. Мастацкае дасканаласць фасада замка асабліва падкрэсліваецца прадуманнасцю і злучнасцю арнаментальных паясоў веж. Іх арганічна працягваюць ідэнтычныя па малюнку і тэхніцы выканання поясы на праслах сцен і паўцыркульныя нішы. Дзякуючы гэтаму ўсе элементы замка складаюць цэласную архітэктурную кампазіцыю, што стварае скончаную выяву непаўторнага збудавання, якое не мела аналогаў на землях Прыбалтыкі, Польшчы і Расіі[16].

Вежы збудаваны з такім разлікам, каб было зручна весці флангавы агонь уздоўж праслаў сцен і знішчыць ворага на подступах да іх, іх вынясенне за перыметр сцен стварала выдатную магчымасць для фланкіруючага агню[19]. Большасць байніц прызначалася для стральбы з гармат. Усе вежы спланаваны як самастойныя вузлы абароны. Калі б супернік прарваўся ўнутр двары ці пайшоў на штурм, з іх можна было весці кругавы абстрэл. Кожная вежа мела па пяць ярусаў бою з вялікай колькасцю байніц і складаную сістэму ўнутраных пераходаў. Завяршаліся вежы байніцамі, якія дазвалялі абараняць подступы да сцен. Праз іх можна было скідаць на ворага камяні, гранаты, ліць кіпень ці смалу[20]. Падмуркі вежаў і сцен выкладзены з камянёў, далей ідзе змяшаная каменна-цагляная і цагляная муроўка. Таўшчыня сцен каля аснавання складае каля 3 м, уверсе 2,2 м. Завяршаліся вежы машыкулямі, якія дазвалялі бараніць падэшвы ўмацаванняў[21].

У некаторых атынкаваных нішах на фасадах замкавых вежаў пад час рэстаўрацыі знойдзены фрэскавы роспіс. У пластычным афармленні замка выкарыстаны характэрныя для беларускай готыкі выяўленчыя сродкі: гатычная муроўка (чаргаванне тычка і лажка) з умураванымі камянямі і выкарыстаннем клінкернай цэглы, падзел сцен разнастайнымі па форме атынкаванымі нішамі, арнаментальныя цагляныя паясы[22].

У абарончых вежах таксама меліся гатычныя каміны, якія хутчэй выконвалі функцыю фартыфікацыі, чым ацяплення. Іх мінімальныя памеры ніяк не маглі забяспечыць абаграванне прадуваных праз байніцы памяшканняў. Затое наяўнасць падтрымоўванага адкрытага агню на кожным з ярусаў веж дазваляла карыстацца прымітыўнай агнястрэльнай зброяй таго часу. Прылада камінаў на трэцім ярусе паўднёва-заходняй вежы выканана з улікам знаходжання там цяжкай артылерыі, што забяспечвала магчымасць трымаць напагатове распаленыя кручча для дэтанацыі зарада[23].

Архітэктура паўднёва-заходняй вежы[правіць | правіць зыходнік]

Паўднёва-заходняя вежа

З усіх вуглавых веж, збудаваных у XVI ст., амаль цалкам захавалася паўднёва-заходняя, якая дазваляе вывучыць сістэму планоўкі і арганізацыю бою з усіх паверхаў. Падмурак вежы з'яўляецца некалькі перакошаным квадратам памерам 10x10 м, вышыня вежы 23 м. Велічнае збудаванне стаіць на магутным падмурку з глыбінёй залажэння 4 м. Падмурак складзены з велічэзных валуноў даўжынёй да 1,5 м, добра падагнаных адзін да аднаго і злучаных вапнавым растворам[24].

Усярэдзіне вежа падзелена на пяць ярусаў. На першым паверсе размяшчалася сем гарматных байніц, якія фланкавалі агнём замкавыя вароты, заходнюю і паўднёвую сцены, праз іх франтальны агонь. На другі паверх вялі стромкія вузкія каменныя ўсходы. Тут стаяла шэсць гармат. У XX ст. на месцы некаторых байніц зрабілі вялікія вокны. Перакрыцце другога паверху вежы скляпеністае, а астатніх трох — па бэльках. На верхніх паверхах былі байніцы, разлічаныя на агонь, які вялі з гармат і ручной агнястрэльнай зброі. На ўзроўні чацвёртага паверху сцяны вежы пераходзяць у «васьмярык». На самым верху вежавай сцяны месцамі захаваліся паўзаложенные цэглай «варовые вокны»[25].

Для зручнасці пад'ёму наверх ваеннага рыштунку і амуніцыі ў вежы быў спраектаваны "замкавы ліфт". З самага верху вежы з цэнтра ўніз да каменнага перакрыцця трэцяга яруса апускаўся перакінуты праз бэльку ці жалезны каток шнур-вяроўка. У драўляных перакрыццях былі зроблены адмысловыя адтуліны, якія закрываліся адкіднымі дзверцамі. З замкавага двара ў сваю чаргу мелася прыстасаванне для дастаўкі грузаў на трэці ярус. "Замкавы ліфт" захаваўся да нашага часу і экспануецца ў вежы[26].

Астатнія вежы адрозніваюцца ад паўднёва-заходняй памерамі падстаў, аб'ёмам памяшканняў і некаторымі дэталямі. Усе яны вельмі падобныя паміж сабой унутранай планіроўкай, аб'ёмна-прасторавым рашэннем і прызначэннем памяшканняў.

Архітэктура ўязной вежы[правіць | правіць зыходнік]

З усіх веж Мірскага замка галоўная (уязная) па сваіх формах і арнаментацыі фасадаў з'яўляецца найбольш цікавай, яркай і дасканалай[27]. Шасціярусное збудаванне ўзнеслася на 25-мятровую вышыню, яно стаіць на надзейным падмурку (12 х 12 м). Магутная вежа-волат упрыгожана арнаментальнымі паясамі і дэкаратыўнымі нішамі рознага памеру і формы, якія акумулююць у сабе традыцыйныя прыёмы і сродкі арнаментацыі мясцовага каменнага дойлідства[28]. Тут і старажытнаславянскі парэбрык, і аркатурныя фрызы, і народжаныя дапытлівым розумам тутэйшых дойлідаў нішы — круглыя, трохчастковыя з віслымі гіркамі, паўцыркульныя, спічастыя, прамавугольныя.[29].

Унікальным з'яўлялася першапачатковая задума сістэмы блакавання ўваходу на тэрыторыю замка. Ідэя ўздыму ўзроўня праезду на уязную вежу на 1,5 м вышэй тэрыторыі навокал замка забяспечыла магчымасць эфектыўна вырашыць гэту вельмі няпростую для раўніннай мясцовасці задачу. Дарога, якая вядзе да замка, за некалькі метраў да варот сканчалася прыпаднятым драўляным памостам, на які апускаўся пад'ёмны мост[30]. Адзіны праезд у замак праразаў увесь першы паверх вежы, ён меў двое дубовых варот (адны знаходзяцца на ўездзе, іншыя — на выездзе). Вароты замыкалі тоўстымі дубовымі брусамі, для якіх у бакавых сценах былі зроблены адмысловыя гнёзды (30x30 см). Акрамя таго, створ варот быў дадаткова абаронены герсай з кованых і завостраных знізу жалезных палос (герса, аднак, не ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах, таму некаторыя даследчыкі выказваюць сумнеў у існаванні герсы на вежы замка[31] ). Яна апускалася з другога паверху праз праём памерам 2,8x0,4 м. У выпадку небяспекі, перш чым варта паспявала зачыніць вароты, герса з вокамгненнай шпаркасцю валілася зверху, зачыняючы ўваход у замак[32]. Для прадухілення спроб выбівання, падпалу або іншага варыянту знішчэння сістэмы замыкання над уездам быў уладкованы машыкуль - адтуліна, праз якое на нападнікаў маглі зліваць кіпень, смалу або скідаць камяні[30].

У памяшканні над варотамі на другім ярусе ўязной вежы першапачаткова размяшчаўся механізм уздыму-апусканні герсы і пад'ёмнага моста. Шчыліна для герсы, адтуліны для мацавання механізму, для пропуску ланцугоў і для ўсталёўкі апорных бэлек захаваліся да цяперашняга часу, слупы, на якія абапіраўся пад'ёмны мост, выяўлены археалагічнымі даследаваннямі 1991 года, згадванні пра пад'ёмны мост і фрагментах механізму ўтрымоўваюцца ў інвентарным вопісе замка ад 15 кастрычніка 1688 года[33].

У ўязной вежы знаходзілася турма, апісанне якой вядома з інвентароў 1681 і 1688 гадоў. Турма складалася з двух памяшканняў. Першае знаходзілася пры ўваходзе, у першым закутку злева, так званая Верхняя турма. Другое памяшканне — "склеп пад брамай" (Ніжняя турма). Наяўнасць двух турэмных памяшканняў цалкам адпавядала тым нормам, якія існавалі у Вялікім княстве Літоўскім паводле Статута 1588 года. Прысуд да верхняй турмы лічыўся лягчэйшым і выкарыстоўваўся для шляхты за нязначныя праступкі. Верхняя вязніца займала куток-нішу па левым баку брамнага памяшкання, мела плошчу каля 2,5x1,5 м, побач заўжды знаходзілася варта. У інвентарах Мірскага замка XVII ст. дзверы да вязніцы апісваюцца як драўляныя[34]. Ніжняя турма лічылася значна больш цяжкім пакараннем, яна значна абмяжоўвала свабоду. Вязень у ёй, губляў цалкам здароўе, а большасць там і памірала. Ніжняя вязніца ў Мірскім замку знаходзілася ў пограбе, памерамі 6x4,5 м і 2,7 м вышынёй, які знаходзіўся на глыбіні 4 м ад узроўню праезду ў браме. У памяшканні мелася два вакенцы, праз якія святло амаль не паступала ў камеру. Асноўнае (паўднёвае) знаходзілася на вышыні каля 5 м ад падлогі самой камеры, другое (паўночнае) акенца размешчана на палову ніжэй ад першага. У падзямельным склепе пад уязной брамай захавалася адтуліна, адкрытая да дымавога канала, які перасякаў усе ярусы цэнтральнай вежы і выводзіўся над дахам[35].

На трэцім паверсе брамы меўся вялікі гадзіннік з боем. Час адмяраў жалезны малаток, які ўдарае па зване. Да гадзінніка вялі драўляныя прыступкі. Цыферблат гадзінніка са стрэлкай размяшаўся на вонкавай сцяне вежы[36].

Паводле дадзеных інвентара замка 1688 г., у варотнай вежы стаялі тры жалезныя гарматы. У XVIII і XIX стст. на другім паверсе размяшчалася капліца, а на сцяне, звернутай у бок замкавага двара, быў гадзіннік. Знізу пачыналіся каменныя ўсходы, якая ішла ў тоўшчы сцяны да чацвёртага паверху, адкрываючы выйсце на кожны ярус бою. Другі і трэці паверхі са скляпеністымі перакрыццямі мелі адпаведна шэсць і сем байніц для стральбы з мушкетаў і гармат. Астатнія паверхі сваёй планіроўкай падобныя паміж сабой. Завяршалася вежа поясам «варовых вокнаў», якія існавалі да яе перабудовы і рамонту ў другой палове XIX ст[37].

Надаючы вялікае значэнне абароне адзінага ўваходу ў замак і ўлічваючы нарастальную сілу артылерыі, уладальнікі замка праз некаторы час вырашылі дадаткова ўмацаваць вароты. Для гэтага да цэнтральнай вежы прыбудавалі падковападобную сценку «прадбрамья» — барбакан таўшчынёй 1,25 м. Па цэнтры яго праразаў яшчэ адзін варотны праём на два палотны, якія замыкаліся драўляным брусам (завалай). Барбакан не меў даху. Сцены, верх якіх сканчаўся зубцамі, былі накрыты гонтам[36]. . Тут таксама была баявая галерэя — памост для стралкоў. Усярэдзіне барбакана выкапалі катлаван глыбінёй 2 м, які зачыняўся адмысловым пад'ёмным мостам. Ён меў лапатападобную форму, даўжыня яго складала 9,75 м, шырыня — 9,5 м. Калі мост апускалі, ён клаўся на адмысловы апорны выступ у падмурку барбакана і служыў насцілам для праезду ў замак. Знізу мост быў акаваны жалезнымі палосамі і шыпамі. Калі яго паднімалі, ён цалкам зачыняў галоўны ўезд у замак. Памеры моста дазваляюць выказаць здагадку, што вышыня сцяны барабакана складала не меней 10 м. Барбакан існаваў да канца XIX ст.[38].

У перыяд з 1569 па 1594 гады памяшканне надбрамнай капліцы было грунтоўна перабудавана. Першапачатковы крыжовы збор над асноўным памяшканнем малельнай залы быў разбураны, наўзамен яго на адзнаках трэцяга яруса вежы узвялі новы крыжовы збор, багата дэкараваны ляпнінай з пазалотай (адзін фрагмент новага звода і карніз, працягнуты пад яго пятамі, захаваліся да цяперашняга часу; ляпніна і пазалота згадваюцца ў інвентарным вопісе ад 15 кастрычніка 1688 года). Адно з памяшканняў сакрыстыі пераўладкавалі - праз галерэю на паўночным фрагменце заходняй сцяны быў зроблены ход з капліцы ў ізноў збудаваны паўночны палацавы корпус. Ва ўсходняй нішы малельнай залы быў усталяваны алтар св. Хрыстафора, скіз якога ў двух варыянтах фрагментарна захаваўся на тыльнай сцяне нішы. У стылістыцы алтара прасочваюцца рысы маньерызма[39].

Архітэктура палацавага комплексу[правіць | правіць зыходнік]

Пабудова палацавых карпусоў замка мела сістэматызаваны характар. Склеп і першы паверх выкарыстоўваліся як каморы. Другі быў прызначаны для прыслугі, трэці - для гаспадароў. Планіроўка склепа і ніжніх ярусаў абодвух крылаў палаца ўяўляла сабою шэраг перыядычна паўтараных секцый. Прыгатаванне ежы ажыццяўлялася ў самім замку, дзе да паўднёвай (з боку двара) і заходняй сцен прыбудавалі кухню, бровар і пякарню. З вонкавага боку да паўднёвай сцяны была прыбудавана стайня.

Лічыцца, што архітэктурныя і канструктыўныя рашэнні вокнаў запазычаны з Італіі. Вокны ўяўлялі сабою адну нітку аднакаляровага вітража ў металічнай раме, устаўленай у каменнае апраўленне. Механічнае іх выкарыстанне ў кліматычных умовах Беларусі стварала дадатковыя праблемы ацяплення памяшканняў, асабліва ў верхніх пакоях. Вялізныя памеры вокнаў выклікалі значныя страты цяпла, кампенсаваць якія спрабавалі ўсталёўкай вялікай колькасці печаў буйнага памеру. У велізарных парадных памяшканнях дадатковыя печы нетыповай для рэнесанснага перыяду канструкцыі з размяшчэннем топкі знізу усталёўвалі ў вонкавых сценах.

У рэнесансны перыяд у абодвух карпусах палаца была створана сістэма зручных туалетаў, размешчаных на трэцім і другім паверхах. Фекаліі вымываліся з іх па ўладкаваных у сценах вертыкальных каналах і скідаліся для фільтравання на прылеглую да замка тэрыторыю. У сувязі з гэтым участкі паміж паўночнай і ўсходняй сценамі замка і адпаведнымі ўчасткамі землянога вала для шпацыраў не выкарыстоўваліся. Непасрэдная сувязь замка з размешчаным да поўначы ад яго рэгулярным паркам ажыццяўлялася па пешаходным мастку, які праходзіў з другога паверху паўночнага крыла палаца на валавы ход. Характэрна, што ў раёне мастка фекаліі з каналаў скідаліся не на тэрыторыю, а ў падземнае поле фільтрацыі або падземную выграбную яму.

Для асвятлення палаца выкарыстоўваліся падвесныя і насценныя свяцільнікі, вялікія і малыя падсвечнікі, якія ўсталёўваліся на падлозе і на мэблі. Расстаноўка і нават развешванне свяцільнікаў не былі сталымі, для прадухілення крадзяжоў яны захоўваліся ў адмысловых памяшканнях і ўсталёўваліся ці развешваліся пад пэўныя патрэбы[40].

Бастыёны[правіць | правіць зыходнік]

Напачатку XVII ст. вакол Мірскага замка былі насыпаныя бастыённыя ўмацаванні з гліны, буйнага пяску і землі. Бастыёны мелі выгляд магутнага чатырохкутніка памерам 170x150 м так званага галандскага тыпу, стала першай лініяй абароны замка[9]. Аднак існуе меркаванне, што па вуглах былі не класічныя бастыёны, а своеасаблівыя платформы, на якія ставіліся драўляныя вежы.

Да нашага часу захаваліся паўночна ўсходні бастыён, паўночная і часткова заходняя ўсходняя курціны на вышыню 4 м. Раней земляныя валы былі вышынёй да 9 м, перад імі меўся роў, які напаўняўся вадой пры дапамозе сістэмы ставаў[41]. Адным з асноўных недахопаў бастыённых умацаванняў Мірскага замка была невялікая вышыня вала, што не дазвапяла закрыць палац ад варожага абстрэлу. Наверсе вала не захавалася рэшткаў землянога бруствера. Яго ролю мог выконваць драўляны паркан ці рады кашоў-габіёваў з байніцамі для стралкоў і амбразурамі для гармат[42].

Зноскі

  1. Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с.90
  2. Дмитрий Бубновский. История создания… с. 46
  3. Дмитрий Бубновский. История создания… с. 52
  4. Памяць: Гіст. дак. хроніка Карэліцкага р-на. с. 40
  5. а б Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, с. 437
  6. а б в А. Я. Митятин. Замок в Мире. с.12
  7. Памяць: Гіст. дак. хроніка Карэліцкага р-на. с. 41
  8. Калнин В. В. Мирский замок. с. 11
  9. а б Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 140
  10. Бохан, Ю. М. Побыт феадалаў Вялікага Княства Літоўскага ў XV — сярэдзіне XVII стагоддзя. с.63
  11. А. Я. Митятин. Замок в Мире. с.10-11
  12. В. Калнин. Жизнерадостный замок эпохи сурового средневековья
  13. А. Я. Митятин. Замок в Мире. с.11
  14. А. Я. Митятин. Замок в Мире. с.10
  15. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, с.437
  16. а б в Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 136
  17. Дмитрий Бубновский. История создания... с.15
  18. а б Дмитрий Бубновский. История создания... с.20
  19. а б Бохан, Ю. М. Побыт феадалаў Вялікага Княства Літоўскага ў XV — сярэдзіне XVII стагоддзя. с.62
  20. Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 136—137
  21. Бохан, Ю. М. Побыт феадалаў Вялікага Княства Літоўскага ў XV — сярэдзіне XVII стагоддзя. с.62-63
  22. Археалогія Беларусі. с. 93
  23. Дмитрий Бубновский. История создания… с. 20
  24. Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 137
  25. Ткачёв М. А. Замки Беларуси. с. 137—138
  26. Анатоль Бутэвіч. Таямніцы Мірскага замка. с. 74-75
  27. Шишигина-Потоцкая К. Я. Замки Мирский и Несвижский. с. 6
  28. Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 138
  29. Мирский замок: история создания и современность, А. С. Судакова, с.50
  30. а б Дмитрий Бубновский. История создания… с.17
  31. Мікалаў Волкаў. Да пытання аб існаванні герсы ў браме Мірскага замка. с. 49-51
  32. Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 138—139
  33. Дмитрий Бубновский. История создания… с.18
  34. Валянцін Калнін. Зняволенне і пакаранне ў Вялікім княстве Літоўскім ў 16-18 стст. с.16-18
  35. Валянцін Калнін. Зняволенне і пакаранне ў Вялікім княстве Літоўскім ў 16—18 стст. с.19-22
  36. а б Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с. 73
  37. Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 139
  38. Ткачёв М. А. Замки Беларуси. с. 139—140
  39. Дмитрий Бубновский. История создания… с.25-26
  40. Дмитрий Бубновский. История создания… с.26
  41. Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с.76
  42. Мікалай Волкаў. Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка. с.19-20

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Иодковский И. Замок в Мире // Древности. — М., 1915.
  • Трусов О. А., Чернявский И. М., Кравцевич А. К. Архитектурно-археологическое изучение Мирского замка и г. п. Мир // Советская археология. — 1984 — № 4.
  • Калнін В. В. Мірскі замак. — Мн., 2002.
  • Ткачёв М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачев. — Мн.: Беларусь, 2002.-200 с.: ил. ISBN 985-07-0418-7.
  • А. Я. Митятин. Замок в Мире. Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата архитектуры. Белорусский политехнический институт им. И. В. Сталина
  • Калнин В. В. Мирский замок.— Мн.: Полымя, 1986.— 63 с., ил.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — 544 с.: іл. ISBN 985-11-0169-9 (т.10).
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Мастак Э. Э.Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
  • Шишигина-Потоцкая К. Я. Замки Мирский и Несвижский = The castles of Mir and Nesvizh /К. Я. Шишигина-Потоцкая. - 2-е изд. - Барановичи: Баранов, укрупн. тип., 2003. - 48 с. ISBN 985-6676-35-5.
  • Мікалаў Волкаў. Да пытання аб існаванні герсы ў браме Мірскага замка. Рэстаўрацыя Мірскага замка. Праблема захавання прыроднага культурнага ландшафтаў : навукова-практычная канферэнцыя, г. п. Мір, 6 чэрвеня 2010 г. / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Замкавы комплекс «Мір» ; навук. рэд. А. А. Ярашэвіч. — Нясвіж : Нясвіжская ўзбуйненая друкарня імя С. Буднага, 2012. — 96 с. ISBN 978-985-6796-77-0.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік/Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Алег Трусаў. Археалагічнае вывучэнне Мірскага замка. Мірскі замак. Канцэпцыя рэстаўрацыі і праблемы музеефікацыі: Рэсп. навук.-практ. канф., 16 чэрвеня 2007 г., г. п. Мір Гродзен. вобл. / Навук. рэд. А. У. Карпенка. — Мн.: ТАА «Бел- прынт», 2008. — 168 с.: іл. ISBN 978-985-459-114-8
  • Валянцін Калнін. Зняволенне і пакаранне ў Вялікім княстве Літоўскім ў 16-18 стст. Мірскі замак. Канцэпцыя рэстаўрацыі і праблемы музеефікацыі: Рэсп. навук.-практ. канф., 16 чэрвеня 2007 г., г. п. Мір Гродзен. вобл. / Навук. рэд. А. У. Карпенка. — Мн.: ТАА «Бел- прынт», 2008. — 168 с.: іл. ISBN 978-985-459-114-8
  • Інтрыга вокол 10 тысяч дукатаў. Мірскі замак. Канцэпцыя рэстаўрацыі і праблемы музеефікацыі: Рэсп. навук.-практ. канф., 16 чэрвеня 2007 г., г. п. Мір Гродзенскай вобласці / Навук. рэд. А. У. Карпенка. — Мн.: ТАА «Бел- прынт», 2008. — 168 с.: іл. ISBN 978-985-459-114-8
  • Дмитрий Бубновский. «На скрыжаванні ўсіх шляхоў..." История создания мирского замка. Архитектура и строительство. № 2/2012. Март-Апрель 2012.
  • Федорук А.Т. Старинные усадьбы Беларуси. Кореличский район / А. Т. Федорук. - Минск : Беларусь, 2013. — 174 с. : ил.— (Серия «Старинные усадьбы Беларуси»). ISBN 978-985-01-1006-0.
  • Калнін В. В. Мірскі замак = The Mir Castle/В.В. Калнін;пер. На англ. мову А. І. Казека. Мастак К. У. Хацяноўскі. – 2-ое выданне. Мн.:Беларусь, 2005. – 159 с.:іл. ISBN 985-01-0589-5
  • Бутэвіч А.І. Таямніцы Мірскага замка: Падарожжа па сівых мурах з Адамам Міцкевічам. Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2011. - 2011. - 128с. ISBN 978-985-6994-61-9