Астраглядскае падняцце

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Астрагля́дскае падня́цце (ад назвы вёскі Астрагляды ў Брагінскім раёне) — тэктанічная структура ў Брагінскім і Хойніцкім раёнах Гомельскай вобласці, ва ўсходняй скляпеністай частцы Хобненска-Хойніцкага пахаванага выступу Прыпяцкага прагіну, на мяжы з Брагінскім выступам. Выяўлена сейсмаразведачнымі работамі ў 1972 годзе.

Па падсалявых дэвонскіх адкладах Астраглядскае падняцце — найбольш высокая паўднёва-ўсходняя частка чатырохвугольнага блока (10×7 км), абмежаванага разломамі на поўначы, поўдні, захадзе і ўсходзе і ўскладненага разломамі на паўднёвым усходзе. Па разломах блок апушчаны адносна Брагінскага выступу на ўсходзе, Шкуратоўскага і Мікуліцкага блокаў на поўначы і ўзняты адносна Стралічаўскага блока, які прылягае з поўдня. Паверхня падсалявых адкладаў апускаецца на паўночны захад ад адзнакі -1000 да -2200 м. Па міжсалявых задонска-ялецкіх адкладах падняццю адпавядае паўночнае крыло структурнога носа, які раскрываецца на ўсход. Па паверхні верхнефаменскай саляноснай тоўшчы ў межах блока выяўлены субшыротна арыентаваны структурны нос, які прылягае з захаду да зоны выкліньвання верхнесаляносных адкладаў і ўскладнены 2 малаамплітуднымі (100 м) брахіантыкліналямі. Сфарміравалася ў асноўным у познафранскі і фаменскі час позняга дэвону.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]