Атамізм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Атамізм — натурфіласофская і фізічная тэорыя, паводле якой пачуццёва ўспрымальныя (матэрыяльныя) рэчы складаюцца з хімічна непадзельных часціц — атамаў. Узнік у старажытнагрэчаскай філасофіі, далейшае развіццё тэорыя атрымала ў філасофіі і навуцы Сярэдніх стагоддзяў і Новага часу. Больш шырока атамізм — метадалагічны падыход, заснаваны на дапушчэнні, што вывучаная з'ява ёсць мноствам адзінкавых элементаў, якія не ўтвараюць незалежнай ад іх цэласці[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У рабаўладальніцкім грамадстве Асірыі, Грэцыі, Рыма, Індыі, Кітая паўстала натурфіласофская атамістыка. Выбітнымі прадстаўнікамі старажытнай атамістыкі былі Леўкіп, Дэмакрыт, Лукрэцый, Канада, Ван Чун. Іхныя ідэі былі вынікам тэарэтычнага асэнсавання вынікаў назірання за такімі з'явамі прыроды, як выпарэнне, дыфузія і да гэтак далей. Прадстаўнікі натурфіласофскай атамістыкі лічылі, што атамы — маленькія непадзельныя часціцы матэрыі, з якіх пабудаваны ўсе целы прыроды.

Якасна новым этапам развіцця ведаў пра будову матэрыі была механічная атамістыка, стваральнікамі якой былі Ньютан, Гасендзі і іншыя, адраджаюцца ідэі натурфіласофскай атамістыкі на аснове дасягненняў класічнай механікі. У механічнай атамістыцы атамы таксама разглядаліся як непадзельныя, вечныя часціцы матэрыі, якія ўзаемадзейнічаюць па законах макраскапічнай механікі. Паколькі электрычныя і хімічныя з'явы цяжка растлумачыць механічным узаемадзеяннем атамаў, то ў навуку пранікаюць ідэалістычныя ўяўленні пра нематэрыяльныя вадкасці — флюіды. Адной з праяў ідэалізму ў атамістыкі было вучэнне Лейбніца пра манады — духоўныя атамы, якія з'яўляюцца цэнтрамі дзеяння духоўных сіл.

Наступным этапам развіцця атамістыкі былі працы Ламаносава, які заклаў асновы хімічнай і фізічнай атамістыкі. Ламаносаў адкрыў закон захавання масы рэчыва, які ўвайшоў у класічную хімію як закон захавання масы пры хімічных рэакцыях. Гэты закон даў хіміі слушны метад аналізу хімічных рэакцый, які стаў асновай колькаснага аналізу. Ламаносаў увёў у навуку побач з атамам паняцце малекулы. Ідэі Ламаносава аказалі вялікі ўплыў на далейшае развіццё фізічнай і хімічнай атамістыкі.

Зноскі

  1. Сўінджвуд Э. Сціслая гісторыя сацыялагічнай думкі. — Мн.: Тэхналогія, 1999. ISBN 985-6234-68-5

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]