Атыкамек
Атыкамек Atikamekw | |
Агульная колькасць | 7747 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Канада |
Мова | атыкамек |
Рэлігія | анімізм, шаманізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | кры, іну |
Атыкамек (саманазва: Atikamekw, літаральна «белая рыба») — алганкінскі народ, карэнныя жыхары Канады. Жывуць пераважна ў правінцыі Квебек. Агульная колькасць (2016 г.) — 7 747 чалавек.
Рассяленне
[правіць | правіць зыходнік]Атыкамек называюць занятыя імі землі Nehirowisiw («месца для руху жывых істот»). Яны адыгрываюць вялікую ролю ў вызначэнні тоеснасці, паколькі, па ўяўленню атыкамек, даюць права на аўтаномію і прывабны лад жыцця.
У нашы дні Nehirowisiw уяўляе сабою тры рэзервацыі плошчай 80 000 км² на паўднёвым захадзе Квебека, занятыя асобнымі супольнасцямі і аб’яднаныя агульным кіраваннем:
- Супольнасць Wemotaci сфарміравалася ўздоўж ракі Сен-Морыс у 1851 г. на месцы традыцыйных паляўнічых угоддзяў.
- Супольнасць Manawan заснавана ў 1906 г. на возеры Метабесгега.
- Супольнасць Obedjiwan — найбольш паўночная ізаляваная група, што ўзнікла ў выніку перасялення 1918 г. на берагах вадасховішча Гуін. Афіцыйна была абвешчана ў 1944 г.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У сярэдзіне XVII ст. французскія гандляры ўсталявалі кантакты з індзейцамі Atikamegouékhi, што жылі невялікімі тэрытарыяльнымі групамі ў паўночных лясах і займаліся паляваннем. Іх агульная колькасць складала каля 500 чалавек. Яны былі саюзнікамі іну, прыхільна ставіліся да гандлю з французамі. У 1670 г. атыкамек моцна пацярпелі ад эпідэміі воспы. Выжылыя былі ўцягнуты ў Бабровыя войны на баку французаў і іну і ў выніку былі знішчаны іракезамі.
У 1697 г. на месцы загінулых атыкамек з’явілася група індзейцаў, якіх французы называлі «быкагаловымі» (фр.: Têtes-de-Boule). Звычайна яе атаяснялі з кры. Падобна да сваіх папярэднікаў, «быкагаловыя» займаліся сезонным паляваннем, жылі асобнымі сем’ямі, маглі аб’ядноўвацца ў зімовы сезон. Важную ролю мелі супольныя рэлігійныя і гандлёвыя зносіны, што падтрымлівалі ў месцах каля ракі Сен-Морыс. У сярэдзіне XIX ст. іх агульная колькасць не перавышала 150 чалавек. З 1830-х гг. пачалася місіянерская дзейнасць і прыняцце хрысціянства.
У 1972 г. тры супольнасці «быкагаловых» аб’ядналіся разам і прынялі старажытную назву атыкамек. Маюць статус «першаснай нацыі» Канады.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Родная мова атыкамек адносіцца да цэнтральнай алганкінскай групы, блізкая да мовы іну і асабліва да моў кры. У нашы дні шырока выкарыстоўваецца ў паўсядзённым жыцці, падчас школьнай адукацыі.