Балгарска-лацінскія войны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Балгарска-лацінскія войны — серыя канфліктаў паміж Балгарскім царствам і Лацінскай імперыяй у XIII стагоддзі.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

У 1185 годзе ў падкантрольнай Візантыі Балгарыі пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам братоў Пятра, Асеня і Калаяна, якое аднавіла балгарскую дзяржаўнасць. Калі ў 1204 годзе крыжакі рушылі на Візантыю, то балгары прапанавалі ваенную дапамогу крыжакам, але тыя яе не прынялі. 13 красавіка 1204 года крыжакі ўзялі Канстанцінопаль, і падзялілі тэрыторыю Візантыі паміж сабой. На тэрыторыі вакол Канстанцінопаля ўтварылася Лацінская імперыя, якая стала будаваць заваявальныя планы на былыя візантыйскія землі — у тым ліку і Балгарыі.

Паходы Калаяна[правіць | правіць зыходнік]

Напачатку 1205 года ўспыхнула паўстанне візантыйцаў у Дыдымотыхэ, дзе быў перабіты гарнізон крыжакоў; затым лаціняне былі выгнаны з Адрыянопаля. Паўстанцы звярнуліся па дапамогу да Калаяна, і той рушыў на лацінян. Імператар Балдуін, не чакаючы Баніфацыя і свайго брата Генрыха, рушыў да Адрыянопаля і 14 красавіка 1205 года пацярпеў там разгромнае паражэнне ад арміі Калаяна, якая складалася з балгараў, валахаў, полаўцаў і грэкаў; Людовік Блуаскі, Стэфан дэ Перш і многія іншыя палі ў бітве. Сам імператар Балдуін быў узяты ў палон і неўзабаве памёр. Крыжакі адступілі ў Канстанцінопаль, а Калаян узяў Серэ і Філіпопаль.

У 1206 годзе пачаўся новы наступ балгараў, у студзені іх саюзнікі полаўцы раскінулі лагер пад самым Канстанцінопалем. Увесь 1206 год Калаян спусташаў Фракію. Ён разбурыў мноства гарадоў, выводзіў з іх грэкаў на Дунай, дзе рассяляў іх у зноў заснаваных гарадах з грэчаскімі назвамі. Рыцары былі разбіты ва ўсіх сутычках і адседжваліся за сценамі гарадоў, а Фракія была спустошана так, што і ў XX стагоддзі можна было знайсці разваліны гарадоў, разбураных балгарамі. Калаян называў сябе Рамеябойцам і гаварыў, што помсціць за крывавыя расправы над балгарамі візантыйскага імператара Васіля II Балгарабойцы.

У сакавіку — красавіку 1207 года Калаян трымаў аблогу Адрыянопаль, але хваробы і недахоп правіянта прымусілі яго адступіць. 4 верасня 1207 года Баніфацый Манферацкі, кароль Фесаланікскі, загінуў у бітве з балгарамі каля Масінопаля, з яго чэрапа Калаян зрабіў чашу. Пасля гэтага Калаян аблажыў Фесалонікі, але ў кастрычніку 1207 года быў забіты змоўшчыкамі, царом стаў яго пляменнік Барыл.

Паходы Барыла[правіць | правіць зыходнік]

Адразу пасля ўзыходжання Барыла ад Балгарыі адкалоліся некаторыя магутныя феадалы. Скарыстаўшыся паслабленнем Балгарыі, лацінскі імператар Генрых I Фландрскі, павёў супраць балгараў сваё войска, папоўненае новымі рыцарамі з Фландрыі і Нармандыі. Бясталентны Барыл быў ушчэнт разбіты ў Філіпопаля 1 жніўня 1208 года, нягледзячы на тое, што сабраў 33-тысячнае войска.

Калі ў 1211 годзе імператар Генрых вяртаўся з паходу ў Грэцыю, Барыл паслаў атрады, каб заняць праходы ў гарах паміж Фесалонікамі і Канстанцінопалем. Аднак Генрых прагнаў балгарскія войскі, а ўвосень 1211 года разбіў самога Барылу ў бітве. Генрых меў патрэбу ў саюзніку супраць Эпірскага царства і непакорлівых феадалаў, а Барыл быў рады саюзу з любым ворагам, спадзяючыся выратаваць свой трон ад законнага спадчынніка Івана Асеня, і таму яны заключылі мір, а неўзабаве быў заключаны шлюб Генрыха з дачкой Барыла, вяселле пышна адсвяткавалі ў Канстанцінопалі.

Саюз балгараў і нікейцаў[правіць | правіць зыходнік]

У 1228 годзе імператарам Лацінскай імперыі стаў 11-гадовы Балдуін II дэ Куртэнэ; яго заручылі з дачкой роднаснага дому Куртэнэ балгарскага цара Івана Асеня, які абяцаўся адняць у Феадора Ангела заваяваныя ім зямлі. Саюза з Балгарыяй, аднак, не жадала духавенства, якое адважылася прыцягнуць на бок імперыі Іаана Брыенскага, былога караля іерусалімскага; Марыя, дачка яго, павінна была стаць нявестай Балдуіна, а сам ён — прыняць тытул імператара і абавязкі рэгента. У 1236 годзе нікейскі імператар Іаан III Дука Ватац асабіста сустрэўся з царом Іванам Асенем, і сын нікейскага імператара, Феадор, быў заручаны з дачкой балгарскага цара Аленай. Быў заключаны антылацінскі саюз, і нікейскае войска з Лампсака перайшло на еўрапейскі бераг, авалодала Галіпалі і іншымі гарадамі, у той час як балгары пагражалі сценам Канстанцінопаля. Падкантрольная лацінянам тэрыторыя фактычна скарацілася да сцен Канстанцінопаля, і нікейцы з балгарамі заняліся высвятленнем адносін паміж сабой. У выніку нікейцы ў 1261 годзе ўзялі Канстанцінопаль, знішчылі Лацінскую імперыю і аднавілі Візантыю.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]