Перайсці да зместу

Батанічны сад Падуі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Батанічны сад у Падуі*
Botanical Garden (Orto Botanico), Padua**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА

Краіна Італія
Тып Культурны
Крытэрыі ii, iii
Спасылка 824
Рэгіён*** Еўропа і Паўночная Амерыка
Каардынаты 45°23′56″ пн. ш. 11°52′50″ у. д.HGЯO
Гісторыя ўключэння
Уключэнне 1997  (21 сесія)
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА

Батанічны сад (Orto Botanico; «Орта-Батаніка») у Падуі — найстарэйшы ў свеце нязменна дзеючы батанічны сад.[1] Заснаваны ў 1545 годзе рашэннем Венецыянскага Сената з мэтай гадавання «лячэбнай травы» для медыцынскага факультэта Падуанскага ўніверсітэта.

Першапачатковы праект арганізацыі садовай тэрыторыі, як лічыцца, распрацаваў венецыянскі патрыцый Даніэле Барбара. Сад з самага пачатку быў абнесены ад злодзеяў сцяной па мадэлі hortus conclusus. Чатыры брамы незвычайнай формы, з акратэрыёнамі ў выглядзе ананасаў, былі дабудаваны ў 1704 годзе.

Асноўныя будынкі таксама набылі свой цяперашні від у XVII—XVIII стст. У гэты перыяд у садзе адбыліся добраўпадкаванні накшталт уладкавання фантанаў, якія сілкаваліся ад колавага гідрафора, і трох сонечных гадзіннікаў. Тады ж у Орта-Батаніка з'явіліся мармуровыя статуі Тэафраста і Саламона.

Напачатку XIX стагоддзя былі абноўлены аранжарэі і пабудаваны «батанічны тэатр» для студэнтаў універсітэта. У наш час Орта-Батаніка займае плошчу ў 22 тыс. кв. м. і можа пахваліцца найстарэйшымі ў Еўропе экзэмплярамі магноліі і гінкга. У 1997 г. Падуанскі батанічны сад як «прататып усіх батанічных садоў» быў занесены ЮНЕСКА ў лік помнікаў Сусветнай спадчыны.

Зноскі

  1. Батанічны сад у Пізе быў створаны годам раней, але ён некалькі разоў пераносіўся з месца на месца.