Перайсці да зместу

Баі за Ліду (1919)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Баі за Ліду
Асноўны канфлікт: Польска-савецкая вайна
Карта-схема баёў.
Карта-схема баёў.
Дата 16—17 красавіка 1919
Месца Ліда
Вынік перамога польскіх войск
Праціўнікі
 Польшча Сцяг Літбела Літбел
Камандуючыя
Юзаф Ласоцкі невядома
Сілы бакоў
сем пяхотных батальёнаў, два з паловай эскадрону кавалерыі, чатыры батарэі артылерыі два пяхотных палка, яўрэйскія баявыя групы, бронецягнік
Страты
250 забітых і параненых 350 палонных

Баі за Ліду — штурм польскімі войскамі абараняемага савецкімі войскамі беларускага горада Ліда, ажыццёўлены 16—17 красавіка 1919 года падчас польска-савецкай вайны 1919—1920 гадоў.

Планы і сілы бакоў

[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку сакавіка 1919 года польская армія распачала серыю наступальных дзеянняў у Беларусі, у выніку якіх 2 сакавіка захапіла Слонім і 5 сакавіка Пінск. На паўночным участку польскія войскі дайшлі да Ліды. Гэты раён быў слабым месцам у савецкім фронце, паколькі польскія войскі ўбілі ў яго клін і занялі Эйшышкі, размешчаныя паміж Лідай і Аранамі. Па рашэнні галоўнакамандуючага Ю. Пілсудскага польская армія павінна была атакаваць Вільню і адначасова пачаць наступленне на Ліду для забеспячэння тылу. 23 сакавіка польскі рэйдавы атрад у складзе трох эскадронаў пры падтрымцы артылерыйскай батарэі атакаваў Ліду і заняў казармы, але быў выбіты савецкімі войскамі. Для наступлення на горад была сфарміравана баявая група пад камандаваннем генерала Ю. Ласоцкага ў складзе сямі пяхотных батальёнаў, двух з паловай эскадронаў кавалерыі, двух батарэй палявой артылерыі і двух батарэй цяжкай артылерыі. Галоўнакамандуючы Пілсудскі ў ноч з 14 на 15 красавіка прыбыў са штабам у сваім цягніку на станцыю Скрыбаўцы (30 км ад Ліды). Адсюль ён раніцай 15 красавіка аддаў загад аб пачатку прасоўвання да горада[1].

16 красавіка ў 5 гадзін раніцы група пачала наступленне на Ліду. Яно праводзілася з трох кірункаў – з поўначы, захаду і поўдня. Горад быў акружаны з усходу польскай кавалерыяй, задачай якой было перапыніць чыгуначныя зносіны Ліда — Маладзечна. Сілы Чырвонай Арміі ў горадзе былі даволі шматлікімі, паколькі яе гарнізон быў узмоцнены часцямі Заходняй стралковай дывізіі з Вільні і групамі ўзброеных мясцовых яўрэяў. Польскія атакі, якія пераходзілі ў штыкавыя сутычкі, пацярпелі няўдачу.

З-за зацятых баёў за Ліду Пілсудскі загадаў прыпыніць наступленне на Вільню. Ён таксама загадаў накіраваць дадатковыя сілы для барацьбы на гэтым участку. У ноч з 16 на 17 красавіка прама з цягнікоў на штурм Ліды былі адпраўленыя два батальёны, якія з дагэтуль дзеючымі падраздзяленнямі ўсю ноч, захопліваючы дом за домам, спрабавалі зламаць супраціў савецкіх войскаў, падтрыманых агнём з бронецягніка. У 4 гадзіны раніцы войскі генерала Ласоцкага перайшлі ў канцэнтрычную атаку. Яны павялі атаку ўздоўж чыгуначнай лініі, якая вядзе з поўдня да чыгуначнай станцыі ў Лідзе, а затым, скарыстаўшыся раптоўнасцю, захапілі яе. Затым палякам удалося захапіць астатнюю частку горада. У канчатковым выніку, да 5 гадзін раніцы Ліда была захоплена. Пасля адбыўся яўрэйскі пагром, у якім прынялі ўдзел салдаты польскіх часцей. Яўрэяў абвінавачвалі ў стральбе па салдатах падчас баявых дзеянняў.

Польскім салдатам удалося захапіць бронецягнік, некалькі іншых цягнікоў, а таксама мноства зброі і боепрыпасаў. У палон было ўзята 350 чалавек. Польская кавалерыя пераследвала і перарэзала шлях адступлення праціўніку ў Ліпнішках, за 24 км на ўсход ад Ліды, захапіўшы значную колькасць ваеннай маёмасці і ўзяўшы палонных. Апоўдні 17 красавіка кіраўнік дзяржавы Юзаф Пілсудскі прыбыў у Ліду.

  1. А. П. Грицкевич. Западный фронт РСФСР 1918-1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию. Минск, Харвест, 2010
  • Директивы командования фронтов Красной Армии (1917-1922): Сб. док. в 4 т. Т. II. Март 1919 г.-апрель 1920 г. / Глав. архив. упр. при Совете Министров СССР, Ин-т воен. истории М-ва обороны СССР, Центр. гос. архив Советской Армии; Отв. сост. Т.Ф. Каряева. — М.: Воениздат, 1972. — 804 с.
  • А. П. Грицкевич. Западный фронт РСФСР 1918-1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию. Минск, Харвест, 2010. 496 с.
  • Norman Davies, «Biały Orzeł, Czerwona Gwiazda», Wydawnictwo: Znak 2006, ISBN 83-240-0749-0
  • Janusz Odziemkowski: Leksykon wojny polsko-rosyjskiej 1919—1920. Warszawa: Oficyna Wydawnicza «Rytm», 2004. ISBN 83-7399-096-8.
  • Norman Davies, White Eagle, Red Star: the Polish-Soviet War, 1919-20, Pimlico, 2003, ISBN 0-7126-0694-7. (First edition: New York, St. Martin’s Press, inc., 1972.), pages 58-60