Лінія Керзана
Лінія Керзана — умоўная назва лініі, вызначанай міністрам замежных спраў Вялікабрытаніі, лордам Дж. Керзанам, і прапанаванай Парыжскай мірнай канферэнцыяй (1919—1920) у 1920 г. для ўсталявання ўсходняй дзяржаўнай мяжы Польшчы. Праходзіла праз Гродна — Ялаўку — Няміраў — Брэст-Літоўск — Дарагуск — Усцілуг, усходней Грубешова, праз Крылоў і далей заходней Равы-Рускай, усходней Перамышля да Карпат.
Вялікабрытанія на працягу савецка-польскай вайны неаднаразова рабіла захады па спыненню вайны і выпрацавала прапановы па размежаванню — «лінія Керзана» павінна была ўсталяваць усходнюю граніцу Польшчы па мяжы рассялення палякаў, з аднаго боку, і беларусаў і ўкраінцаў, з другога. Аднак Савецкая Расія адмаўляла Вялікабрытаніі, як пасрэдніку, пакуль паражэнне Чырвонай Арміі ў Варшаўскай бітве ў жніўні 1920 не прывяло да пералому ў вайне. Прадугледжвалася ўстанаўленне перамір’я і граніцы па «лініі Керзана», і ў той жа дзень на занятай ад польскіх войск тэрыторыі Беларусі была паўторна абвешчана незалежная БССР. 3 жніўня Вялікабрытанія накіравала ноту ўраду РСФСР, у якой патрабавала спыніць наступленне савецкіх войск на этнічных граніцах Польшчы. У адказ у ноце ўрада РСФСР сцвярджалася гатоўнасць весці перагаворы непасрэдна з Польшчай. 7 жніўня польскі ўрад пагадзіўся на такія перагаворы, але 10 жніўня адмовіўся ад іх.
На Тэгеранскай канфэрэнцыі (лістапад-снежань 1943) была прынята прапанова У. Чэрчыля аб тым, што прэтэнзіі Польшчы на землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны будуць задаволены за кошт Германіі, а ў якасці мяжы на ўсходзе павінна быць лінія Керзана.
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Керзана лінія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 238. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).