Беларуская служба Польскага радыё

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларуская служба Польскага радыё
Тып радыёстанцыя
Размяшчэнне Варшава (Польшча)
Ключавыя постаці Ніна Баршчэўская (кіраўнік)
Матчына кампанія Польскае Радыё
Сайт radyjo.net/4

Беларуская служба Польскага радыё вяшчае на беларускай мове з тэрыторыі Польшчы, уваходзіць у структуру Радыё Палонія — Праграмы для Замежжа грамадскага Польскага радыё.

Беларуская служба Польскага радыё заснавана 13 студзеня 1992, але першая перадача на беларускай мове выйшла ў эфір ужо 15 снежня 1991.

Паступова павялічыўся эфірны час: з 25 хвілін у першы год дзейнасці да 2,5 гадзін. Апрача кароткіх хваляў перадачы стала магчыма слухаць па спадарожніку і праз Інтэрнэт. Перадачы таксама рэтранслююцца станцыямі ў Літве.

У першы перыяд дзейнасці Беларуская служба Польскага радыё інфармавала слухачоў у Беларусі перадусім пра найважнейшыя падзеі з розных галін жыцця польскай дзяржавы, пра польска-беларускія ўзаемадачыненні, пра сітуацыю нацыянальных меншасцяў: беларускай у Польшчы і польскай у Беларусі. Разам са зменаю палітычнай сітуацыі ў Беларусі, з прыходам да ўлады прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, служба ўзяла на сябе дадатковы абавязак — паведамлення пра падзеі ў Беларусі ды пра трактоўку беларускіх уладаў міжнароднай грамадскай думкаю. Некаторая частка эфірнага часу прызнaчаецца таксама дасягненням беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе.

Беларуская служба Польскага радыё імкнецца наладзіць супрацоўніцтва з іншымі СМІ, якія працуюць на беларускай мове. У прыватнасці, ідзе супольная праца з Рэдакцыяй нацыянальных меншасцяў Радыё Беласток. Ажыццяўляліся агульныя праекты і з медыямі ў Беларусі: з радыёстанцыяй «Беларуская маладзёжная», «Радыё 101,2», Радыё «Сталіца», а таксама з Беларускай службай Радыё «Свабода», з недзяржаўнай прэсай у Беларусі.

У склад рэдакцыі ўваходзяць: Анна Задрожна, Валера Саўко, Яланта Смялоўская, Тамаш Саевіч, Эльвіра Богдан-Сянкевіч, Наталля Грышкевіч-Шымковяк, Дзмітрый Гурневіч, Алена Пытэль, кіраўнік — Ніна Баршчэўская. Польскае Радыё мае сваіх карэспандэнтаў у абласных цэнтрах Беларусі, а таксама ў Вільні.

Праграмы Беларускай службы Польскага радыё закранаюць пытанні палітыкі, эканомікі, адукацыі, культуры. Наладжана двухбаковая сувязь са слухачамі. Служба выдае бюлетэнь «Камунікат».

Дэклараванай місіяй Беларускай службы Польскага радыё з’яўляецца ліквідаваньня інфармацыйнай блакады ў Беларусі, прыбліжэнне вобразу сучаснай Польшчы, выхаванне пашаны да нацыянальных беларускіх традыцый, гісторыі і культурнай спадчыны.

Перадачы Беларускай службы Польскага радыё для замежжа выходзяць у эфір на кароткіх хвалях а 16.30 і 19.30 паводле беларускага часу (адпаведныя частаты: 7180, 6035 і 6060 kHz).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Баршчэўская Н. Удзел Беларускай рэдакцыi Польскага радыё ў працэсе будаваньня новых польска-беларускiх адносiнаў // Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 2. Мн., 1997.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]