Бецылеу
Бецылеу (Betsileo) | |
![]() | |
Жанчыны бецылеу, 1908 г.
| |
Агульная колькасць | 2246 тыс. (2011 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Мадагаскар |
Мова | малагасійская |
Рэлігія | культ продкаў, шаманізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | іншыя малагасійцы |
Бецыле́у (малагас. Betsileo, літаральна "шматлікія непераможныя") - этнічная група малагасійцаў. Насяляюць цэнтральную ўзгорыстую частку Мадагаскара. Агульная колькасць - 2246 тыс. чал.[1]
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Бецылеу сцвярджаюць, што іх продкі прыйшлі ва ўзгорыстыя раёны Цэнтральнага Мадагаскара з поўдня вострава. У XVII ст. склалася некалькі дзяржаўных аб'яднанняў на чале правадыроў-мпандзака, заваяваных у кан. XVIII - XIX ст. манархамі мерына. Радама I стварыў адзіную адміністрацыйную адзінку з цэнтрам у горадзе Фіанаранцуа і такім чынам аб'яднаў усіх бецылеу, якія, аднак, працягваюць да нашых дзён падзяляцца на тры буйныя групы паводле межаў былых дзяржаў - фісакана, манандрыяна і ісандра.
У XIX ст. тэрыторыя бецылеу складала адну з дзвюх асноўных частак Мадагаскарскага каралеўства. У мэтах задушэння магчымага супраціўлення, каралеўскія ўлады ператварылі частку мясцовага насельніцтва ў рабоў андэву. Іх нявольная праца выкарыстоўвалася як на самім Мадагаскары, так практыкавалаўся продаж рабоў замежным гандлярам. Рэформы, што адбываліся ў Імерыне, непасрэдна закраналі і гэты рэгіён. Многія бецылеу служылі ў каралеўскай арміі або займалі пасады чыноўнікаў.
У кан. XIX ст. былі заваяваны Францыяй. Многія прадстаўнікі бецылеу актыўна ўдзельнічалі ў руху за незалежнасць Мадагаскара, падтрымлівалі рэформы, накіраваныя на культурную еднасць краіны.
Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]
Галоўны занятак - сельская гаспадарка. Асабліва важнае значэнне мае вырошчванне рысу, што магчыма дзякуючы добра распрацаванай сістэме ірыгацыі, будаўніцтву дамб і каналаў, а таксама стварэнню тэрасіраваных палеткаў. Сяляне таксама трымаюць курэй, свінняў, коз і зебу.
Рамяство як самастойны занятак вылучылася ў XVIII ст. Бецылеу былі знакамітыя вытворчасцю шоўкавай тканіны дзамба (гэтай працай займаліся пераважна жанчыны), пляценнем і як добрыя муляры. Шаманы і астролагі практыкавалі сваё уменне за межамі рэгіёну, населенага бецылеу, лічыліся добрымі лекарамі. Многія сучасныя бецылеу працуюць у гарадах, на буйных прамысловых аб'ектах.
Традцыйныя жытлы будаваліся з дрэва, каменю і гліны. Даволі распаўсюджаная шматпавярховая забудова.
У мінулым мужчыны татуіравалі цела. Аднак у XX ст. гэты звычай знік. Затое захаваўся звычай рабіць складаныя жаночыя прычоскі.
Большасць сем'яў малыя нуклеарныя. Сістэма сваяцтва падобная на гавайскую. Існуе звычай мяняць асабістае імя на працягу жыцця. Жыхары пэўнага месца складаюць суседскую абшчыну фукунулуна. Падобна мерына, падзяляюцца на высакародных андрыяна, простых хува і даволі буйны пласт нашчадкаў рабоў андэву.
Мова[правіць | правіць зыходнік]
Размаўляюць на трох гаворках малагасійскай мовы. У побыце гараджан і інтэлігенцыі распаўсюджана літаратурная мова.
Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]
Большасць бецылеу спавядае хрысціянства, пераважна каталіцызм. Захоўваюцца многія рысы традыцыйных культаў шанавання продкаў і шаманізм, што асабліва выяўляецца ў пахавальнай абраднасці.