Брэсцкі абласны Палац культуры
Брэсцкі абласны Палац культуры | |
---|---|
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Канец будаўніцтва | 1980 |
Архітэктар | Генадзь Пятровіч Чысцякоў |
Сайт | rdkp.by |
Брэсцкі абласны Палац культуры — палац культуры ў Брэсце, размешчаны па Маскоўскай вуліцы, 275[1]. Пабудаваны ў 1980 годзе па праекце архітэктара Г. Чысцякова як Палац культуры прафсаюзаў.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]
Фарміруе добраўпарадкаваную плошчу з дэкаратыўнымі сценамі-падпорамі, лесвіцамі, газонамі, кветнікамі. Кубападобны аб’ём на калонах, над якім выступае прамавугольнае ў плане памяшканне глядзельнай залы. Галоўны фасад вырашаны лаканічна ў выглядзе расчлянёнай пілонамі плоскасці з суцэльным зашкленнем. Усе фасады апрацаваны тэразітавай тынкоўкай. галоўны — вылучаны вітражом. Ва ўнутраным дворыку — фантан, газоны, дарожкі выкладзены бетоннымі плітамі.

У Палацы 3 залы — глядзельная на 760 месцаў, спартыўная з балконам для гледачоў, лекцыйная на 350 месцаў. Уваход у апошнюю праз шырокі вестыбюль 1-га паверха і двухсветлавое фае 2-га. На 3-м паверсе мастацкая студыя, танцавальная зала, пакоі для гуртковай работы. На 1-м паверсе клубнай часткі памяшканні для адміністрацыі, бібліятэка. У дзіцячым сектары бібліятэка, зала для гульняў, пакоі для работы гурткоў. У падвале гардэроб, санвузлы, майстэрні, тэхнічныя службы. У інтэр’еры выкарыстаны чырвоны і зялёны граніт, белы мармур, наборны паркет. У фае глядзельнай залы і бары мастацкія пано.
Лаканічная архітэктура будынка, асаблівасці функцыянальнага вырашэння робяць яго адным з удалых гарадскіх грамадска-культурных збудаванняў пасляваеннага часу.
Зноскі
- ↑ Стары адрас паводле Збору помнікаў — дом № 269
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- А. М. Кулагін. 56. Палац культуры мікрараёна Усход // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — 368 с., іл.