Галоўны корпус Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта
Славутасць | |
Галоўны корпус Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта | |
---|---|
52°25′41″ пн. ш. 31°00′57″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Гомель |
Архітэктар | В. I. Комар, Р. К. Ціхаў |
Дата пабудовы | 1981 год |
Галоўны корпус Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта — будынак у цэнтральнай частцы Гомеля, размешчаны па адрасе вул. Ланге, 5. Пабудаваны як будынак Гомельскага абкама КПБ у 1981 г. з цэглы (арх. В. I. Комар, Р. К. Ціхаў). У наш час будынак займае Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Стаіць з водступам ад чырвонай лініі забудовы вуліцы. Складаецца з 2 аб'ёмаў: асноўнага прамавугольнага ў плане 7-павярховага корпуса, да якога з боку дваровага фасада прыбудаваны аб'ём залы пасяджэнняў на 450 месцаў. Трохпавярховым аб'ёмам сталовай злучаны з Гомельскім абласным грамадска-культурным цэнтрам (былы Дом палітасветы).
Пластыку сіметрычна вырашанага галоўнага фасада ўзбагачаюць мерны рытм вертыкальных рэбраў ламанага контуру, абрамленні прамавугольных аконных праёмаў. Будынак завершаны шырокім прафіляваным карнізам. Фасады апрацаваны дэкаратыўнай тынкоўкай. Сцены цокаля і трохчасткавы партал галоўнага ўвахода абліцаваны чырвоным паліраваным гранітам.
Планіроўка калідорная. Парадная лесвіца асноўнага корпуса з падпорнай сценкай і дэкаратыўным кветнікам. Па 1-м паверсе размешчаны шырокі вестыбюль, памяшканні, якія раней прызначаліся для прыёму наведвальнікаў, на 2—7-м паверхах — кабінеты. У дэкаратыўным афармленні інтэр'ераў выкарыстаны мармур, фільзіт. У фае залы пасяджэнняў быў устаноўлены бюст У. І. Леніна.
Архітэктурна-мастацкае вырашэнне ансамбля забудовы дапаўняюць элементы добраўпарадкавання і малыя формы архітэктуры на прылеглай да будынкаў невялікай плошчы.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Гомельская вобласць. — 383 с., іл.