Перайсці да зместу

Вадохрышча (абраз з Андронава)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вадохрышча (Богаяўленне). XVIII ст.
Матэрыял дрэва, ляўкас, тэмпера
Памеры 122 × 84 см
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мінск

Вадохрышча, або Богаяўленне[1] — абраз сярэдзіны XVIII ст., які паходзіць з Пакроўскай царквы ў в. Андронава Брэсцкай вобласці. У 1974 годзе паступіў у Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, дзе захоўваецца дагэтуль[2].

Абраз прысвечаны аднаму з двунадзясятых святаў — Хрышчэнню Гасподняму, якое апісана ў Евангеллі. На ім Ісус у белай набедранай павязцы  (руск.) са скрыжаванымі на грудзях рукамі. Адлюстраванне Хрыста са скрыжаванымі на грудзях рукамі характэрнае для сюжэта «Вадохрышча» ў беларускім іканапісе і кірылаўскай кніжнай графіцы. На беразе ракі Іардан на акруглым каменным узвышэнні — Іаан Прадцеча ў вогненна-чырвоным адзенні, які схіліўся над Ісусам Хрыстом, распрасцёршы руку над Яго галавой у благаслаўляльным жэсце. З нябёсаў Бог Айцец благаслаўляе, спасылаючы Святога Духа ў выглядзе голуба. У лаканічнай кампазіцыі няма анёлаў, якія традыцыйна прысутнічаюць у гэтым сюжэце, хоць у евангельскіх тэкстах яны не ўзгадваюцца. Бруяцца сіня-зялёныя воды Іардана. Берагі ракі пакрыты квітнеючымі кустамі і травамі. Фон упрыгожвае разны па ляўкасе арнамент у выглядзе спіральных атожылкаў з бутонамі лілей[2].

Зноскі

  1. Вадохрышча называецца таксама Богаяўленнем, бо пры гэтай падзеі свету былі яўлены ўсе тры Асобы Святой Тройцы: Бог Сын хрысціўся ў Іардане, Бог Айцец сведчыў пра яго голасам з нябёсаў: «Ты сын мой любы, да Якога ласка і прыхільнасць Мая» (Мк. 1:11), і Бог Дух Святы сыйшоў з нябёсаў на Хрыста ў выглядзе голуба.
  2. а б Выстава аднаго твора з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь(недаступная спасылка)