Ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва — дзейнасць у галіне міжнародных адносін, звязаная з распрацоўкай, вытворчасцю, экспартам/імпартам прадукцыі, работ і паслуг ваеннага прызначэння: узбраення, ваеннай тэхнікі, вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці і правоў на іх, інфармацыі ў ваенна-тэхнічнай галіне.

Мэты ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва:

  • умацаванне ваенна-палітычных пазіцый дзяржавы;
  • падтрыманне на неабходным узроўні экспартнага патэнцыялу ў галіне звычайных узбраенняў і ваеннай тэхнікі;
  • развіццё навукова-тэхнічнай і эксперыментальнай базы абаронных галін прамысловасці, іх навукова-даследчых і вопытна-канструктарскіх устаноў і арганізацый;
  • атрыманне фінансавых сродкаў для дзяржаўных патрэб, у тым ліку для развіцця ваеннай прамысловасці.

У шэрагу краін створаны спецыяльныя ўрадавыя агенцтвы для ажыццяўлення ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. У ЗША ў структуры Міністэрства абароны функцыяніруе Упраўленне супрацоўніцтва ў галіне ваеннай бяспекі (Defense Security Cooperation Agency), якое прадастаўляе фінансавую і матэрыяльна-тэхнічную дапамогу, перадачу прадукцыі, работ і паслуг ваеннага прызначэння, а таксама забяспечвае кантакты прадстаўнікоў ваенных ведамстваў. У Расіі з 2004 працуе падведамасная Міністэрству абароны Федэральная служба па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве.

Ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Стварэнне эфектыўнай ваеннай арганізацыі Рэспублікі Беларусь патрабуе прыцягнення значных арганізацыйных, матэрыяльных, фінансавых рэсурсаў, частка якіх можа быць атрымана галоўным чынам ці выключна шляхам ажыццяўлення ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі.

Найлепшыя вынікі дасягнуты ў супрацоўніцтве з расійскім бокам. Вядзецца сумесная распрацоўка і вытворчасць сучасных узораў узбраення і ваеннай тэхнікі, адбываецца абмен навукова-тэхнічнай інфармацыяй, вядуцца пастаўкі прадукцыі для ўзброеных сіл абедзвюх дзяржаў.

Наладжана ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Украінай. Падпісана некалькі міжурадавых пагадненняў, рыхтуецца шэраг дадатковых дакументаў па пытаннях супрацоўніцтва ў галіне метралогіі, стандартызацыі, класіфікацыі, кадзіравання і каталагізацыі, узаемнай аховы правоў на рэзультаты інтэлектуальнай дзейнасці, створаные падчас двухбаковага ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, а таксама правядзення сумесных навукова-даследчых і вопытна-канструктарскіх распрацовак. Ажыццяўляюцца ўзаемныя пастаўкі кампанентаў для вытворчасці, рамонту і мадэрнізацыі ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі, прапрацоўваюцца варыянты правядзення сумесных работ па мадэрнізацыі зенітна-ракетных комплексаў, авіяцыйнай і бранятанкавай тэхнікі.

Беларуская тэхніка з’яўляецца важным кампанентам інтэграваных сістэм абароны многіх краін свету. Асновай наземнага кампаненту ядзернай трыяды Расіі і Кітая сталі калёсныя цягачы МЗКТ, прычым у КНР беларускімі спецыялістамі было пабудавана зборачнае прадпрыемства мінскага завода («Санцзян-Волат», правінцыя Хубэй).

Рэспубліка Беларусь — адзін з сусветных лідараў па вытворчасці і гандлі ўзбраеннем і ваеннай тэхнікай. Паводле разлікаў Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем міру (SIPRI) у 1998—2002 Беларусь уваходзіла ў першую дзесятку краін-экспарцёраў узбраення, а ў 1999 займала сёмае месца ў свеце — пасля ЗША, Расіі, Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі і Украіны.

Суб’екты ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі — адпаведныя дзяржаўныя органы, а таксама ўпаўнаважаныя Урадам Рэспублікі Беларусь спецыялізаваныя вытворчыя і знешнегандлёвыя прадпрыемствы.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]