Васіліса Гальшанская
Васіліса Гальшанская | |
---|---|
Дата нараджэння | не пазней за 1405 |
Дата смерці | не пазней за 25 жніўня 1484 |
Бацька | Андрэй Вязынскі[1] |
Маці | Аляксандра Дзмітрыеўна[d][1] |
Муж | Іван Уладзіміравіч Бельскі і мерк. Міхаіл Сямёнавіч[d] |
Дзеці | Марыя Іванаўна Бельская[d], Фёдар Іванавіч Бельскі, Агнешка Бельская[d], Ганна Бельская[d], Адзінцэвічава Іванаўна Бельская[d], Януш Іванавіч Бельскі[d] і Сямён Іванавіч Бельскі[d] |
Васіліса Гальшанская (да 1405 — да 25 жніўня 1484) — вялікалітоўская арыстакратка з роду князёў Гальшанскіх.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Старэйшая дачка вязынскага князя Андрэя з Гальшанскіх і друцкай княжны Аляксандры Дзмітрыеўны, сястра маладзейшых Соф’і і Марыі. Перад лютым 1422 года выйшла замуж за князя Івана Уладзіміравіча.[2]
Як удава трымала Смаляны (Смальняны) і памерла да 1484 года, што вынікае з прывілеяў на Смальяны, выдадзеных князю Сямёну Іванавічу ў 1484 годзе, бо «маёнтак трымала пажыццёва яго маці», і князю Канстанціну Астрожскаму ў 1522 годзе на маёнтак «бабкі яго нябожчыцы княгіні Васілісы Іванавай Уладзіміравічай Бельскай і сына яе, нябожчыка князя Сямёна Бельскага».[2]
У шлюбе з князем Іванам Уладзіміравічам мела чатырох сыноў — Івана, Януша, Фёдара, Сямёна і прынамсі чатырох дачок.[3]
Паводле Юзафа Вольфа, па смерці князя Івана (пасля 1446), Васіліса ўзяла другі шлюб з бліжэй невядомым князем Міхаілам Сямёнавічам. На думку Вольфа, гэта вынікае з рэвізіі цэркваў у Бельску ў 1637 годзе, паводле якой князь Міхаіл Сямёнавіч з памылковым тытулам гарадзенскага, бельскага і кобрынскага, разам «з жонкай княгіняй Васай» заснаваў там царкву, дзе пазней княгіню Васу пахавалі. Пра пахаванне княгіні ў адной з бельскіх цэркваў паведамляе і ліст бельскаму плябану, быццам выданы вялікім князем Аляксандрам, на перанос царквы з замка на гары на іншае годнае месца, у лісце згадана «бабка наша княгіня Васа Міхайлава». На праўдзе Васіліса Гальшанская была не бабкай, але цётачнай бабкай вялікага князя Аляксандра. Да таго ж, памылковае датаванне ліста, ужо пасля смерці вялікага князя Аляксандра, і агулам вельмі благая перадача зместу пазнейшымі публікатарамі, робіць яго неверагодным. Калі ўсё ж другі шлюб Васілісы быў на праўдзе, то па смерці другога мужа княгіня вярнулася да тытулаў першага — князя Івана Уладзіміравіча.[2]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 96.
- ↑ а б в Wolff 1895, s. 4.
- ↑ Wolff 1895, s. 4-7.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa: Drukiem J. Filipowicza, 1895.