Перайсці да зместу

Вераценніца ломкая

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вераценніца ломкая
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Anguis fragilis L.


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  1146449
NCBI  102178
EOL  453239
Дарослыя самцы аднастайна ярка афарбаваны.

Вераценніца ломкая (Anguis fragilis), мясцовыя назвы: мядзянка, слімень — паўзун сямейства вераценніцавых.

Даўжыня цела 12-22 см, разам з хвастом 23-43 см, маса 15-35 г. Цела верацёнападобнае, доўгае, нагадвае цела змяі. Знешнія прыкметы, якія адрозніваюць вераценніцу ад змей, — гэта наяўнасць рухомых павекаў; лускі брушнога і спіннога бакоў амаль аднолькавыя. Луска тулава выключна гладкая. Маладыя вераценніцы афарбаваны ў серабрыста-белы і бледна-крэмавы (з залатым адлівам) колер. Уздоўж хрыбта праходзяць адна або дзве тонкія палоскі, якія пачынаюцца на патыліцы трохвугольнай плямай. Бакі і бруха ярка-бурага або чорнага колеру, рэзка кантрастуюць з афарбоўкай спіны. У працэсе росту афарбоўка мяняецца: спіна цямнее, а бакі і брушка, наадварот, святлеюць. З узростам вераценніцы зверху набываюць ярка-карычневую або цёмна-шэрую афарбоўку з характэрным медным або бронзавым адценнем, чым і тлумачыцца іншая назва віду — мядзянка.

Распаўсюджанне

[правіць | правіць зыходнік]
Паштовая марка Беларусі.

Арэал вераценніцы займае вялікую частку Еўропы, месцамі даходзіць амаль да Палярнага круга. Пашырана яна таксама ў Малой Азіі, на Каўказе, на поўначы Ірана, у Заходняй Сібіры.

Найбольш звыклыя біятопыамі для вераценніцы -- мяшаныя, бярозавыя і хваёвыя лясы, алешнікі, у якіх яна аддае перавагу палянам, узлескам, высечкам, прасекам, абочынам дарог. Часам паўзуны трапляюцца ў месцах, дзе хваёвыя лясы мяжуюць з поймамі рэк, азёр, вярховымі балотамі.

Вераценніца ломкая — адзіны від бязногіх яшчарак у Беларусі. Колькасць вераценніцы даволі нізкая.

У адрозненне ад іншых яшчарак Беларусі вераценніца менш прыкметная ў прыродзе, бо вядзе даволі скрытны спосаб жыцця. Да таго ж яна актыўная ў асноўным у прыцемках і ноччу пры цёплым надвор'і. Днём яна бывае часцей актыўная ў пахмурнае надвор'е, хаця адзначаліся асобныя выпадкі актыўнасці вераценніц у паўдзённую спёку пры тэмпературы больш за 30 °C. Вераценніц, якія «загараюць», часцей можна бачыць вясной, калі яшчэ недастаткова цяпла, а таксама пасля перыяду халоднага надвор'я летам. Любіць гэта яшчарка выйсці на паляванне пасля спорнага летняга дажджу.

Сховішча вераценніца здольна зрабіць сабе сама ў лясным подсціле або мяккай глебе, хаваецца таксама пад стваламі паваленых дрэў і штабялямі бярвення, пад кучамі буралому, у трухлявых пнях і пад іх карой, пад камянямі, у норах розных дробных рыючых жывёл.

Палюе гэта яшчарка пераважна на дажджавых чарвякоў, якіх бывае шмат на паверхні глебы пасля дажджу. Акрамя таго, яна часта паядае малюскаў. Нямала ў рацыёне гэтых яшчарак насякомых і іх лічынак, мнаганожак.

Ад ворагаў вераценніцу ратуе скрытны спосаб жыцця і характэрная для ўсіх іншых яшчарак здольнасць да аўтатаміі — абломвання доўгага хваста, які застаецца ў зубах або кіпцюрах драпежніка (адсюль і другая частка назвы віду — ломкая). Тым не менш вераценніца часта становіцца ахвярай іншых жывёл, якія кормяцца яшчаркамі.

На зімоўку вераценніца адыходзіць даволі позна — у канцы верасня — кастрычніку. Зімовую спячку праводзіць у норах, пад пнямі, у гнілых пнях. Часам збіраецца да 20-30 і больш асобін у адным месцы. Вясной яна з'яўляецца ў красавіку.

Пасля шлюбнага перыяду, прыкладна праз 3 месяцы, самка яйкажыванараджэннем прыносіць ад 5 да 26 дзіцянят, часцей за ўсё 7-14, звычайна, у канцы ліпеня-жніўні. Вераценніцы становяцца полаваспелымі на трэці год жыцця. Ліняе вераценніца некалькі разоў на год, пакідаючы, як і змеі, выпаўзак — старую скуру.

Вераценніца добра сябе адчувае ў жывых кутках і прывыкае да чалавека.

  • Земнаводныя. Паўзуны: Энцыклапедычны даведнік. Мн: БелЭн, 1996. ISBN 985-11-0067-6
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / Белорус. Сов. Энцикл.; И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — 2-е изд. — Мн.: БелСЭ, 1989.