Верхняя царква (Гродна)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Верхняя царква
Верхняя царква. Рэканструкцыя. А. Трусаў, 1988
Верхняя царква. Рэканструкцыя. А. Трусаў, 1988
53°40′38″ пн. ш. 23°49′21″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Архітэктурны стыль гатычная архітэктура
Будаўніцтва XIIIXIV

Верхняя царква — помнік археалогіі Сярэднявечча, размяшчалася ў заходняй частцы Старога замка ў Гродне, побач з Ніжняй царквой. Мае выразныя рысы прымітывізацыі і архітэктурна-будаўнічага рэгрэсу.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Была пабудавана ў канцы XIII — сярэдзіне XIV стагоддзя на дзядзінцы на месцы загінуўшай у 1183 г. Ніжняй царквы. Верхняя царква была разабрана падчас будаўнічых работ апошняй чвэрці XVI ст. пры пабудове палаца С. Баторыя.

Адкрыта ў 1933 Ю. Ядкоўскім падчас раскопак на Старым замку.

У датаванні храма да нядаўняга часу існаваў разнабой: канец XIV — пачатак XV стст. (М. М. Варонін, які сцвярджаў, што паколькі ўзровень падлогі царквы знаходзіцца амаль на 0,5 м вышэй, чым выбрукоўка Вітаўта, то храм трэба аднесці да XIV ст.)[1], сярэдзіна — 2-я палова 13 ст. (С. А. Абрамаўскас, В. Левандаўскас). Польскія даследчыкі лічылі, што бажніца ўзведзена ў XIII ст. Так, Я. Вайцяхоўскі(польск.) бел. звязваў Верхнюю царкву з часамі Міндоўга, але, на яго думку, яна магла знаходзіцца і ў замку Вітаўта. Найбольш блізкай да ісціны лічыцца версія А. А. Трусава і А. У. Кушнярэвіча, якія на падставе параўнаўчага аналізу цэглы з розных сярэдневяковых помнікаў Беларусі і Літвы прыйшлі да высновы, што помнік пабудаваны на мяжы 13 і 14 ст.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Верхняя царква была невялікім храмам, складалася з асноўнага квадратнага ў плане аб'ёму памерам 8,9 x 8,8 м, да ўсходняй сцяны якога далучалася адна паўкруглая апсіда даволі значных памераў. Квадрат палана крыху перакошаны, сцены маюць розную таўшчыню і няправільную перавязку швоў, што сведчыць аб прафесійнай недасканаласці будаўнікоў.

Надмурак бажніцы складзены з 2—3 радоў камянёў. У муроўцы выкарыстаны два тыпы цэглы — тонкая (плінфападобная) і вялікапамерная брусковая (31x17x8,7 см; 31x16x8 см; 30,5x15x7 см; 28,7x13,5x7 см). Таўшчыня швоў паміж цаглінамі вагаецца ад 1 да 5 см. У якасці раствору ўжывалася белая вапна з нязначнымі дамешкамі пяску і жвіру. Выкарыстана лусковая тэхніка муроўкі з запаўненнем унутранай прасторы ў тоўшчы сцен дробным каменем.

Вуглы сцен былі скошаныя, зрэзаны пад вуглом 45 градусаў, у муроўцы сцен выкарыстаны шліфавальныя камяні, як і ў ранейшых помніках гродзенскай архітэктурнай школы. Характэрна, што адшліфаваны бок валуноў не заўсёды выходзіць на паверхню фасадаў. Гэта наводзіць на думку, што будаўнічы матэрыял зруйнаванай раней Ніжняй царквы быў выкарыстаны бессістэмна пры ўзвядзенні новага храма. Як і ва ўсіх тагачасных пабудовах, сцены царквы не былі атынкаванымі. Падлога была выкладзена з цэглы. У сцяне апсіды з унутранага боу былі зроблены разгузачныя арачныя нішы глыбінёю ў дзве цагліны для надання ёй прасторавай жорсткасці і ўстойлівасці.

Першапачаткова перакрыццё царквы было драўляным, а пасля перабудовы ў канцы XIV ст. яго перакрылі гатычнымі нервюрнымі скляпеннямі, для апоры якіх у сярэдзіне асноўнага аб'ёму былі пастаўлены два слупы крыжападобнай формы, адначасова ўмацаваны арачны праём у алтарную апсіду. Нервюры скляпенняў былі зроблены з фасоннай цэглы стрэльчатай формы, а сцены ўверсе аздоблены крыжападобнай цэглай. Храм накрылі дахоўкай.

Апсіда ва ўсіх рэканструкцыях перакрыта паўсферычнай конхай, але мае розную вышыню: ці больш нізкую за асноўны аб'ём, ці роўную з ім, апярэзаную па версе аркатурным поясам, які пераходзіць у пояс машыкуляў у паддашку. Найбольш верагодным варыянтам перакрыцця квадратнага ў плане асноўнага аб'ёму з'яўляецца васьмігранны шатровы дах з галоўкай на светлым барабане ў цэнтры.

У храме захаваліся рэшткі крыжовага ў плане слупа, а таксама яшчэ двух слупоў, аддзяляўшых апсіду ад асноўнага аб'ёму. Рэшткі царквы, адкрытыя археолагамі, захаваліся на вышыню ўсяго 1-1,5 м. Пасля даследавання яны былі распілаваны, закансерваваны і перанесены ў асобны павільён на тэрыторыі Замкавай гары.

Рэканструкцыю царквы выканалі: у 1938 — Т. Андрыёнчык, у 1965 — Абрамаўскас, у 1987 — Ф. Селязнёў, R Сташкевіч, А. Трусаў.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Воронин, Н. Н. Древнее Гродно // Материалы и исследования по археологии СССР. — 1954. — № 41. — С. 183.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік, Рэдкал.: А. А, Воінаў і інш. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993, 620 с., ISBN 5-85700-078-5
  •  Трусаў А. А., Собаль В. Е., Здановіч Н. I. Стары замак у Гродне XI—XVIII стст.: Гіст.-археал. нарыс, Мінск: Навука і тэхніка, 1993, 152 с., ISBN 5-343-01429-1
  •  Швед В. В., Госцеў А. П., Дабрыян А. А. Горадзен. Аповяды з гісторыі горада (10 ст. — сярэдзіна 16 ст.), Гродна, 1996, 60 с.
  • Габрусь Т. В. Саборы помняць усё: Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі. — Мн.: Беларусь, 2007. — 167 с.: іл. — ISBN 978-985-01-0714-5
  • Археалогія Беларусі: энцыклапедыя, Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш. У 2 т., Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009, Т. 1. А-К, 496 с., ISBN 978-985-11-0354-2
  • Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш., Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012, 370 с., ISBN 978-93-61617-77-8
  • Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада, Калектыў аўтараў: Карнялюк В., Швед В. і інш., Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012,(Гарадзенская бібліятэка). ISBN 978-83-61617-85-3