Род Вяземскіх

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Вяземскія)
Jump to navigation Jump to search

Вяземскія — княжацкі род з дынастыі Расціславічаў Смаленскіх, уладальнікі Вяземскага княства. Пазней арыстакратычны род у Вялікім княстве Літоўскім і Маскоўскай дзяржаве.

У XIV ст. было дзве дынастыі вяземскіх князёў. Першая з прадстаўнікоў малодшай галіны смаленскіх князёў -- Андрэй Міхайлавіч (у 1300-х), Фёдар Святаславіч (да 1341). Другая -- нашчадкі Андрэя Уладзіміравіча Доўгай Рукі, сына смаленскага князя Уладзіміра Рурыкавіча (памёр у 1239). Прадстаўнікі абодвух дынастый (Іван Святаславіч і Аляксандр Міхайлавіч) трапілі ў літоўскі палон у 1403 годзе, калі Вязьма была далучана да ВКЛ. Да пачатку XV ст. прызнавалі за старэйшых вялікіх князёў смаленскіх, у 1404 годзе вяземскі князь Сямён Мсціславіч ад'ехаў да Вялікага княства Маскоўскага разам з апошнім смаленскім князем Юрыем Святаславічам, якім ў 1406 годзе і быў забіты. У XV ст. Вяземскія сталі васаламі вялікіх князёў літоўскіх.

Сярод актыўных прыхільнікаў Свідрыгайлы Альгердавіча ўпамінаецца Міхаіл Львовіч Вяземскі (загінуў у 1435). Пры Казіміры і яго сыне Аляксандры падараванні атрымлівалі князі Канстанцін, Іван Канстанцінавіч, Іван Аляксандравіч, Барыс Дзмітрыевіч Хмелітка і іншыя. Да канца XV ст. род Вяземскіх моцна разросся, з яго вылучыліся князі Бываліцкія, Жылінскія, Казлоўскія, Крошынскія. Уладанні некаторых Вяземскіх былі даволі вялікія. Да пачатку маскоўска-літоўскай вайны 1487—1494 гадоў старэйшы ў родзе князь Міхаіл Дзмітрыевіч валодаў доляй у Вязьме і Хлепенем з валасцямі, а таксамаваласцямі Дуброва(руск.) бел., Арэхаўна, Магілен, Нягодзін, Міценкі, Ждаць, атрымліваў гандлёвыя пошліны. Князю Барысу Дзмітрыевічу належала воласць Труфанаў. Князь Васіль Бываліцкі, апроч Бываліцы на рацэ Вазузе, валодаў валасцямі Негамір і Сачоўкі. Князь казлоўскі Леў Іванавіч Курэйшаў, апроч Казлова, трымаў Камянец, Малоту і Клін. Князі крошынскія страцілі свае ўладанні на самым пачатку маскоўска-літоўскай вайны 1487-1494 гадоў, замест захопленых маскоўцамі валасцей Цешынавічы, Сукромна, Альховец, Надслаў, Ад'ездзец яны атрымалі ўладанні ў Смаленскім павеце, але і іх неўзабаве захапіў маскоўскі бок.

3 1487 года маскоўскія войскі мэтанакіравана спусташалі ўладанні Вяземскіх. Аднак амаль усе яны (апроч Андрэя Юр'евіча) засталіся вернымі вялікаму князю літоўскаму. Зімой 1492—1493 гадоў большасць Вяземскіх захоплена ў Вязьме маскоўскім войскам. Міхаіл Дзмітрыевіч быў сасланы на Паўночную Дзвіну, а астатнія размеркаваны па Пераяслаў-Залескім, Кашырскім, Раманаўскім (Пашахонскім), Белазёрскім, Малаяраслаўскім, Кастрамскім і Серпухаўскім паветах. Вяземскія, якія засталіся ў ВКЛ, атрымалі новыя ўладанні і ўрады. Васіль Сямёнавіч Жылінскі стаў намеснікам медніцкім, атрымаў маёнткі (у т.л. двор Гайдуцішкі) «до очищеня отчизны своее». Сярод гаспадарскіх дваран без маёнткаў лічыўся князь Іван Казлоўскі. Іван Канстанцінавіч Вяземскі ў 1495 годзе атрымаў у Лучыне (Гарадку) сяло Прыселле. Івану Львовічу Вяземскаму дапамог яго цесць смаленскі акольнічы Іван Кошка і выклапатаў яму двор у Віленскім павеце, таксама ў яго былі ўладанні ў Лукомскім княстве.

Прадстаўнікі роду Вяземскіх адыгралі значную ролю ў гісторыі Расіі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Цемушаў В. Вяземскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. Т.1: Абаленскі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал.рэд.) і інш.; Маст. З.Э. Герасімовіч. – Мн.: БелЭн, 2005. – 688 с.: іл. С. 472. ISBN 985-11-0315-2 ISBN 985-11-0314-4 (т. 1)
    • Кузьмин, А. В. Из опричников в прокуроры: к истории рода Вяземских // Сподвижники великой Екатерины: Тезисы докладов и сообщений конференции, Москва, 22 — 23 сентября 1997 г. / Российская академия наук, Институт российской истории, Центр по изучению территории и населения; [Редколлегия: Я. Е. Водарский (ответственный редактор) и другие]. — М.: ИРИ, 1997. — 107, [1] с. — С.