Перайсці да зместу

Іван Кошка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іван Кошка
Бацька Іван Антонавіч Кошка[d][1]
Дзеці Ганна з Кошкаў[d][2][1] і Н з Кошкаў[d][3]

Іван Іванавіч Кошка (да 1443 — пасля 1526) — магчыма, пісар гаспадарскі (зг. 1470), акольнічы смаленскі (зг. 1492—1526), намеснік маладзечанскі (зг. 1500).

Са смаленскіх баяр. Бацька — Іван Антонавіч, атрымаў ад вялікага князя Казіміра слугу Пратаса, дзве тонькі на рацэ і Лапоцькава ў Смаленскай зямлі[4]. Таксама вядомы бацькаў брат — Алізар, яго сын Якаў, уладальнік сяла Белая у Смаленскім павеце, і невядомы на імя ўнук[5].

Сам Іван Кошка ў 1457 годзе атрымаў ад вялікага князя Казіміра 2 чалавекі і зямліцу, а ў 1467 годзе людзей, якіх раней трымаў нейкі Кляменцій. Магчыма, Іван тоесны згаданаму пад 1470 годам Кошку, службоўцу Канцылярыі вялікага князя Казіміра, імаверна, пісару гаспадарскаму. У 1482 і 1497 гадах Іван Кошка атрымаў пацвярджэнні на бацькавы і свае наданні ад гаспадара, а таксама свае куплі.[4]

Маскоўскае пасольства скардзілася на смаленскага акольнічага Івана Кошку за затрыманне ў Смаленску людзей маскоўскага падданага князя Сямёна Варатынскага ў 1493 годзе. Таксама Кошка ўдзельнічаў у памежных канфліктах, за грабяжы маскоўскіх людзей на памежжы вялікалітоўскімі падданымі, у тым ліку Кошкай, маскоўцы ў 1498 годзе абрабавалі смаленскіх мяшчан.[4]

У 1500 годзе Іван Кошка згаданы як акольнічы смаленскі і намеснік маладзечанскі[крыніца?].

Пасля захопу ў вайну 1500—1503 гадоў смаленскіх маёнткаў маскоўцамі Іван Кошка з’ехаў. Пагатоў, як актыўны ўдзельнік памежных канфліктаў наўрад ці мог разлічваць на нешта пад уладай вялікага князя маскоўскага.[4]

Замест страчаных маёнткаў атрымаў у 1506 і 1507 гадах ад вялікага князя Аляксандра дворац Гадуцішкі ў Віленскім павеце[4] і 60 чалавек[5]. У 1509 годзе на гэтыя ж уладанні атрымаў прывілей і Васіль Сямёнавіч Жылінскі, таксама замест маёнткаў страчаных на ўсходзе праз маскоўцаў. Адзін з зяцёў Івана Кошкі — князь Іван Львовіч Вяземскі, ездзіў да вялікага князя Жыгімонта аднаўляць наданне вялікага князя Аляксандра для свайго цесця. У 1507 годзе Кошка атрымаў сяло Белае ў Смаленскім павеце, перад тым належнае дваюраднаму брату Якаву Алізараву, якога звезлі ў маскоўскі палон, а яго сын сам ад’ехаў да маскоўскага боку.[5] Дворац Гадуцішкі Кошка пазней прадаў віленскаму ваяводзе Мікалаю Радзівілу[6].

Пратэкцыяй Івана Кошкі, адзін з яго зяцёў — князь Вяземскі таксама атрымаў маёнтак у Віленскім павеце, як кампенсацыю за страчаныя ў Смаленскай зямлі ўладанні.[5]

Такім чынам, акольнічы Кошка выехаў са Смаленскай зямлі з жонкай, дочкамі і зяцямі. Дзве дачкі сталі асноўнымі яго спадчынніцамі, іх нашчадкі мелі правы прэтэндаваць на смаленскія ўладанні пасля вызвалення тых ад маскоўцаў.[5]

Меў дзвюх дачок:

  • Ганну — пазней у шлюбе са смаленскім акольнічым і скарбнікам князем Канстанцінам Крошынскім.
  • невядомую імем — пазней у шлюбе з князем Іванам Львовічам Вяземскім.
  1. а б Сліж Н. У. Маёмасныя справы Мар’і Канстанцінаўны Крошынскай у святле яе тастаменту // Studia Historica Europae Orientalis / пад рэд. А. В. МартынюкМн.: Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, 2021. — вып. 14. — С. 152. — ISSN 2079-1488
  2. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 187.
  3. Сліж Н. У. Маёмасныя справы Мар’і Канстанцінаўны Крошынскай у святле яе тастаменту // Studia Historica Europae Orientalis / пад рэд. А. В. МартынюкМн.: Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, 2021. — вып. 14. — С. 153. — ISSN 2079-1488
  4. а б в г д Сліж 2021, с. 152.
  5. а б в г д Сліж 2021, с. 153.
  6. Сліж 2021, с. 153, заўв. 2.