Відэлец
Відэ́лец — сталовы прыбор у выглядзе стрыжня з зубцамі.
Упершыню з'явіўся ў Візантыйскай імперыі ў XI ст. Спачатку меў толькі адзін зубец. У выніку крыжовых паходаў распаўсюдзіўся па Заходняй Еўропе, перадусім у Італіі. У Польшчы і ВКЛ відэлец пачаў пранікаць ад часоў Боны Сфорцы. Відэльцы XVI – XVII ст. называліся грабкі, мелі адносна кароткія тронкі і два доўгія зубцы, спажываліся не як індывідуальная прылада, а толькі для накладання страў з мяса, птушкі і інш. з агульнага блюда (пасля чаго іх елі рукамі), пра што захавалася прыказка: “лыжка за халявай, а відэлец — на стале” (лыжку, у адрозненне ад відэльцу, шляхта насіла з сабой за халявай ботаў). Увядзенне відэльцу ў шырокі побыт, па-за Італіяй, заняло вельмі доўгі час: у Францыі відэлец з'явіўся толькі ў апошняй чвэрці XVI стагоддзя, пры Генрыху III Валуа (паводле адной з легенд, ён прывёз гэтую моду з Рэчы Паспалітай, дзе кароткі час быў каралём), у Расіі — з канца XVII ст. У Рэчы Паспалітай відэлец некалькі стагоддзяў заставаўся прэрагатывай найбольш заможных і адукаваных арыстакратаў; абавязковае забеспячэнне кожнага госця нажом і відэльцам пры каралеўскім двары звязваюць з Аўгустам II (сяр. XVIII ст.). У побыт абсалютнай большасці жыхароў Беларусі відэлец канчаткова ўвайшоў толькі ў 2-ой пал. XX ст.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Белы А. Відэлец // Праект «Наша ежа»
- Видэ́лец // Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т / АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Мн.: Галоўная рэдакцыя Беларус. Сав. Энцыклапедыі, 1977. — Т. 1: А — В / [рэдактар М. П. Лобан]. — С. 489. — 604 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Відэлец