Віктар Уладзіміравіч Кіслы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Віктар Уладзіміравіч Кіслы
Дата нараджэння: 3 жніўня 1976(1976-08-03) (47 гадоў)
Месца нараджэння:
Грамадзянства: Рэспубліка Беларусь
Адукацыя
Кампанія холдынг «Wargaming.net»
Пасада генеральны дырэктар; саўладальнік
Узнагароды і прэміі
медаль «За працоўныя заслугі»

Віктар Уладзіміравіч Кіслы (нар.3 жніўня 1976, Мінск, БССР, СССР) — беларускі прадпрымальнік. Сузаснавальнік, саўладальнік і генеральны дырэктар холдынгу «Wargaming.net».

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 3 жніўня 1976 г. у Мінску[1]. Яго бацька — Уладзімір Іванавіч Кіслы.

Віктар Кіслы жанаты і мае сына[2].

Выхаванне і адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Пачаў цікавіцца і актыўна захапляцца ваеннай гісторыяй яшчэ ў свае школьныя гады[1]. Асабліва Віктара прывабілі часы Першай і Другой сусветнай вайны, а таксама перыяд Грамадзянскай вайны (1917—1921) у Расіі[1].

Пасля школы Віктара Кіслы паступіў і скончыў фізічны факультэт БДУ (Беларусь) па спецыяльнасці «лазерная фізіка і спектраскапія».

Яшчэ ў студэнцкія гады зацікавіўся і заняўся распрацоўкай камп’ютарных гульняў — ваенна-стратэгічнага характару.

Прадпрымальніцкая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У 1998 г. Віктар Кіслы разам са сваімі сябрамі заснаваў прыватную кампанію «Гейм стрым», якая займаецца распрацоўкай і выпускам камп’ютарных гульняў. Кампанія выпусціла гульні «DBA Online», «Massive Assault», «Аперацыя „Баграціён“», «Order of War» і інш.

У тым жа 1998 г. зарэгістраваў кампанію «Wargaming.net», стаў яе генеральным дырэктарам. Шырокую вядомасць на рынку камп’ютарных гульняў кампанія атрымала пасля стварэння ў 2008 г. гульні «Аперацыя „Баграціён“», хоць прыбыткі кампаніі ад продажу гульні ледзь акупілі распрацоўку[3], а сапраўдны пачатак сусветнага поспеху і вялікіх прыбыткаў кампаніі пачаўся толькі пасля стварэння ў 2010 г. і папулярызацыі камп’ютарнай гульні «World of Tanks». Гэта хутка ўвяло Віктара Кіслага ў лік самых багатых бізнэсменаў Беларусі, а яго радок у рэйтынгу самых паспяховых бізнэсменаў краіны ўзвышаўся з кожным новым годам. Такім чынам, Віктар Кіслы ператварыў дзіцячае захапленне ў прыбытковы бізнэс.

У жніўні 2013 г. кампанія «Wargaming.net» урачыста адсвяткавала сваё 15-годдзе. Паводле ацэнак, на святкаванне юбілея кампанія выдаткавала каля 1 млн долараў ЗША[4]. Гульнявое падраздзяленне кампаніі «Игры@Mail.Ru» падарыла Віктару Кісламу з нагоды юбілея яго кампаніі — матацыкл «Harley Davidson»[5].

Пасля сусветнага поспеху камп’ютарнай гульні «World of Tanks» (пра танкавыя баталіі), холдынг «Wargaming.net» пачаў распрацоўваць аналагічна ваенна-стратэгічную гульню пра марскія баталіі («World of Warships») і гульню пра паветраныя баталіі («World of Warplanes»). У цяперашні момант кампанія «Wargaming.net» з’яўляецца адным з найбуйнейшых сусветных распрацоўшчыкаў МША-гульняў (масавыя шматкарыстальніцкія анлайн-гульні) ваенна-стратэгічнага характару.

Паводле рэйтынгу інтэрнэт-выдання ej.by, Віктар Кіслы ў 2016 г. упершыню ўзначаліў топ-200 самых паспяховых і ўплывовых бізнэсменаў Беларусі[6], а агульная сума дзелавых актываў Віктара Кіслага (паводле ацэнкі «Bloomberg Billionaires Index») у 2016 г. перавысіла 1 млрд долараў ЗША[7]. Цалкам ацэначны кошт холдзінгу «Wargaming.net», галоўным саўладальнікам якога з’яўляецца Віктар Кіслы (у 2013 г. 64 % акцый валодаў Віктар Кіслы, а 25,5 % акцый належалі яго бацьку — Уладзіміру Іванавічу Кісламу), дасягнуў (паводле ацэнкі «Bloomberg Billionaires Index») 1,5 млрд долараў ЗША[7]. Паводле рэйтынгу інтэрнэт-выдання ej.by, Віктар Кіслы ў 2017 г. зноў узначаліў топ-200 самых паспяховых і ўплывовых бізнэсменаў Беларусі[2]. У беларускай прэсе адзначаецца, што, паводле некаторых экспертных ацэнак, ацэначны кошт холдынгу «Wargaming.net» у 2017 г. складае 3-4 млрд долараў ЗША[8].

Бізнэс-актывы[правіць | правіць зыходнік]

Сферай бізнэс-інтарэсаў Віктара Кіслага з’яўляюцца высокія тэхналогіі (IT), фінансы, нерухомасць.

У 2016 г. Віктар Кіслы быў саўласнікам холдынгу «Wargaming.net»; а таксама валодаў прыватным банкам «Hellenic Bank» (Кіпр), які абслугоўвае холдынг «Wargaming.net»; кампаніяй «Мелсофт» (Melesta Games), якая займаецца распрацоўкай і прасоўваннем гульняў для мабільных прылад; офісным цэнтрам «President» у Нікасіі (Кіпр); меў долі ў кампаніях-распрацоўніках web-гульняў «KongZhong» (Кітай) і «Kamcord» (ЗША); валодаў еўрапейскімі венчурнымі фондамі «Seed Fund» і «Hitbox» (Аўстрыя)[6].

Грамадская і мецэнацкая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Пасля бізнэс-поспеху сваёй кампаніі Віктар Кіслы пачаў прымаць фінансавы ўдзел у дабрачынных праектах.

Са сваіх сродкаў бізнэсмен вылучыў 1 млн долараў ЗША на арганізацыю брытанскай пашуковай экспедыцыі, якая адправілася ў М’янму, каб дастаць для брытанскага музея 20 легендарных англійскіх самалётаў «Supermarine Spitfire» часоў Другой сусветнай вайны, якія былі новымі ў транспарціровачных скрынях пакінуты ў М’янме ў часе Другой сусветнай вайны[4].

Віктар Кіслы прыняў удзел у праектах па выкупе старадаўніх рарытэтаў у музей гісторыі Магілёва[4]. Холдынг «Wargaming.net» пачаў займацца стварэннем дакументальна-гістарычных фільмаў на ваенную тэматыку, у першую чаргу — аб героях і ваеннай тэхніцы часоў Другой сусветнай вайны[9].

Віктар Кіслы стаў сааўтарам грамадскай ініцыятывы «Памятаем усе» (pomnimvse.org), у рамках якой рэалізуюцца сумесныя праекты з музеямі бронетэхнікі[10].

У 2014 г. холдынг «Wargaming.net» выступіў афіцыйным інфармацыйным партнёрам чэмпіянату свету-2014 па танкавым біятлоне ў Маскоўскай вобласці (Расія)[10]. У 2016 г. холдынг «Wargaming.net» прыняў ўдзел у мерапрыемствах па падняцці і рэканструкцыі савецкага танка КВ-1, які быў перавезены ў Цэнтральны музей бранятанкавага ўзбраення і тэхнікі Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ў Кубінцы для аднаўлення[11].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]