Вікіпедыя:Скандал у беларускай Вікіпедыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Сканда́л у белару́скай Вікіпе́дыі — падзея, якая адбылася 27 сакавіка 2007 года пасля рашэння моўнага падкамітэта фонду Wikimedia. У гэты дзень раздзел Вікіпедыі на беларускай мове, які з моманту яго заснавання ў 2004 ствараўся «тарашкевіцай», быў перанесены з паддамена трэцяга ўзроўню «be» ў «be-x-old»[1], а адрас «be.wikipedia.org» заняў перанесены з інкубатара раздзел, створаны афіцыйным правапісам беларускай мовы. Ад гэтага часу суіснуюць абедзве версіі беларускай Вікіпедыі.

З моманту яе стварэння ў 2004 годзе беларуская Вікіпедыя вялася «тарашкевіцай», праз пэўны час да яе далучыліся і прыхільнікі афіцыйнага правапісу. Пэўны час удзельнікі суіснавалі разам, пішучы артыкулы кожны сваім правапісам, аднак яны жадалі таксама мець і адпаведны інтэрфейс, таму вырашылі аддзяліцца[2].

3 жніўня 2006 года ў інкубатары паўстаў беларускі раздзел афіцыйным правапісам[3]. Ужо 25 жніўня яго ўдзельнікі падалі запыт на стварэнне новага раздзела Вікіпедыі[4], аднак па выніках галасавання ім было ў гэтым адмоўлена[2][4].

4 снежня 2006 года беларускія ўдзельнікі вікіінкубатара падалі новы запыт на стварэнне раздзела Вікіпедыі афіцыйным правапісам[5]. За гэты час правілы падачы заявак на адкрыццё новых раздзелаў былі змененыя, і рашэнне пра іх стварэнне прымалася не галасаваннем, а рашэннем фонду «Вікімедыя»[2].

27 сакавіка 2007[6] згодна з рашэннем моўнага падкамітэта фонду Wikimedia дамен «be.wikipedia.org» быў аддадзены ўдзельнікам Вікіпедыі афіцыйным правапісам, на яго былі перанесеныя ўсе створаныя артыкулы з інкубатара (на той час іх колькасць складала 3565[1]). Больш за 6000 артыкулаў, створаных з моманту заснавання беларускай Вікіпедыі, якія дагэтуль знаходзіліся на дадзеным адрасе, зніклі, што выклікала немалое здзіўленне карыстальнікаў[2]. Пазней, аднак, было паведамлена, што яны перанесеныя на новы дамен «be-x-old.wikipedia.org», які адгэтуль займае Вікіпедыя «класічным правапісам» беларускай мовы. Прыхільнікі «афіцыйнага правапісу» нават змясцілі на галоўнай старонцы адмысловае паведамленне пра тое, што цяпер артыкулы «тарашкевіцай» знаходзяцца па новым адрасе, а «be.wikipedia.org» адгэтуль ствараецца ў нарматыўнай беларускай мове[7].

Паводле некаторых звестак, прычынай перамяшчэння раздзелаў стала адсутнасць асобнага ISO-кода для «тарашкевіцы»[8]. Праз месяц Адміністрацыя адрасовай прасторы Інтэрнэта ўвяла для гэтага варыянта правапісу асобны тэг «be-tarask»[9], аднак у Вікіпедыі тарашкевіцай да восені 2015 года захоўвалася даменная прыстаўка «be-x-old».

Зноскі

  1. а б Даша Слабчанка.. Вікіпэдыя і Вікіпедыя: год суіснавання пасля падзелу. Generation.by (7 красавіка 2008). Праверана 20 лістапада 2014.
  2. а б в г "Вікіпедыі тарашкевіцай больш не існуе". Наша Ніва. 27 сакавіка 2007. Праверана 20 лістапада 2014. {{cite news}}: Невядомы параметр |аўтар= ігнараваны (даведка)
  3. Першае рэдагаванне старонкі Wp/be. Wikimedia Incubator. Фонд Вікімедыя (3 жніўня 2006). Праверана 11 лістапада 2013.
  4. а б Requests for new languages/Wikipedia Belarusian. Wikimedia Meta-Wiki. Фонд Вікімедыя. Праверана 11 лістапада 2013.
  5. Requests for new languages/Wikipedia Belarusian normative. Wikimedia Meta-Wiki. Фонд Вікімедыя. Праверана 11 лістапада 2013.
  6. Incubator:Site creation log. Wikimedia Incubator. Фонд Вікімедыя. Праверана 11 лістапада 2013.
  7. Галоўная старонка па стане на 20:05‎. Вікіпедыя афіцыйным правапісам. Фонд Вікімедыя (27 сакавіка 2007). Праверана 11 лістапада 2013.
  8. Беларускамоўная Wikipedia — у цэнтры скандалу (руск.). IT.TUT.BY. TUT.BY (28 сакавіка 2007). Праверана 11 лістапада 2013.
  9. IANA Language subtag registry (англ.). Internet Assigned Numbers Authority. Праверана 11 лістапада 2013.