Ганс Гольбейн Малодшы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Ганс Гальбейн Малодшы)
Ганс Гольбейн Малодшы
ням.: Hans Holbein
Фатаграфія
Аўтапартрэт, 1542, Галерэя Уфіцы
Дата нараджэння 1497[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 29 лістапада 1543
Месца смерці
Грамадзянства Свяшчэнная Рымская імперыя
Бацька Ганс Гольбейн Старэйшы
Дзеці Philipp Holbein I[d]
Род дзейнасці мастак, мастак-гравёр, ілюстратар, партрэтыст, рысавальнік, экслібрысіст
Жанр партрэтны жывапіс[d][4], партрэт[3] і рэлігійнае мастацтва[d][3]
Мастацкі кірунак нямецкае Адраджэнне[d] і Northern Renaissance[d][5]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ганс Гольбейн Малодшы (1497, Аўгсбург — 29 лістапада 1543, Лондан) — нямецкі мастак эпохі Адраджэння. Праявіў сябе пераважна як партрэтыст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Быў высокаадукаваным чалавекам, сябраваў з вядомымі філосафамі-гуманістамі — Эразмам Ратэрдамскім, Томасам Морам. Гэта знайшло адбітак не толькі ў выбары герояў партрэтаў, але і ў трактоўцы вобразаў. Ужо ў ранніх работах, такіх, як партрэты базельскага бургамістра Меера і яго жонкі (абодва — 1516), відавочны характэрныя адносіны да мадэлі. Стан знешняй і ўнутранай гармоніі, ураўнаважанасць і спакой, вытанчанасць формы сталі асновай створаных вобразаў.

Адна з важнейшых якасцей Г. Гольбейна — уласцівае яму абвостранае адчуванне прыгажосці прадметнага свету. Ён надаваў асаблівае значэнне перадачы пластыкі рэчаў, стварэнню светлавога і паветранага асяроддзя, у якім яны існуюць. Важнейшая рыса партрэтаў заключаецца ў іх асаблівай натуральнасці, здольнасці перадаць жыццёсцвярджальнае, аптымістычнае светаўспрыняцце. Героі твораў Гольбейна — гэта ўпэўненыя ў сабе, мэтанакіраваныя асобы Адраджэння.

Прыкладам увасаблення дадзеных якасцей з'яўляецца партрэт Баніфацыя Амербаха (1519), выкананы ў ранні базельскі перыяд. Мастак стварыў вобраз прадстаўніка новай еўрапейскай інтэлігенцыі, гуманіста, усебакова развітага, духоўна цэльнага чалавека. Работа вызначаецца лаканічным, завершаным кампазіцыйным рашэннем, у якім аб'яднаны пагруднае выяўленне мадэлі і глыбокая прастора фона, падкрэсленая паказаным дрэвам, дубовай галінкай.

Падчас знаходжання ў Базелі Гольбейн выканаў шматфігурныя работы сакральнага зместу — «Мёртвы Хрыстос» (1521) і «Мадонна бургамістра Меера» (1526). Жывапісец звяртаецца да вертыкальнай пабудовы, якую стварае фігура Маці Боскай, выяўленая ў рост. Паабапал ад яе знаходзяцца члены сям'і Меераў — бургамістар, яго жонка і дочкі. Па сутнасці, гэта групавы партрэт, зроблены з натуры, у аснову якога пакладзены прадуманая ўзгодненасць усіх частак, гарманічнасць каларыту. Адзіным выключэннем гэтага рэалістычнага прадстаўлення асоб з'яўляецца ідэалізаваная трактоўка мадонны з немаўлём Хрыстом і Іаанам Хрысціцелем.

У 1526 г. адбылася першая паездка Гольбейна ў Англію. Тут ён пазнаёміўся з Томасам Морам, прыступіў да напісання партрэта яго сям'і, аб чым сведчаць захаваныя падрыхтоўчыя матэрыялы (работа не была выканана). Вярнуўшыся на кароткі час у Базель, мастаку 1532 г. зноў паехаўу Англію, дзе застаўся да канца сваіх дзён. Увесь гэты час ён прысвяціў партрэтнаму мастацтву і стварэнню разнастайных работ — ад пышнай вулічнай дэкарацыі з нагоды прыезду ў Лондан Ганны Балейн (1533), роспісаў на тэму «Парнас» у цэхавай зале ганзейскіх купцоў да эскізаў касцюмаў прыдворных караля.

У другі лонданскі перыяд творчасці майстэрства Г. Гольбейна дасягнула сваёй вяршыні. Аб гэтым сведчыць партрэт нямецкага купца Георга Гісцэ (1532), які паказаны ў сваёй канторы. Выява будуецца на тонкіх спалучэннях зялёных, ружовых, жаўтаватых адценняў фарбаў, якія ствараюць гарманічную каларыстычную гаму, на тонкім жывапісе прадметаў акружэння, кветак у шкляной вазе. Пастава маладога чалавека поўная адчування ўласнай годнасці і ганарыстага спакою. Блізкае вырашэнне мае парны партрэт французскіх пасланнікаў, каралеўскага сакольнічага Роберта Чызмена (абодва — 1533).

Сярод работ гэтага часу вылучаецца партрэт Шарля дэ Марэта (1534—1535). Гэта адзін з найбольш дасканалых твораў Гольбейна сталага стылю. У ім спалучаецца стрыманая параднасць і адкрытасць упэўненага ў сабе, валявога, уладнага чалавека. Аб высокім сацыяльным становішчы мадэлі сведчаць дарагі касцюм, нешматлікія каштоўныя дэталі ўбору, парадная зброя. 3 майстэрствам напісаны твар і рукі, якія выдаюць характар асобы. Заснаваны на некалькі прыглушаных тонах, партрэт характарызуецца актыўным гучаннем цёмна-зялёных, карычневых колераў, у кантраст да якіх дадзены белы.

У 1536 г. Гольбейн стаў прыдворным мастаком англійскага караля Генрыха VIII. Цяпер яго творчасць была падпарадкавана запатрабаванням знаці. Часам гэта ўносіла ў віртуозна выкананыя работы некаторую халаднаватасць, празмерна цвярозы разлік, што бачна па партрэтах каралевы Джэйн Сеймур (1536), Генрыха VIII (1539—1540), Эдуарда прынца Уэльскага (1538—1539). У іх мастак дасягнуў ілюзорнага выяўлення найдрабнейшых дэталей, рыс твару, шматлікіх аксесуараў, акружэння. Час, які Гольбейн правёў у Англіі, яго работа пры каралеўскім двары аказалі вялікі ўплыў на фарміраванне англійскага партрэтнага жывапісу.

Зноскі

  1. Web umenia Праверана 7 красавіка 2018.
  2. (unspecified title) Праверана 5 лістапада 2019.
  3. а б в г RKDartists
  4. https://www.npg.org.uk/collections/search/person/mp07116/hans-holbein-the-younger?role=art Праверана 2 лютага 2021.
  5. https://www.rct.uk/about/press-office/press-releases/the-northern-renaissance-durer-to-holbein-0#/

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лазука, Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]