Гарохаўская зона падняццяў
Гарохаўская зона падняццяў — тэктанічная структура ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці, у паўднёвай частцы Капаткевіцка-Велікаборскай ступені Прыпяцкага прагіну. Выяўлена ў 1972 годзе.
Выдзяляецца па паверхні фундамента, падсалявых і міжсалявых адкладах. Распасціранне субшыротнае. Даўжыня каля 45 км, шырыня 5—10 км. Паверхня фундамента на абсалютных адзнаках ад -2600 да -3800 м, апускаецца на паўночны ўсход. Па паверхні фундамента і падсалявых адкладах, якія дыслацыраваны практычна аднолькава, з захаду на ўсход вылучаюцца Бабровіцкі, Гарохаўскі і Азерацкі блокі. Па міжсалявых адкладах у значнай ступені праявіліся плікатыўныя дыслакацыі. Па гэтай паверхні выдзелены Бабровіцкае і Гарохаўскае падняцці, якія маюць форму паўскляпенняў. У найбольш прыўзнятай частцы Гарохаўскай зоны падняццяў, паблізу разлому, міжсалявыя адклады размыты. Па паверхні верхнесаляносных адкладаў вылучаны 3 саляносныя падняцці: Бабровіцкае, Гарохаўскае, Азерацкае. У разрэзе платформавага чахла Гарохаўскай зоны падняццяў устаноўлены верхнепратэразойскія (заходняя частка), сярэдне- і верхнедэвонскія, каменнавугальныя, пермскія і меза-кайназойскія адклады. Фарміраванне пераважна ў познім дэвоне, карбоне і пермі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарохаўская зона падняццяў // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.