Даўжыня цела 14-15 см, размах крылаў 23-26 см. Дарослы самец чорны з белым люстэркам на крыле, у негнездавы перыяд крыху больш светлы i без люстэрка. Самка, маладыя i самец у першым уборы (без люстэрка на крыле) з цёмным, карычнева-бурым нiзам цела. Хвост вельмi рухавы, рыжавата-чырвоны. Песня ціхая, аднатонная, нагадвае скрып. Крык — звонкае «ф'юіць-цік-цік».
Арэал: Еўропа (акрамя паўночнага ўсходу), Крым, Каўказ, Малая Азія, Блізкі Усход, поўнач Iрана i Iрака, Цэнтральная і Усходняя Азія, паўночны захад Афрыкі. На Беларусі звычайны на гнездаванні від.
Жыве ў гарах да снегавой мяжы, насяляе патрэсканыя скалы паблізу адкрытых месцаў, скалiстае ўзбярэжжа, будынкі i руiны; на нізінных тэрыторыях — рознага тыпу прамысловыя пабудовы, будынкі ў гарадах і вёсках.
Папуляцыі з Заходняй і Паўднёвай Еўропы, а таксама з Азіі — аселыя, іншыя — пералётныя. Месца зімовак: Паўднёвая Еўропа і Азія, Аравійскі п-аў, Паўночная Афрыка.
Гняздо ў шчылінах пабудоў і скал, часам у напаўадкрытых штучных гнездавых скрынках, часам займае старыя гнёзды ластавак. Яно вельмі няшчыльнае, заўсёды прыкрытае чым-небудзь зверху (навiс скалы, дах будынка i г.д.). Знешняя частка гнязда з вялікай колькасці карэньчыкаў і сцёблаў раслін, унутраная — з карэньчыкаў, укладзеных па крузе. Багатая высцілка з валосся, шэрсці і пёраў. Гнёзды ў гарах з прымессю вялікай колькасці моху і сухога лісця.
Яйкі (5-6, часам 2-8) крыху падоўжаныя, з тупым вузейшым канцом, белыя, бліскучыя, рэдка з блакiтным бляскам або дробнымi карычневымi крапінкамi. Памеры: 19,0 х 14,5 мм.