Будынак гасцініцы «Англійская» (Пінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Будынак гасцініцы «Англійская»
52°06′43″ пн. ш. 26°06′19″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль мадэрн
Будаўніцтва 19251928 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000537шыфр 113Г000537
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Будынак гасцініцы «Англійская» — будынак у Пінску, размешчаны ў гістарычным цэнтры горада, па вуліцы Леніна, 2, на скрыжаванні з плошчай Леніна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Дом у 1931 годзе
Дом у 1935 годзе

На працягу другой паловы XIX стагоддзя на рагу Вялікай Кіеўскай (цяпер вул. Леніна) і Папярочна-Школьнай (цяпер вул. Бялова) змянялі адзін аднаго драўляны, затым мураваны аднапавярховы і, нарэшце, мураваны двухпавярховы дамы[1].

У пачатку 1890-х гадоў спадчыннікі першага вядомага гаспадара А. Німцовіча прадалі ўчастак з дзвюма пабудовамі на публічных таргах. Новая ўласніца Фейга Зільберфенш запісала нерухомасць свайму сыну Шэвелу. Пасля вялікага пажару ў 1921 годзе, які знішчыў частку дома з боку Папярочна-Школьнай вуліцы, Ш. Зільберфенш пачаў распродаж спадчыны. Да 1924 года ён па частках прадаў будынак і ўчастак Моўшы Шміду, буйному лесапрамыслоўцу[1].

Новы будынак пабудавана ў 19251928 гг. з цэглы[2] па праекце пінскага архітэктара Мікалая Катовіча[3].

Слуп з польскім надпісам

Гасцініца «Англійская» адрознівалася ад астатніх не толькі першакласным інтэр’ерам. Упершыню ў Пінску ў кожным нумары быў устаноўлены тэлефон, што рабіла гасцініцу надзвычай зручнай для дзелавых людзей[4]. У будынку знаходзіліся найлепшы ў горадзе магазін адзення і галантарэі Кагана, галантарэйная крама Фельдмана, паштовае прадстаўніцтва, рэстаран «Ritz» і рэстаран-кабарэ «Парадзіз» («Рай») Пятрыніча, які праславілі «фурданцэркі» (дамы для танцаў) і выдатны аркестр[4].

Увосень 1934 года ў будынку размяшчаўся часовы штаб экспедыцыі Луізы Бойд, адкуль даследчыца выязджала ў пінскія сёлы[5].

З уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР у 1939 годзе будынак быў нацыяналізаваны і прыстасаваны пад сямейны інтэрнат лётчыкаў. З канца 1945 года ў ім адначасова размясціліся Беларускі электратэхнікум сувязі і Пінскі ўлікова–крэдытны тэхнікум з інтэрнатамі. Другі паверх на некалькі дзесяцігоддзяў ізноў занялі сем’і ваеннаслужачых. На першым паверсе да пачатку XXI стагоддзя працавала цырульня, крама галантарэйных тавараў[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Фасад па вул. Леніна
Дом з двара

Пры будаўніцтве выкарыстаны прыёмы архітэктуры мадэрн. Трохпавярховы будынак пад пакатым двухсхільным дахам мае ў плане форму чатырохвугольніка. Крылы дома ўтвараюць вузкі ўнутраны дворык, у які вядзе праезд з боку вуліцы. Архітэктура будынка характарызуецца абмежаванай колькасцю дэкаратыўных дэталяў (міжпаверхавы прафіляваны паясок, расшыўка тынкоўкі пад руст, плоскія ліштвы праёмаў, ажурныя балконныя рашоткі). Пластычнасцю дэкаратыўнага вырашэння вызначаецца вуглавы эркер[2], які апіраецца на магутную прысадзістую калону, за якой хаваецца ўваход у будынак. Падчас рэстаўрацыі на калоне раскрылі даваенны надпіс на польскай мове: «A. L. Goldberg Sрizidaz komisowy» («Камісійны продаж А. Л. Гольдберг»). На вуглавым эркеры пазначаны гады будаўніцтва: 1925—1928, а над ім знаходзіцца адноўлены рэстаўратарамі атык у выглядзе аркады[4].

Зноскі

  1. а б в Дом Шмидта. Отель Ангельский. (ул. Ленина,2)
  2. а б 1212.  // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — 368 с., іл.
  3. Петербургский и пинский архитектор Николай Котович (руск.). Гістарычная брама. Праверана 03.03.2019.
  4. а б в Пінск — сэрца Палескага краю / Хвагіна Т. А. — Мн.:Вышэйшая школа, 2014. — 175 с.: ISBN 978-985-06-2474-1
  5. Американка на Полесье — в Беларуси появился новый туристический маршрут по следам экспедиции Луизы Арнер Бойд

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]