Гаё

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гаё
(Urang Gayo)
Агульная колькасць 345000 (2023 г.)
Рэгіёны пражывання Суматра
Мова гаё
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы батакі, ніасцы, ментавайцы

Гаё (саманазва: Urang Gayo) — аўстранезійскі народ, карэнныя жыхары горных раёнаў паўночнага захаду Суматры ў Інданезіі. Агульная колькасць (2023 г.) — 345 000 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гаё жывуць пераважна ў правінцыі Ачэх. Іх радзіма ўяўляе 4 горных плато вышынёй ад 500 м да 1500 м. Ачэхцы лічаць іх нашчадкамі насельнікаў сярэднявечнай дзяржавы Лінгэ. Па мове яны блізкія да батакаў. Гаё былі амаль не вядомы ў вонкавым свеце да пачатку заваявання Ачэха галандцамі ў 1873 г. У той час гаё былі падданымі Ачэхскага султана, хаця адрознівалі сябе ад ачэхцаў. Супраціўленне галандцам працягвалася да 1904 г. З 1945 г. землі гаё ў складзе Інданезіі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Даўні занятак гаё — сельская гаспадарка. Землі, населеныя імі, — раён, дзе квітнее камерцыйная вытворчасць кавы і цытрусавых. У мінулым больш важную ролю адыгрывала вырошчванне рысу і гародніны. Палеткі апрацоўвалі драўляным плугам, запрэжаным буйваламі. Традыцыйныя рамёствы: шыццё вопраткі, вытворчасць снасцей. З другой паловы XX ст. недахоп зямлі вымусіў гаё пераязджаць у гарады або сезонна наймацца на прамысловыя прадпрыемствы.

У старажытнасці гаё будавалі свае вёскі на пагорках каля рэк або азёр. Яны ўяўлялі сабою некалькі доўгіх хацін, што ўмяшчалі буйныя пашыраныя сем'і або некалькі малых нуклеарных сем'яў. Аднак ужо пасля I Сусветнай вайны сітуацыя моцна змянілася. Замест доўгіх супольных хацін з'явіліся індывідуальныя сямейныя. Асобныя сем'і аб'ядноўваюцца ў буйныя роды марга, але ўплыў родавых арганізацый у нашы дні не істотны.

На чале сям'і заўсёды стаіць мужчына, хаця жанчыны маюць адносную незалежнасць, часцяком рэчаісна кіруюць гаспадаркай, трымаюць крамы і майстэрні. Шлюбу звычайна папярэднічаюць сустрэчы паміж жаніхом і нявестай, а потым выкуп апошняй. Жаніх можа пазбегнуць выкупу, калі абавязваецца ў далейшым падтрымліваць бацькоў будучай жонкі. Палігінія не забаронена, але сустракаецца рэдка.

Фальклор адметны танцавальным мастацтвам, а таксама аратарскімі спаборніцтвамі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

У гаё захаваліся некаторыя анімістычныя звычаі, але большасць вернікаў — мусульмане.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]