Ніасцы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Ніасцы
(Ono Niha)
Tari Perang Nias 3.jpg
Агульная колькасць 911 тыс.
Рэгіёны пражывання Інданезія
Мова ніаская
Рэлігія хрысціянства, іслам, анімістычныя культы, шаманізм, культ продкаў
Блізкія этнічныя групы ментавайцы, абарыгены Энгана

Ні́асцы або нія́сцы (саманазва Ono Niha, літаральна "людзі продкаў") — карэнныя насельнікі вострава Ніас у Інданезіі. Агульная колькасць - 911 тыс. чал. (2010 г.)[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Па мове ніасцы адносяцца да так званай протамалайскай галіны аўстранезійскай групы народаў Інданезіі — папярэднікаў малайскіх народаў у краінах Паўднёва-Усходняй Азіі. Мяркуецца, што продкі сучасных ніасцаў трапілі на востраў каля 12 тыс. гадоў таму, калі ўзровень акіяну быў значна ніжэйшы, і Ніас складаў адзінае цэлае з Суматрай. Геаграфічна неспрыяльныя ўмовы ўзбярэжжа прывялі да таго, што людзі сяліліся пераважна ў цэнтральнай узгорыстай частцы, і гэта садзейнічала іх ізаляванасці ад знешняга свету. Самі ніасцы лічаць, што паходзяць з мястэчка Гома ў цэнтры Ніаса.

Аднак у паходжанні ніасцаў маюцца свае неразгаданыя таямніцы. Справа ў тым, што жыхары паўночнай часткі вострава антрапалагічна адрозніваюцца ад жыхароў паўднёвай і знаходзяцца бліжэй да батакаў Суматры. На аснове гэтага некаторыя даследчыкі мяркуюць, што протамалайскім перасяленцам папярэднічалі тубыльцы больш ранняга часу, якія прыбылі прыкладна 55 тыс. гадоў таму. Жыхарам поўдня ў спадчыну засталіся іх гены. Іншыя даследчыкі сцвярджаюць, што ізаляванасць вострава мела вельмі адносны характар, таму існавалі познія перасяленні з Суматры, якія адбіліся на знешнім абліччы паўночных жыхароў. Генетычныя даследаванні, якія праводзіліся ў 20022003 гг., ускосна пацвярджаюць абодва пункты гледжання.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пісьмовыя звесткі пра востраў Ніас з'явіліся яшчэ ў IX ст. н.э. Але сталыя гандлёвыя кантакты з жыхарамі Паўночнай Суматры мясцовыя насельнікі пачалі толькі ў XV ст. Галоўным таварам, які цікавіў мусульманскіх гандляроў, былі рабы. Наўзамен яны пастаўлялі золата, тканіны, упрыгожанні. На паўночным усходзе вострава нават узнікла невялікае мусульманскае паселішча.

У 1857 г. Ніас быў далучаны да валоданняў Нідэрландаў. Дзякуючы працы нямецкіх місіянераў большасць мясцовага насельніцтва прыняло хрысціянства. У 1945 г. Ніас увайшоў у склад Інданезіі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнымі заняткамі ніасцаў здаўна былі сельская гаспадарка, рыбалоўства, паляванне на дзікоў, аленяў і малпаў. Ніасцы вырошчвалі пераважна клубневыя культуры і фруктовыя дрэвы. Зямлю апрацоўвалі ўручную. Для спажывання і рытуальных мэт гадавалі свінняў і сабак. З XX ст. усё большую ролю адыгрываюць какосавая пальма, каўчуканосы, рыс, трымаюць курэй і кароў.

Асноўны тып паселішча - вёска. На поўдні вёскі вялікія з цэнтральнай вуліцай, умацаванай каменнымі плітамі. Па баках вуліцы месцяць каменныя выявы жывёл і людзей. Вакол вёсак ладзяцца каменныя валы і муры. На поўначы вёскі значна меншыя, узводзяцца на ўзгорках, але таксама ўмацоўваюцца валам, а часам і ровам.

Хаціны каркасныя, авальныя ў плане на поўначы, прамавугольныя на поўдні. Будуюцца на па́лях. Унутры вылучаецца агульны пакой са ступенямі, якія паднімаюцца да столі. На іх у дні святаў сядзяць госці. Месцы займаюць згодна індывідуальнаму рангу. У канцы агульнага пакоя ладзіцца агмень. За ім пачынаюцца пакоі дамачадцаў і гаспадарчыя памяшканні. Дахі высокія, двухсхільныя. Стрэхі заўсёды ўпрыгожаны разьбярствам. У кожнай хаціне ёсць месца для выяў продкаў.

Традыцыйная сацыяльная арганізацыя даволі складаная. Члены грамадства падзяляліся на 15 рангаў. Вышэйшы займалі правадыры сіулу або салава, улада якіх звычайна была спадчыннай, а шлюбы з простачыннымі людзьмі сата або сінхона не практыкаваліся. Ніжэйшы займалі рабы савую або салава, якім забаранялася жыць сярод свабодных абшчыннікаў. Найчасцей рабамі станавіліся сіроты або захопленыя ў палон жыхары іншых вёсак. Войны паміж вёскамі мелі сталы і даволі кровапралітны характар. З рэлігійнымі вераваннямі было звязана паляванне за галовамі.

Сем'і вялікія пашыраныя. Главой заўсёды з'яўляецца мужчына.

Традыцыйная вопратка — кавалкі тканіны, абгорнутыя вакол сцёгнаў, і куртка з лубу (гл. Сцябло) або бананавых валокнаў. У мінулым жанчыны хадзілі голымі вышэй пояса. Мужчыны і жанчыны апраналі плеценыя капелюшы. Мужчыны таксама ладзілі плеценыя шаломы і даспехі, якімі карысталіся падчас вайны. Адметнай рысай традыцыйнай вопраткі з'яўляюцца багатыя ўпрыгожанні, асабліва ў мужчын. На поўдні былі распаўсюджаны татуіроўка і пілаванне зубоў.

Ніасцы вядомы як выдатныя апрацоўшчыкі каменю. Са старажытнасці на востраве развівалася мегалітычная культура. У вёсках і вакол іх часцяком усталёўваюць каменныя выявы людзей і жывёлін, што маюць рытуальнае значэнне. Развіты пляценне і апрацоўка дрэва. Распаўсюджаныя жанры фальклору - казкі, генеалагічныя паданні, рытуальныя спевы, танцы. У дні святаў арганізуюцца скокі над камянямі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Старажытная рэлігія ніасцаў уяўляла сабою стракатую сумесь анімістычных рытуалаў, культу продкаў і шаманізму. З XV ст. на Ніасе быў вядомы іслам. У XIX ст. большасць мясцовых жыхароў прыняла хрысціянства. У наш час хрысціяне (пераважна пратэстанты) складаюць прыкладна 85% вернікаў, мусульмане — каля 15%.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]