Перайсці да зместу

Гематалогія

Неправераная
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гематало́гія (ад стар.-грэч.: αἷμα, αἷματος — «кроў» і λόγος -  «думка») — навука пра кроў і крывятворныя органы, іх будову, функцыі, хваробы, а таксама метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з анкалогіяй і трансфузіялогіяй[1].

Як навука гематалогія сфарміравалася ў XVII стагоддзі. Сістэматычнае апісанне гематалагічных захворванняў пачалося ў XIX стагоддзі. У прыватнасці, нямецкія вучоныя Р. Вірхаў (1845) і Э. Нойман (1870) апісалі лейкозы, а англійскі ўрач Т. Адысан (1855) і нямецкі А. Бірмер (1872) вылучылі ў асобную клінічную форму злаякасную анемію[1].

У пачатку XX стагоддзя рускія вучоныя М. І. Арынкін, А. А. Максімаў і А. М. Крукаў распрацавалі унітарную тэорыю кроваўтварэння. У. М. Чарнігаўскі, М. А. Фёдараў і іншыя даказалі, што ў рэгуляцыі кроваўтварэння ўдзельнічаюць гумаральныя фактары (вітаміны, гармоны, мікраэлементы) і цэнтральная нервовая сістэма[1].

Гематалогія ў Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

Даследаванні ў галіне гематалогіі на Беларусі пачаліся ў 1930-я гады. Сярод піянераў былі Г. Х. Даўгяла, Я. П. Іваноў, В. А. Лявонаў, С. М. Мялкіх, М. П. Паўлава, А. А. Ракіцянская, А. І. Свірноўскі і іншыя[1].

У сучаснай Беларусі праблемы гематалогіі даследуюцца ў РНПЦ гематалогіі і пералівання крыві, Беларускім інстытуце ўдасканалення ўрачоў і ў Рэспубліканскім дзіцячым анкагематалагічным цэнтры. За час існавання беларускай гематалагічнай школы былі распрацаваны класіфікацыі гемастазіяпатый і ДВС-сіндрому, прапанавана патагенетычная дыягностыка і тэрапія дысемінаванага ўнутрысасудзістага згусання крыві, вывучаны механізмы парушэнняў кроваўтварэння пры дзеянні радыяцыі. Створаны рэспубліканскі рэгістр гемапатый[1].

У краіне дзейнічае нацыянальная сістэма гематалагічнай службы, якая ўключае гематалагічныя кабінеты і аддзяленні, а таксама Цэнтр трансплантацыі касцявога мозгу[1].