Перайсці да зместу

Герб Балівіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Герб Балівіі

Герб Балівіі — адзін з дзяржаўных знакаў Балівіі, прыняты ў цяперашняй форме ў 1963 годзе. У яго цэнтры знаходзіцца авал, у якім намаляваная гара Патасі. За ёй з левага боку ўзыходзіць сонца. Перад ёй намалявана альпака, якая з’яўляецца нацыянальнай жывёлай гэтай краіны, а таксама сноп пшаніцы і хлебнае дрэва. Апошнія два аб’екты ўвасабляюць рэсурсы Балівіі. Авал акружаны блакітнай аблямоўкай, на якой залатымі літарамі напісана назва краіны, а ў ніжняй частцы размешчаныя дзесяць зорак, якім адпавядаюць дзевяць балівійскіх правінцый (дзясятая зорка — у памяць аб правінцыі Антафагаста, згубленай у 1879 годзе на карысць Чылі).

За авалам па абодва бакі намаляваныя дзве групы з трох чырвона-жоўта-зялёных балівійскіх сцягоў, два гарматныя дулы, дзве пары мушкетаў, баявая сякера і чырвоны фрыгійскі каўпак. Усё гэта ўвасабляе волю жыхароў Балівіі да абароны сваёй краіны і волі. Над авалам сядзіць андскі кондар перад лаўровым вянком.