Перайсці да зместу

Хімічная рэакцыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Гетэралітычная рэакцыя)

Хімі́чная рэа́кцыя — пераўтварэнне адных рэчываў (рэагентаў) у іншыя (прадукты), адрозныя саставам ці будовай. Агульная колькасць атамаў кожнага з элементаў, з якіх складаюцца рэчывы, застаецца ў хімічнай рэакцыі нязменнай (у адрозненне ад ядзернах рэакцый). Паслядоўнасць элементарных актаў хімічнага пераўтварэння называецца механізмам хімічнай рэакцыі. Хімічную рэакцыю апісвае хімічнае ўраўненне.

Працяканне хімічнай рэакцыі залежыць ад прыроды рэагуючых рэчываў і знешніх умоў. Хімічныя рэакцыі адбываюцца пры кантакце рэчываў, часта пад уплывам знешніх уздзеянняў (награванне, ціск, выпраменьванне і да т.п.). Хімічныя рэакцыі падпарадкоўваюцца пэўным заканамернасцям, якія вывучаюць фізічная хімія, тэрмадынаміка і хімічная кінетыка. (Гл. таксама закон захавання масы, закон Геса, правіла Вант-Гофа)

Класіфікацыя хімічных рэакцый

[правіць | правіць зыходнік]

Тэрмадынамічная класіфікацыя ўлічвае энергетыку хімічнай рэакцыі (экзатэрмічныя і эндатэрмічныя хімічнай рэакцыі), колькасць фаз у сістэме. Адрозніваюць таксама хімічныя рэакцыі, якія працякаюць у аб'ёме і на паверхні падзела фаз.

Кінетычная класіфікацыя адрознівае хімічныя рэакцыі па суадносінах скорасці прамога і адваротнага пераўтварэння (зваротныя і незваротныя хімічныя рэакцыі), па колькасці стадый (простая і складаная хімічная рэакцыя, якую можна падзяліць на некалькі простых); малекулярнасць хімічнай рэакцыі; парадак хімічнай рэакцыі па кожным рэагенце і ў цэлым. Асобнай групай з'яўляюцца каталітычныя хімічныя рэакцыі.

У залежнасці ад таго, якія часціцы бяруць удзел у элементарным акце хімічнай рэакцыі, іх падзяляюць на малекулярныя, іонныя, фатахімічныя, радыкальныя, ланцуговыя.

У неарганічнай хіміі шырока ўжываецца класіфікацыя хімічных рэакцый па тыпах злучэнняў і характары ўзаемадзеяння: хімічныя рэакцыі ўтварэння і раскладання, гідролізу, піролізу, нейтралізацыі, камплексаўтварэння, акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі.

Арганічная хімія мае сваю класіфікацыю хімічных рэакцый. Хімічныя рэакцыі з удзелам арганічных злучэнняў падзяляюць на дзве вялікія групы па характары разрыву хімічнай сувязі. У гетэралітычных (ад грэч. héteros — іншы) рэакцыях пара валентных электронаў застаецца пры адным з атамаў, паміж якімі існавала разарваная сувязь. У гамалітычных рэакцыях хімічная сувязь разрываецца сіметрычна і ўтвараюцца радыкалы.

Іншы спосаб класіфікацыі падзяляе рэакцыі з удзелам арганічных злучэнняў на тры класы: замяшчэння (пазначаюцца сімвалам S з індэксамі N або Е), далучэння (сімвал А) і адшчаплення або элімінацыі (сімвал Е). Асобную групу складаюць працэсы, якія адбываюцца без змены саставу, але са зменай будовы: рэакцыі ізамерызацыі, перагрупоўкі.

Межы паняцця хімічная рэакцыя да пэўнай ступені ўмоўныя. Звычайна не лічыцца хімічнай рэакцыяй утварэнне асацыятаў у растворах, электронна-ўзбуджаныя станы малекул, нават пры істотных зменах геаметрычнай канфігурацыі, таўтамерныя пераўтварэнні і г.д.