Гранітна-стэпавае Пабужжа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Даліна Мертвавода

Гранітна-стэпавае Пабужжа — рэгіянальны ландшафтны парк на паўночным захадзе Мікалаеўскай вобласці Украіны. Парк ахоплівае рачную даліну Паўднёвага Буга і каньёнападобныя даліны яго прытокаў — Вялікай Карабельнай, Бакшалы, Мертвавода (Актаўскі каньён). Распрасціраецца на 70 км ад паўднёвай частцы Першамайска да в. Аляксандраўка Вазнэсэнскага раёна.

Утвораны ў 1994 г. рашэннем Мікалаеўскага абласнога савета і размешчаны на тэрыторыі Першамайскага, Арбузінскага, Даманеўскага і Вазнясенскага раёнаў. Плошча парку — 6267 га.

Геалогія[правіць | правіць зыходнік]

Парк размешчаны на паўднёвым краі Украінскага крышталічнага шчыта, у межах адгор’яў Падольскага і Прыдняпроўскага ўзвышшаў (якія сталі такімі дзякуючы вельмі шчыльным крышталічным пародам Украінскага шчыта), ля мяжы Прычарнаморскай нізіны (запоўненай магутным пластом асадкавых утварэнняў). На тэрыторыі парку Паўднёвы Буг уразаецца ў крышталічны масіў Украінскага шчыта, у выніку чаго на рацэ паўстала шмат парогаў. На скалістых берагах бачныя выхады гранітаў.

Каля 5 млн гадоў таму назад гэтыя пароды (граніты, гнейс, сланцы) сталі непераадольнай перашкодай на шляху ледавіка, які рухаўся да паўночнай часткі Чорнага мора, тым самым, адзначыўшы мяжу апошняга ў геалагічнай гісторыі шырокамаштабнага яго пранікнення на сушу.

Гранітна-стэпавае Пабужжа ўяўляе сабой рэшту адгор’я старажытных гораў, якія распраціраліся некалі на 1000 км з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход ад Славечанска-Оўруцкага кража да Прыазоўскага ўзвышша. У выніку працэса дэнудацыі ад гор засталіся толькі падножжы, прадстаўленыя цвёрдымі крышталічнымі пародамі. На працягу апошніх 60 мільёнаў гадоў гэты ўчастак сушы не падвяргаўся затапленню.

За апошні мільён гадоў р. Паўднёвы Буг і яе левыя прытокі — Мертвавод, Арбузінка і Гнілы Еланец прарэзалі глыбокія даліны ў старажытных (якія ўтварыліся каля 2 млрд гадоў таму) крышталічных пародах Украінскага шчыта, стварыўшы велічныя маляўнічыя ландшафты.

Каньён ракі Мертвавод

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Рэльеф тэрыторыі далінна-яравы. Найбольш распаўсюджаныя чарназёмныя глебы, якія займаюць 95 % тэрыторыі. Прырэчышчавая частка даліны Паўднёвага Буга і астравы месцамі занятыя поймавымі лясамі і лугамі, на схілах рачных далін і яраў захаваліся ўчасткі петрафітнага (камяністага) стэпа і рэшткі рознатраўна-злакавых і хмызняковых стэпаў.

На тэрыторыі ландшафтнага парку расце каля 900 відаў сасудзістых раслін, 26 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Украіны. Таксама тут жывуць не менш за 9000 відаў насякомых (56 відаў занесена ў Чырвоную кнігу Украіны) і каля 300 відаў пазваночных жывёл (46 відаў занесена ў Чырвоную кнігу Украіны).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі ландшафтнага парку, у даліне Паўднёвага Буга паміж вёскамі Мігія і Аляксандраўка знойдзена амаль 100 археалагічных помнікаў, якія дэманструюць бесперапынны храналагічны шэраг ад палеаліту (датаваныя 30 000 гадоў да н . э.) да часоў фарміравання славянскага этнасу. Вялікую цікавасць уяўляюць рэшткі пахаванняў розных народаў — кімерыйцаў, трыпольцаў, сарматаў, старажытных славянаў, рымлян. Асаблівую каштоўнасць маюць гістарычныя ландшафты Запарожскай Сечы з рэшткамі збудаванняў і многімі тапанімічнымі помнікамі, у прыватнасці Бугскі Гард — урочышча з аднайменным парогам.

Указам Прэзідэнта Украіны ад 30.04.2009 г. на тэрыторыі РЛП створаны новы Нацыянальны прыродны парк «Бужскі Гард» агульнай плошчай 6138 га.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]