Трыпольская культура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Геаграфія пашырэння Кукутэнь-трыпольскай археалагічнай культуры.
Максімальнае пашырэнне.
Трыпольская кераміка.

Трыпо́льская культу́ра (укр.: Трипільська культура, альбо культура Кукутэні (рум.: Cultura Cucuteni), альбо Кукутэнь-трыпольская культура (англ.: Cucuteni-Trypillian culture)) — археалагічная культура часоў энеаліту, назва якой паходзіць ад назвы вёскі Трыполле на Кіеўшчыне (у пазначанай «пашыранай» назве культуры прысутнічае яшчэ і назва румынскай вёскі Кукутэнь). Культура дасягнула росквіту паміж 5500 і 2750 гадамі да н.э., размяшчалася паміж Карпатамі і Дняпром на тэрыторыях сучасных Украіны, Малдовы і Румыніі агульнай плошчай больш за 350 тыс.км². У часы росквіту культуры ёй належалі найбольшыя па памеры паселішчы ў Еўропе: колькасць жыхароў некаторых з іх перавышала 15 тыс. чалавек.

Трыпольская культура з'яўляецца адной з асноўных старажытназемляробчых культур Меднага веку. Трыпольскія плямёны займалі прасторы Усходняй Еўропы ад Дняпра да Карпатаў, ад Палесся да Чорнага мора і Балканскага паўвострава. Гэтая культура развівалася ў 5-4 тыс. да н.э. (на працягу 2000 гадоў) і прайшла ў сваім развіцці тры этапы — ранні, сярэдні і позні. Ва Украіне выяўлена (па стане на 2014 год) больш за дзве тысячы помнікаў Трыпольскай культуры. Яны згрупаваныя ў 15 галінах: больш у Сярэднім Прыднястроўі і Надпруцці і Надбужжы, менш у Прыдняпроўі. Імаверна, па гушчыні рассялення прысутнічала аб'яднанне плямёнаў.

Адной з асаблівасцей Трыпольскай культуры была велізарная тэрыторыя распаўсюджання (каля 190 тыс.км²). У час свайго росквіту (у канцы сярэдняга этапу) насельніцтва на ўсёй тэрыторыі Трыпольскай культуры па розных ацэнках складала да 410 тыс. чалавек.

Праблема паходжання трыпольцаў не да канца высветлена. Большасць археолагаў схіляецца да меркавання, што аснову раннетрыпольскай культуры складалі паўднёвыя земляробча-жывёлагадоўчыя плямёны культур балканскага паходжання, якія, аднак, у працэсе распаўсюджвання на новыя ўсходнія тэрыторыі ўключалі ў сябе на розных этапах элементы мясцовых неалітычных і энеалітычных культур.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]