Асадкавыя горныя пароды

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каменны вугаль
Вапняк
Калійная соль

Асадкавыя горныя пароды ўтвараюцца асаджэннем рэчыва ў вонкавым асяроддзі, радзей з паветра і ў выніку дзейнасці ледавікоў. У залежнасці ад характару асаджэння падзяляюцца на абломкавыя, хімічныя і арганагенныя (біягенныя). Утвараюць пласты, слаі, лінзы і іншыя геалагічныя целы рознай формы і памераў.

Сярод асадкавых горных парод пераважаюць гліністыя (гліны, аргаліты, гліністыя сланцы), пясчаныя (пяскі і пясчанікі) і карбанатныя (вапнякі, даламіты і інш); астатнія тыпы (солі і інш.) складаюць нязначную частку.

Гліністыя горныя пароды складаюцца з найдрабнейшых часцінак (памерам да 0,01 мм) абломкавага, калоіднага і часткова хемагеннага паходжання. У хемагенных горных пародах пераважаюць прадукты хімічнага асаджэння. Сярод іх вылучаны розныя тыпы жалезістых, марганцавых, крамяністых, фасфатных, карбанатных, сульфатных, галагенных парод. У біягенных пародах (арганагенныя вапнякі, дыятаміты, выкапнёвыя вугалі, торф, гаручыя сланцы і інш.) пераважаюць рэшткі вымерлых арганізмаў і прадукты іх жыццядзейнасці. Некаторыя вучоныя вылучаюць у самастойныя групы парожы элювію (коры выветрывання) і вулканагенна-асадкавыя горныя пароды.

Горныя пароды асадкавага паходжання пакрываюць 3/4 зямной паверхні, большая іх частка знаходзіцца на кантынентах. Многія пароды належаць да карысных выкапняў: нафта, прыродны газ, вугаль, фасфарыты, баксіты, вапнякі, нярудныя будаўнічыя матэрыялы. Асадкавыя горныя пароды пашырана па ўсёй тэрыторыі Беларусі, асабліва гліны, алеўраліты, пяскі, каменная і калійныя солі, ангідрыт, даламіты, мергелі, мел.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ур’еў І. І. Аса́дкавыя го́рныя паро́ды // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — С. 135. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
  • Аса́дкавыя го́рныя паро́ды // Геаграфічныя паняцці і тэрміны: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. М. Курловіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 30. — 333 с. — (Энцыкл. б-чка школьніка). — 14 000 экз. — ISBN 5-85700-085-8.
  • Геолоѓические оса́дки // География. Современная иллюстрированная энциклопедия. Ч. 1 А—Л. / А. П. Горкин — М.: Росмэн, 2006. — 624 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-353-02443-5 (руск.) — (Современная иллюстрированная энциклопедия «Росмэн». География)
  • Осадочные породы // Геологический словарь. В 2-х тт. Т. 2: М—Я / Под. ред. А. Н. Криштофовича. Отв. ред. Т. В. Спижарский. — М.: Государственное научно-техническое издательство по геологии и охране недр, 1955. — С. 104. (руск.)