Грогу

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Гро́гу (таксама вядомы як «Бэбі Ёда» сярод фанатаў і ў медыяпрасторы) — персанаж з арыгінальнага тэлесерыяла «Мандалорац», выпушчанага стрымінгавым сэрвісам Disney+[en] у межах франшызы «Зорныя войны».

Грогу належыць да той жа неназванай расы з сусвету «Зорных войнаў», што і гранд-майстар Ёда і майстар Ядль[nl]. Як і названыя джэдаі, ён мае вялікія здольнасці да Сілы[en]. На момант з’яўлення ў серыяле Грогу мае 50 гадоў, што па мерках яго расы адпавядае ясельнаму ўзросту ў людзей. Паводле сюжэту серыяла галоўны герой, вядомы як Мандалорац[en], быў наняты, каб высачыць і спаймаць Грогу, а затым перадаць прадстаўнікам паўшай Імперыі[en]. Аднак, падчас выканання задання Мандалорац пранікаецца сімпатыяй да малога і замест таго, каб аддаць дзіцёнка заказчыкам, прымае на сябе ролю прыёмнага таты і абараняе яго ад імперцаў. Перадгісторыя дзіцёнка заставалася цалкам невядомай да эпізода «Раздзел 13: Джэдай», дзе ўпершыню было названа яго імя, а таксама былі раскрыты некаторыя дэталі яго мінулага. Да гэтага моманту персанаж Грогу ў субтытрах і загалоўках зваўся проста «Дзіця».

Грогу з’яўляецца ў кожным эпізодзе першых двух сезонаў серыяла «Мандалорац», за выключэннем эпізода «Раздзел 15: Вернік». Персанаж Грогу быў створаны шоўранерам і стваральнікам серыяла — Джонам Фаўра[en], які жадаў развіць містычную гісторыю расы і персанажа Ёды. Персанаж Грогу быў зроблены больш глыбокім і развітым, дзякуючы размовам Фаўра з галоўным прадзюсарам Дэйвам Філоні[en] на пачатковым этапе стварэння серыялу. Знешні выгляд Грогу быў распрацаваны канцэпт-арт дызайнерам Крыштыянам Альзманам, сам жа персанаж быў створаны пры дапамозе аніматронікі і лялькавага мастацтва з нязначным ужываннем камп’ютарнай графікі для выяўлення больш глыбокіх акцэнтаў. Лялька была распрацавана кампаніяй Legacy Effects[en]. Акцёр Адам Палі[en], які сыграў Штурмавіка №2 у эпізодзе «Раздзел 8: Выратаванне», паведаміў, што па словах Джона Фаўра, лялька закаштавала каля 5 мільёнаў долараў[1]. Яна кантралюецца двума механікамі, адзін з якіх кіруе вачыма і вуснамі, а іншы — выразам эмоцый на твары. Голас персанажа быў утвораны з камбінацыі дарослага і дзіцячага галасоў, а таксама з запісу гукаў вялікавухай лісіцы і кінкажу.

Дынаміка зносін паміж Грогу і Мандалорцам увасабляе ў серыяле тэму бацькоўства ў цэлым і ў прыватнасці тэму выхавання татам. Таксама персанаж Грогу раскрывае пытанне дабра і зла, выхавання і інстынктаў.

Грогу атрымаў станоўчы прыём ад фанатаў і крытыкаў, набыў статус прарыўнога персанажа[2][3] і неўзабаве стаў інтэрнэт-мемам. «The Guardian» назваў яго «найвялікшым новым персанажам 2019 года»[4], а «The Hollywood Reporter» напісаў, што персанаж «увасабляе будучыню Галівуда»[5]. Многія аўтары апісвалі Грогу як ключавую фігуру ў поспеху Disney+. Персанаж Грогу трымаўся ў сакрэце і спецыяльна не ўзгадваўся ў маркетынгавых і мерчэндайз-кампаніях перад выпускам серыяла, каб пазбегнуць уцечкі інфармацыі. У выніку, мерчэндайз па Грогу не быў даступны на момант прэм’еры серыяла ў лістападзе 2019 года, што каштавала Дыснэю, паводле некаторых аналітыкаў, каля 2.7 мільёнаў долараў. Але Боб Айгер, дырэктар Дыснэй, на момант прэм’еры «Мандалорца», абараніў такую стратэгію.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Dan Snierson. Adam Pally on his punchy Mandalorian scene: 'Baby Yoda is a bit of a diva' (англ.) . Сайт часопіса «Entertainment Weekly» (11 студзеня 2020). Праверана 1 ліпеня 2021.
  2. Joshua Yehl. Baby Yoda Is an Acceptable Name for The Mandalorian's Breakout Star, Says Dave Filoni (англ.) . Сайт «IGN» (22 лістапада 2019). Праверана 1 ліпеня 2021.
  3. Gael Fashingbauer Cooper. Baby Yoda: Everything we know about The Mandalorian star (англ.) . Сайт «CNET[en]» (23 снежня 2019). Праверана 1 ліпеня 2021.
  4. Zach Vasquez. Big deal, he is: how Baby Yoda became 2019's biggest new character (англ.) . Сайт газеты «The Guardian» (3 снежня 2019). Праверана 1 ліпеня 2021.
  5. Rebecca Keegan. In Baby Yoda, Hollywood Sees Its Past, Present and Meme-able Future (англ.) . Сайт газеты «The Hollywood Reporter» (19 снежня 2019). Праверана 1 ліпеня 2021.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]