Грунвальдская бітва, карціна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Matejko Battle of Grunwald.jpg
Ян Матэйка
Грунвальдская бітва, 1878
426×887 см
Нацыянальны музей у Варшаве, Варшава

«Грунвальдская бітва» — карціна польскага мастака Яна Матэйкі, напісаная ў 1878 годзе.

Сюжэт карціны — Грунвальдская бітва (1410), у якой войскі Каралеўствы Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага разграмілі нямецкі Тэўтонскі ордэн.

Мастак у час працы ў асноўным выкарыстоўваў хронікі Яна Длугаша — польскага храніста, які паводле расказаў свайго бацькі апісаў бітву пад Грунвальдам. Ян Матэйка маляваў карціну прыкладна 6 гадоў (1872—1878)[1].

Рускі жывапісец Ілья Рэпін так пісаў пра гэту карціну:

Маса ашаламляльнага матэрыялу ў «Грунвальдскай бітве». Ва ўсіх вуглах карціны так шмат цікавага, жывога, крыклівага, што проста знемагаеш вачамі і галавой, успрымаючы ўсю масу гэтай каласальнай працы. Няма пустога месцейка: і ў фоне, і ўдалечыні — усюды адкрываюцца новыя сітуацыі, кампазіцыі, рухі, тыпы, выразы. Гэта паражае, як бясконцая карціна Сусвету.[2]

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Сярод прадстаўленага на карціне ваюючага тлуму вылучаецца значная колькасць гістарычных постацей з абодвух бакоў бітвы. Карціна сімвалічна паказвае бітву ў той момант, калі адбываецца зацятая барацьба, але шалі перамогі схіляюцца да польска-літоўскага боку.

У цэнтры палатна знаходзіцца князь Вітаўт; без брані і шлема, апрануты ў чырвоны жупан, з мітрай на галаве. У раскінутых і ўзнесеных руках трымае меч і шчыт у трыумфальным жэсце.

З левага боку карціны знаходзіцца крыжацкі магістр Ульрых фон Юнгінген. Ён прыбраны ў белы плашч з чорным крыжам на грудзі. З выразам сполаху на твары абараняецца перад атакай двух ваяроў. Далей па левым баку спяшаецца яму на дапамогу князь Шчэцінскі. Імчыцца ён на чорным кані, у шлеме з паўлінавымі пёрамі. Абаронцу, аднак, атакуе польскі рыцар з дзідай — Якуб Скарбік з Гары. Гермік жа ў сваю чаргу схапіў за лейцы каня, на якім сядзеў князь шчэцінскі Казімір V.

Збоку ля загінуўшага крыжацкага магістра можна ўбачыць барадатага старца. Гэта камандор эльблонгскі Вернер Тэтынген. У сярэдзіне, унізе карціны ляжыць вялікі камандор Конрад Ліхтэнштэйн, які памірае.

З левага боку ўверсе, за князем Вітаўтам ідзе барацьба за нямецкую харугву, якую паляк выдзірае ў немца. Затое па правым баку можна ўбачыць рыцара з польскім штандарам. Гэты сцяг горда лунае на ветры, у той час, калі нямецкі ваяр хіліцца да зямлі. Гэта з'яўляецца сімвалам канчатковай перамогі палякаў.

З правага боку палатна цэнтральным пунктам з'яўляецца рудабароды асілак у зброі: камандор брандэбургскі Марквард фон Зальцбах. Яго конь падае якраз у той час, калі сам камандор ахоплены канатам татараў.

Наперадзе відаць вусатая постаць чэшскага рыцара Яна Жыжкі ў зброі, які адной нагой стаіць на зямлі, а другой — на паваленым праціўніку. Жыжка падняў меч угору, каб нанесці апошні ўдар ворагу — Генрыху фон Швельборну, тухольскаму камандору. У гэты час перашкаджае яму постаць у цёмным убранні, якая намагаецца нанесці ўдар паляўнічым нажом.

Завіша Чорны прадстаўлены ў фіялетавым убранні, без шлема; атакуе, узброены турнеевай дзідай.

Гісторыя карціны[правіць | правіць зыходнік]

У лютым 1878 года Матэйка прадаў карціну за 45 000 злотых пану Расенблюму з Варшавы[3]. Першая выстаўка была адчынена 28 верасня 1878 года ў залах кракаўскага Гарадскога Урада. У тым самым годзе палатно было перавезена з Кракава на выстаўку ў Вену, а ў 1880 было прэзентавана ў Варшаве. Пасля карціна была паказана па чарзе на мастацкіх выстаўках у Пецярбургу, Берліне, Львове і Бухарэсце. У красавіку 1880 палатно знайшлося ў Парыжы, а потым вярнулася ў Варшаву, дзе назаўжды стала экспанатам у Нацыянальнай Галерэі Падтрымкі Мастацтва.

У 1902 годзе карціна была выкуплена ў нашчадкаў Разенблюма і перададзена ў якасці ахвяравання да збораў Музея Таварыства Падтрымкі Выяўленчых Мастацтваў у Варшаве. У перыяд Першай сусветнай вайны карціна, у мэтах бяспекі, была вывезена ў Маскву. У Польшчу вярнулася ў 1922 годзе і была размешчана ў Варшаве[3].

У верасні 1939 года, у час навін пра надыход у сталіцу нямецкіх войскаў, было прынята рашэнне аб эвакуацыі і схове карціны — знаходжанне яе ў Варшаве пагражала яе знішчэннем па прычынах бомбавых налётаў ці мэтанакіраванага знішчэння немцамі. Палатно было скручана, запакавана ў спецыяльныя скрыні, пагружана на доўгую платформу і разам са Станіславам Радзецкім-Мікулічам (адміністрацыйным дырэктарам галерэі), мастаком Станіславам Эйсмандам (віцэ-прэзідэнтам «Падтрымкі») і яшчэ адным мастаком Баляславам Сурала, было накіравана ў Люблін.

9 верасня 1939 а 7.00 ахова з карцінай пад'ехала да Люблінскага Музея, дзе была перададзена інтэнданту музея, прафесару Уладзіславу Войдзе. У час падарожжа, у выніку нямецкай паветранай атакі на Люблін, адна з бомб трапіла ў музей і забіла дзвюх асоб, якія суправаджалі канвой — Станіслава Эйсмонда і Баляслава Сурала.

Пасля паражэння Польшчы люблінскае гестапа распачало інтэнсіўныя пошукі карціны. Міністр прапаганды III Рэйха Ёзэф Гебельс прызначыў узнагароду ў 2 000 000 нямецкіх марак за знаходку палатна ці звестак пра месца яго знаходжання. Першапачаткова прадстаўнікі гестапа спрабавалі падкупіць прафесара Войду ўзнагародай, нямецкім грамадзянствам і пашпартам у Германію, пасля пагражалі пазбавіць жыцця — Войда ўпэўнена адмаўляўся супрацоўнічаць. У рэшце рэшт польскае радыё ў Лондане пакінула ілжывыя звесткі пра тое, што «Бітва пад Грунвальдам» перапраўлена ў Вялікабрытанію. Толькі тады немцы спынілі свае пошукі карціны.

Прафесар Войда пасля арганізаванага фікцыйнага вывазу карціны з Любліна, зробленага з мэтай замесці сляды, абмежавання кола асоб, якія ведаюць пра палатно і месца яго знаходжання, і пасля новага ўпакавання на спецыяльна сканструяваны рулон, вырашыў ізноў схаваць «Бітву пад Грунвальдам» у адной з вёсак пад Люблінам, дзе карціна і прабыла да моманту вызвалення горада Чырвонай Арміяй у 1944 годзе. Потым карціна была адкапана і здабыта з зацэментаванага раней саркафага і 17 кастрычніка 1944 афіцыйна прынята кіраўніком ведамства культуры і мастацтва пры ПКНВ. Пасля першапачатковага ачышчэння і перавозу карціны ў Нацыянальны Музей у Варшаве яна была рупліва адрэстаўравана пад кіраўніцтвам прафесара Багдана Марцоніна. У хуткім часе палатно размясцілі ў Нацыянальным Музеі ў Варшаве, як сталы экспанат экспазіцыі, дзе карціна і знаходзіцца да сённяшняга дня.

У 2010 годзе карціна павінна была быць паказана на Вавелі на выстаўцы «У знак цудоўнай перамогі» з нагоды 600-й гадавіны бітвы пад Грунвальдам, аднак яна знаходзілася ў дрэнным стане і таму не была паказана ў Кракаве[4]. Дарота Ігнатовіч-Вазнякоўская, галоўны рэстаўратар Нацыянальнага музея ў Варшаве, ацаніла, што рэстаўрацыйныя працы каштавалі прыкладна 1 млн злотых. Прафесар Іосіф Шаняўскі, які браў удзел у аглядзе карціны, звярнуў увагу на патрапаныя куты і краі, разыходзячыя ніткі, а месцамі адна парахня. Да таго ж месцамі палатно пакрыта трыма ці чатырма слаямі лаку, пакладзенага часта няроўна, і пад якім бачны бруд, які псуе каларыстыку[5]. З 90 км нітак 32-асабовая група гафтароў аднавіла карціну, пабіўшы сусветны рэкорд[6], а адна асоба аднавіла палатно ў выглядзе барэльефа з драўніны, вагай 15 тон, што стала чарговым сусветным рэкордам.

Персанажы[правіць | правіць зыходнік]

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

Чалавек у львінай шкуры, які б'е магістра Ульрыха фон Юнгінгена, трымае ў руках Дзіду Лонгіна, ці Дзіду Лёсу.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Jan Kopczewski, Mateusz Siuchniński, Grunwald. 550 lat chwały, PZWS, Warszawa, 1960 (польск.) 

Зноскі

  1. Jan Matejko — Polski Serwis Naukowy (польск.) 
  2. И. Долгополов. Мастера и шедевры. Т. 1, с. 491. М., 1986
  3. 3,0 3,1 GRUNWALD. Jak malował Jan Matejko (польск.) 
  4. Agnieszka Kowalska. Bitwę o 'Grunwald' wygrali konserwatorzy. Obraz zostaje w Warszawie. «Gazeta Wyborcza Stołeczna» (2010-01-29) (польск.) 
  5. «Bitwie pod Grunwaldem» Matejki grozi katastrofa. «Miejscami samo próchno». «Dziennik Gazeta Prawna» (2010-02-03)(польск.) 
  6. Haftowana «Bitwa pod Grunwaldem»

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]