Вавель
Вавель (польск.: Wawel — узгорак) — замкавы комплекс на аднайменным узгорку ў горадзе Кракаў, старажытнай сталіцы Польшчы. Знаходзіцца на левым беразе Віслы, на поўдні ад Старога горада.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У пачатку 9 ст. тут існаваў умацаваны горад. З 11 ст. да 1564 Вавель — галоўная каралеўская рэзідэнцыя. Вядомы комплексам помнікаў архітэктуры 10—17 ст.: ратонда Дзевы Марыі (2-я палова 10 ст.), каралеўскі замак (13—17 ст.) з рэнесансавым аркадным унутраным дваром (1502—1516, архітэктар Ф. Ф'ёрэнціна, Б. Берэчы), заламі ў стылях готыкі, рэнесансу і барока (у т.л. «Пасольская» зала з разной столлю, упрыгожанай т. зв. Вавельскімі галовамі, 1531—35 і з 1925, скульптар К. Дунікоўскі), гатычны кафедральны сабор (14 ст., магільны склеп польскіх каралёў, епіскапаў і вядомых дзеячаў нацыянальнай гісторыі — А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, Ю. Пілсудскага, Т. Касцюшкі і інш.) з раманскай крыптай св. Леанарда (каля 1100), рэнесансавай капліцай Жыгімонта I (1517—33) і шматлікімі надмагіллямі (работы Ф. Штоса, Яна Міхаловіча і інш.). У замку — Дзяржаўныя мастацкія зборы (у т.л. вавельскія габелены; звон Жыгімонта). У архіве каштоўныя рукапісы 12 ст.
Вавель занесены ЮНЕСКА y спіс сусветнай спадчыны.
Храналогія[правіць | правіць зыходнік]
- 1290—1300 — кароль Вацлаў ІІ узвёў першыя мураваныя пабудовы.
- XIV ст. — кароль Казімір Вялікі перабудаваў замак у стылі готыкі.
- 1499 — замак спустошаны пажарам. Аднаўленне распачаў Аляксандр Ягелончык.
- 1595 — чарговы пажар, працы па аднаўленні давялося пачынаць зноў.
- 1702 — новае зруйнаванне замку ад шведскага войска падчас Паўночнай вайны.
- 1724—1728 — спробы аднаўлення замку, не даведзеныя да завяршэння.
- Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай замак адрамантаваны, у ім размяшчаецца казарма для аўстрыйскіх войскаў.
- 1905 — распачатыя рэстаўрацыйныя працы.
Музей[правіць | правіць зыходнік]
Замак — вядомы музейны цэнтр Польшчы. У яго запасніках ёсць калекцыі зброі, габеленаў, гістарычных дакументаў, звязаных з дзяржаўніцкай дзейнасцю Гугі Калантая і стварэннем Канстытуцыі 3 мая.
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
![]() |
Вавель на Вікісховішчы |
---|