Пруская даніна (карціна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ян Матэйка
Пруская даніна. 1879-1882
Матэрыял алейныя фарбы і палатно
Памеры 388 × 785 см
Нацыянальны музей у Кракаве
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Пруская даніна» (польск.: Hołd pruski) — карціна польскага мастака Яна Матэйкі.

Карціна скончана ў 1882 годзе і адлюстроўвае падзеі 10 красавіка 1525 года. У гэты дзень герцаг Альбрэхт Гогенцолерн прынёс васальную прысягу польскаму каралю. Матэйка ўвекавечыў гэту значную гістарычную падзею падчас праўлення дынастыі Ягелонаў, якая сведчыла аб трыумфе польска-літоўскай зброі і дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы.

Гістарычныя постаці на карціне[правіць | правіць зыходнік]

Па цэнтру карціны размешчана выява вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Старога і ўкленчыўшага перад ім Альбрэхта Гогенцолерна. Жыгімонт Аўгуст прадстаўлены як пяцігадовы хлопчык, апрануты ў чырвонае, якога прытрымлівае Пётр Апалінскі, охмістр двара. У ролі Апалінскага Матэйка намаляваў прафесара гісторыі Ягелонскага ўніверсітэта Юзафа Шуйскага. Матэйка намаляваў 31 постаць тагачаснага палітычнага жыцця. Вось некаторыя з іх:

  • У біскупскай мітры біскуп Кракаўскі Пётр Таміцкі.
  • Мужчына, які трымае ўгору меч — Геранім Ласкі, пляменнік архіепіскапа Яна Ласкага, дыпламат.
  • Княгіня Ганна, кіраўніца Мазавецкага княства (яна памерла ў 1522 г., адмыслова змешчана на малюнак Матэйкам, каб падкрэсліць сувязь гэтай зямлі з Польшчай).
  • Януш — апошні мазавецкі князь роду Пястаў. Ён нечакана памёр у 1526 годзе.
  • Ядвіга Ягелонка, дачка Жыгімонта Старога ад яго першай жонкі Барбары Заполья. Яе шлюб з князем Янушам быў запланаваны. Смерць князя разбурыла гэтыя планы.
  • Малюнак каралевы Боны Сфорца Матэйка выканаў, намаляваўшы сваю жонку — Тэадору.
  • З узнятай правай рукой прадстаўлены Пётр Кміта-Сабенскі, вялікі маршалак каронны і кракаўскі ваявода.
  • З каралеўскай дзяржавай стаіць Крыштаф Шыдлавецкі, вялікі каронны канцлер, дарадца караля па знешняй палітыцы.
  • Анджэй Тэнчынскі (трымае харугву) — кракаўскі харунжы, пазней кракаўскі кашталян.
  • Прэдслаў Ланцкаронскі (на кані), стараста хмяльніцкі.
  • Пажылы мужчына, які падкручвае вусы, — князь Канстанцін Астрожскі, вялікі гетман літоўскі, троцкі ваявода, віленскі кашталян.
  • Ян Амар Тарноўскі (у шлеме), ваявода кракаўскі, пазней вялікі гетман каронны. Прафесар Ягелонскага ўніверсітэта, гісторык літаратуры Станіслаў Тарноўскі і біёграф Матэйкі пазаваў для гэтага партрэта.
  • Мужчына, які бярэ манеты — Анджэй Касцялецкі, маршалак надворны, падскарбі вялікі каронны, умела кіраваў дзяржаўнымі фінансамі.
  • Мікалай Фірлей, кракаўскі кашталян (паміж Крыштафам Шыдлавецкім і Анджэем Тэнчынскім).
  • Архібіскуп Ян Ласкі (за Пётром Таміцкім).
  • Альберт Гаштольд, канцлер Вялікага Княства Літоўскага, ваявода віленскі (пасля Яна Ласкага). Кароль даручыў яму нагляд за падрыхтоўкай Літоўскага статута. Яго прысутнасць на малюнку павінна сімвалізаваць мудрасць караля — заканадаўцы.
  • Ніжэй караля ляжыць блазан Станчык. Яго неспакойны твар сумняваецца, што гэта канчатковая перамога (Прусія пазней была адной з удзельніц падзелу Рэчы Паспалітай).
  • Спадчыннік трона — Жыгімонт Аўгуст — гуляе з ланцужком, які кароль павінен уручыць вялікаму магістру. Гэта можа азначаць гульню з лёсам Прусіі, які ў будучыні стане трагічным.

Долу, у левым куце выявы з дакументам, на якім каралеўская пячатка, стаіць Барталамей Берэці — архітэктар і стваральнік рэнесансавага каралеўскага замка на Вавелі. Яго твар — адзін з двух на карціне аўтапартрэтаў Яна Матэйкі. Другі — твар каралеўскага блазна Станчыка.

Формы будынкаў на Галоўным рынку, зафіксаваныя на малюнку, супярэчаць фактычным забудовам[1]. Матэйка намаляваў фрагмент Сукенніц у стылі рэнесансу, хаця яны набылі такую ​​форму толькі ў 1555 годзе пасля пажару, які знішчыў будынкі ў яго былым гатычным стылі.

Зноскі

  1. Komorowski Waldemar, Sudacka Aldona. Rynek Główny w Krakowie. — Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich. — 81 с. — ISBN 978-83-04-04992-5.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Halina Blak, Stanisław Grodziski: Hołd pruski-obraz Jana Matejki. Wydawnictwo Literackie, Kraków 1990.
  • Halina Blak: Hołd pruski Jana Matejki. Warszawa 1977.
  • Hołd pruski. Matejko — Wawelowi — Wawel Matejce, Zamek Królewski na Wawelu, Kraków 2009.