Дзеці Біяфры (эскадрылля)
Дзеці Біяфры | |
---|---|
Гады існавання | з мая 1969 па студзень 1970 |
Краіна | Біяфра |
Тып | эскадрылля |
Складаецца з | шведы, ігба, партугальцы |
Рыштунак | 9 Malmö Flygindustri і 12 T-6G «Харвард» |
Войны | Грамадзянская вайна ў Нігерыі |
Камандзіры | |
Вядомыя камандзіры | Карл Густаў фон Розен |
Дзеці Біяфры[1], таксама Немаўляты Біяфры[2] — неафіцыйная назва[1] падраздзялення ВПС Біяфры, якое складалася з наёмных лётчыкаў і этнічных ігба.
Стварэнне
[правіць | правіць зыходнік]Ля вытокаў эскадрыллі стаяў шведскі лётчык Карл Густаў фон Розен. Страшныя карціны вайны ў Нігерыі — забітыя дзеці і жанчыны, разбураныя гарады, паўсюдны голад — аказалі на пілота шокавае ўражанне. Фон Розен вырашыў абвясціць федэральнаму ўраду сваю асабістую вайну. Швед звярнуўся да палкоўніка біяфрыйскіх сепаратыстаў Чуквуэмека Адумегву Аджукву з прапановай сабраць ударную эскадрыллю. У каманду фон Розена ўвайшлі чацвёра яго суайчыннікаў і трое ігба[3]. Сярод замежнікаў былі як пілоты, так і тэхнікі, у тым ліку Гунар Хаглунд, Марцін Ланг, Сігвард Торстэн Нільсен і Бенгст Вейц[2].
Па прапанове фон Розена біяфрыйцы вырашылі набыць некалькіх шведскіх лёгкіх навучальных самалётаў, якія ў Афрыцы празвалі «мініконы», абсталяваных двума блокамі 68-мм некіравальных ракет MATRA. Урад Танзаніі, які падтрымліваў сепаратыстаў, звярнуўся з просьбай да кампаніі Malmö МFI-9В, атрымаўшы ад фірмы патрэбныя машыны. З Танзаніі іх перагналі ў Францыю, дзе мясцовыя тэхнікі абсталявалі самалёты пускавымі ўстаноўкамі ракет, замянілі электрыку, паставілі дадатковыя бакі. Потым тэхніку адправілі ў Лібрэвіль, а адтуль перагналі на сакрэтны аэрадром у бушы Габона. Затым ноччу яны пераляцелі праз мора на сакрэтную ўзлётна-пасадачную паласу ў Біяфры. Пазней было закуплена яшчэ чатыры «мініконы»[3].
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]22 мая 1969 года эскадрылля нанесла свой першы ўдар, атакаваўшы аэрадром горада Порт-Харкорт. 24 мая «Дзеці Біяфры» разбамбілі Бенін-Сіці, 26 мая — Энугу. 28 мая самалёты фарміравання вывелі са строю электрастанцыю ва Угелі. 30 мая яны здзейснілі налёт на Калабар. Найміты сцвярджалі, што імі былі знішчаныя або пашкоджаныя не менш за 12 самалётаў нігерыйскіх ВПС, у тым ліку два МіГ-17 і тры Іл-28. Улады ўсё адмаўлялі і заяўлялі аб мінімальнай шкодзе[1].
Напярэдадні апошняга рэйду паведамленні аб паветраных аперацыях «Дзяцей Біяфры» з’явіліся ў міжнародных СМІ. У МЗС Швецыі неадкладна запатрабавалі, каб суайчыннікі вярнуліся на радзіму. Фон Розена сустрэлі як нацыянальнага героя, распачатае супраць яго расследаванне было спынена. Праз месяц з яшчэ адным шведскім пілотам ён вярнуўся ў «гарачую кропку», дзе рыхтаваў біяфрыйскіх лётчыкаў, але ў баях больш не ўдзельнічаў, а ў эскадрыллю набралі мясцовых авіятараў[1][4].
У канцы лета—пачатку восені біяфрыйцам атрымалася закупіць дванаццаць вучэбна-баявых самалётаў T-6G «Харвард». Касцяком эскадрыллі сталі найміты-партугальцы Артур Алвіс Перэйра, Хасэ Эдуардэ Перальта і Арманда Кро Брас. Яшчэ адзін пілот — Гіль Пінта дэ Сауса — пры пералёце ў Біяфру збіўся з курсу, сеўшы на тэрыторыю, кантраляваную федэральным урадам, і трапіў у палон. Эскадрылля здзейсніла мноства баявых вылетаў, але самалёты хутка выходзілі з ладу, а запчастак не было. На апошнім спраўным «Харвардзе» Перэйра паляцеў у Габон, ужо пасля таго як па радыё абвясцілі аб капітуляцыі Біяфры[5].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г Коновалов 2015, p. 86.
- ↑ а б Кондратьев 2016, p. 47.
- ↑ а б Коновалов 2015, p. 85.
- ↑ Кондратьев 2016, pp. 47–48.
- ↑ Кондратьев 2016, p. 48.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кондратьев, П.С. (2016). "Европейцы на фронтах Биафры (1967–1970 гг.)". № 2 (36). Вестник ЯрГУ.
{{cite journal}}
:|volume=
мае залішні тэкст (даведка); Шаблон цытавання journal патрабуе|journal=
(даведка) - Коновалов, И.П. (2015). Солдаты удачи и воины корпораций : История современного наёмничества. Пушкино: Центр стратегической конъюнктуры. ISBN 978-5-9906069-7-5.