Дзядно (Гомель)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Спуск з вуліцы Партовай на вуліцу Падгорную. Верагодная тэрыторыя колішняга яра Дзядно (кастрычнік 2012 г.).
Спуск з вуліцы Партовай на вуліцу Падгорную. Імаверная тэрыторыя колішняга яра Дзядно (кастрычнік 2012 г.).

Дзядно (або Дзедна) — глыбокі яр са стромкімі абрывамі, які да 1930-х гг. існаваў на схіле высокага карэннага берага ракі Сож у Гомелі[1]. Знаходзіўся на паўночным усходзе гістарычнага раёна «Каўказ», прыблізна ў раёне між сучаснымі вуліцамі Тэльмана, Партовай і Падгорнай. Быў знівеліраваны ў пачатку 1930-х гг. падчас будаўніцтва гомельскага рачнога порта[2]. Магчыма, на частцы ранейшай тэрыторыі яра Дзядно пралягае сучасны лесвічны спуск ад вуліцы Партовай да вуліцы Падгорнай.

Паходжанне і назва[правіць | правіць зыходнік]

Яр Дзядно з’яўляўся рэшткай рэчышча старажытнай рэчкі, якая, імаверна, упадала ў возера Дзядно — затоку ракі Сож. Менавіта з назвай азначанага возера, першая пісьмовая згадка якога адносіцца да 1560 г. (старабел.: «Дѣдно озеро»)[3], звязана ўзнікненне назвы яра. Аднак невядома, ці мела рэчка, якая ўтварыла яр Дзядно, такую ж назву. Ручай Дзядно, «впадающій въ озеро того же названія», паводле крыніц ХІХ ст., працякаў па лугавой даліне[4][5] (сучасны Мельнікаў Луг). Картаграфічныя матэрыялы ХІХ — першай трэці ХХ ст. не даюць адказу на пытанне аб часе, калі назва «Дзядно» замацавалася за адным з гомельскіх яроў.

Навукоўцы схіляюцца да славянскай этымалогіі слова «Дзядно» («Дзедна»). Корань «дзед» у назвах яроў і водных аб’ектаў звычайна тлумачацца як абазначэнне старыц, заток і рукавоў рэк[1].

У пераліку аб’ектаў, якія ўваходзілі ў склад 2-й паліцэйскай часці Гомеля па стане на 1914 г., мясцовасць фігуруе як «Оврагъ Дѣдко»[6] (з'яўленне літары «к» у назве напэўна звязана з памылкай друку).

Размытыя моцнымі дажджамі 18—19 жніўня 1917 г. схілы Дзядна пачалі спаўзаць, што вымагала іх тэрміновага ўмацавання. Гарадское самакіраванне выдаткавала на гэтыя патрэбы 4 тысячы рублёў. Ускласці адказнасць за здарэнне на мясцовых асенізатараў не ўдалося — тыя запрасілі павелічэння платы за сваю працу[7].

Зноскі

  1. а б Рогалев, А.Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 78.
  2. "Кавказ" в плену : (история строительства Гомельского порта) / Д. Аллан, Мих. Пирожников, В. Розкин. — Гомель, 1933.
  3. Рэестр рэвізіі гаспадарскай Гомельскай воласці, 1560 г.
  4. Военно-статистическое обозрение Российской Империи / [Текст]. — Санкт-Петербург : в типографии Департамента Генерального Штаба , 1848-1858. — Т. 8, ч. 3: Могилевская губерния . — 1848. — Отд. 2. — С. 26.
  5. Карта окрестностей местечка Гомеля снятая глазомерно в 1838 году
  6. Памятная книжка Могилевской губернии на 1914 год. — Могилев губ. : Губернская типография, 1914. — Отд. III, С. 75.
  7. Мятліцкая, В. М. На паграніччы эпох і дзяржаў. Старонкі гісторыі Гомеля (1917—1918) / Валянціна Мятліцкая. — Гомель : Барк, 2021. — С. 77.