Гамяюк

З пляцоўкі Вікіпедыя
Гамяюк
Размяшчэнне
Водная сістэма Сож
Краіна
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Сажалка на ручаі Гамяюк, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль

Гамяюк (або Гаміюк) — глыбокі яр у цэнтральнай частцы Гомеля, рэчышча колішняга правага прытока Сожа.

Паходжанне і назва[правіць | правіць зыходнік]

Гамяюк з’яўляецца адным з найбуйнейшых яроў, утвораных старыжытнымі ручаямі ці рэчкамі, якія бралі свой пачатак з возера ледавіковага паходжання, вядомага ў ХІХ — сярэдзіне ХХ ст. як Гарэлае балота (знаходзілася ў раёне цяперашняга чыгуначнага вакзала). Ад назвы «Гамяюк» выводзіцца летапісная назва «Гомій» (згадваецца пад 1142 г.), якая з цягам часу эвалюцыянавала ў сучасную форму «Гомель»[1]. Мяркуецца, што слова «Гамяюк» азначае «рака, што цячэ ў яры». Пры гэтым корань «гом» інтэрпрэтуецца як праславянскі са значэннем «узвышша на ярам, нізінай», а суфікс «-юк» як «сцёрты» або старажытны інтэрнацыянальны геаграфічны тэрмін са значэннем «вада», «рака»[1][2].

Гістарычныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на меркаваную старажытнасць назвы, адны з першых пісьмовых згадак Гамеюка прыпадаюць толькі на сярэдзіну XVII ст. У «канфесатах» (пратаколах допытаў) палонных казакоў пад Гомелем ліпеня 1649 г. паведалялася аб планах паўстанцаў напасці «od Homejki, rzeki» («ад Гамейкі, ракі»)[3]. Рэляцыя аб аблозе Гомеля казакамі ў чэрвені 1651 г. паведамляе, што казацкія загоны, намагаючыся ўзяць Гомель, «у Гамяйку (Гамейцы) раз 15 на штурм хадзілі»[4]. Мяркуецца, што да Гамеюка ў другой палове XVIII ст. прылягала адно з гомельскіх прадмесцяў — Рэчыцкае падваллле. На плане Гомеля 1799 г. яр пазначаны подпісам «Оврагъ Гомѣюкъ», у яго нізоўі тады працякаў невялічкі ручай[5]. У XIX ст. на ніжняй частцы яра, адрэзанай ад яго верхніх рукавоў вуліцай, быў створаны рукачынны вадаём, які стаў упрыгожаннем парка Паскевічаў. Гэты вадаём, вядомы як «Лебядзіная сажалка», застаецца і сёння адным з маляўнічых куткоў гомельскага парка. Праз сажалку перакінутыя два масты — Верхні (пешаходны) і Ніжні ў выглядзе архаічнай аркі, з якіх можна назіраць за грацыёзнымі лебедзямі. Леў Вінаградаў у 1900 г. апісваў Верхні мост як даўгую ажурнай работы жалезную канструкцыю, перакінутую праз Гамяюк над векавымі дрэвамі, а Гамяюк называў ярам («оврагомъ»)[6]. Падобным чынам гэты мост апісваўся і ў кнізе Фёдара Жудро, Ісака Сербава і Дзмітрыя Даўгялы 1911 г., а Гамяюк менаваўся ровам («рвомъ»)[7]. Увесну 1941 г. рэчышча Гамеюка («древней гомельской реки Гомеюк») планавалі даследаваць і апісаць удзельнікі краязнаўчага гуртка 2-й Сталінскай школы Гомеля[8].

Перад адыходам нацыстаў з Гомеля 22-23 лістапада 1943 г. у Гамеюку — «на дне і па краях яра каля аранжарэй паблізу пешаходнага моста» — імі былі расстраляны 12 чалавек, якія ўхіляліся ад прымусовай эвакуацыі[9].

За верхнімі рукавамі Гамеюка замацавалася назва «Кагальны роў»[1].

Гістарычныя выявы[правіць | правіць зыходнік]

Сучасныя здымкі[правіць | правіць зыходнік]

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

  • Краявіды Гамеюка натхнілі расійскага паэта Фёдара Салагуба на стварэнне верша «***Тихо, тихо над прадедовским прудом», які быў наспісаны падчас перабывання аўтара ў Гомелі ў кастрычніку 1913 г.[10]
  • У рамане Івана Шамякіна «Сэрца на далоні» (19601963), дзеянне якога адбываецца ў абласным горадзе, прататыпам якога стаў Гомель, ёсць эпізод са шпацырам па парку і роздумамі галоўнага героя Кірыла Шыковіча. У тым ліку ён затрымліваецца на мосце над ровам, у якім выразна пазнаецца Лебядзіная сажалка ў Гамеюку: «На вузкім мосце цераз роў ён спыніўся. Падумаў, што было б, каб з такой вышыні скочыць у зялёную ваду сажалкі, дзе цьмяна адлюстроўваюцца неба і старыя дрэвы, парэнчы моста і горда выгнутыя шыі лебедзяў»[11].

Зноскі

  1. а б в Гомель: Энцикл. справ. / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. — Минск: БелСЭ, 1990. — С. 191.
  2. Рогалев, А. Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 65.
  3. 1649, липня 10. — Під Гомелем. — Конфесати чотирьох полонених повстанців, в тому числі і фрагмент конфесати військового писаря // Мицик, Ю. Albaruthenica / о. Юрій Мицик. — Київ : Інститут української археографії та джерелознавства ім. М. С. Гру­шевського НАН України, 2009. — С. 176.
  4. Документы об освободительной войне украинского народа. 1648—1654 гг. / Ин-т истории Акад. наук УССР. Архивное упр. при Совете Министров УССР. — Киев : Наукова думка, 1965. — С. 520. Дакумент у гэтым выданні быў апублікаваны ў перакладзе з польскай мовы на рускую, і адпаведны тапонім быў пададзены там у форме «в Гомейке».
  5. План местечка Гомля. Нынешнего его положения, со всею подробностию. Сочиненный 1799 года.
  6. Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг. / Л. Виноградов [Репринт. изд.]. — Гомель: КИПУП «Сож», 2005. — С. 41.
  7. Жудро, Ф. А. Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, и Д. И. Довгялло. — Вильна : Сев.-Зап. отд. Имп. Русского географического о-ва, 1911. — С. 8.
  8. Кужелев, Л. Новое в работе школы / Л. Кужелев // Советская Белоруссия. — 1941. — 9 апреля. — С. 2.
  9. Матэрыялы аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Гомелі. — Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. — Ф. 1345. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 137 адв.
  10. Сологуб, Ф. К. Собрание сочинений [Текст] / Федор Сологуб. — Санкт-Петербург : Сирин, 1913—1914. — Т. 17: Очарования земли [Текст] : стихи 1913 г. — 1914. — С. 15.
  11. Шамякін, І. Сэрца на далоні.